Мерапрыемствы да 75-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна пройдуць на працягу ўсяго 2016-га

Малюся я небу, зямлi i прастору

Мерапрыемствы да 75-годдзя з дня нараджэння народнага артыста СССР і Беларусі Уладзіміра Мулявіна будуць адбывацца на працягу ўсяго 2016 года. Удзел у юбілейных імпрэзах, прысвечаных славутаму музыканту, заснавальніку і больш за 30 гадоў нязменнаму кіраўніку легендарнага ансамбля «Песняры», прымуць вядучыя творчыя калектывы краіны.


З асаблівымі пачуццямі рыхтуецца да па- дзеі Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І. Жыновіча. Гісторыя яго ўзаемаадносін з музычнай спадчынай Уладзіміра Мулявіна даўняя, і сённяшні зварот да яе невыпадковы. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор калектыву, народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец расказвае, як яшчэ на пачатку 1970-х гадоў заснавальнік славутага аркестра Іосіф Жыновіч звярнуў увагу на маладога таленавітага музыканта Уладзіміра Мулявіна, адчуў, наколькі блізкі ён яму па духу, па творчасці, па цікавасці і адносінах да беларускай народнай песні. Разам яны нават выступалі некалі ў Маскве. Першае аддзяленне іграў аркестр пад кіраўніцтвам Жыновіча, на завяршэнне ў яго ж суправаджэнні гучалі «Спадчына» і «Хатынь» Ігара Лучанка ў выкананні «Песняроў». А другое аддзяленне — сольны канцэрт ансамбля.

Прайшло 40 гадоў, і ў выкананні ўжо сённяшняга аркестра, які носіць імя Іосіфа Жыновіча, музыка Уладзіміра Мулявіна адрадзілася зноў. Яна прагучыць і ў канцэртнай праграме, спецыяльна падрыхтаванай да яго юбілею, — рок-оперы «Песня пра долю» паводле паэмы Янкі Купалы і ў напісаных ім песенных творах. 

Выступленні з ёй запланаваны ў Магілёве, Вілейцы, Гродне і Беластоку.

Вялікі музычны праект рыхтуе і Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга. Прэм`ера адбудзецца ў час фестывалю беларускай паэзіі і песні ў Мала- дзечне.

— Менавіта наш аркестр суправаджаў апошнія канцэрты Уладзіміра Мулявіна ў Маскве ў час закладкі яго імянной зоркі і двойчы — у Мінску, — з гонарам гаворыць маэстра. 

Зараз музыканты рыхтуюць праграму, прысвечаную памяці Песняра, у якой прасочаць яго творчы шлях ад самага пачатку. Пакінутая Уладзімірам Мулявіным музычная спадчына, лічыць Міхаіл Фінберг, — гэта сапраўдная энцыклапедыя, яе можна вывучаць бясконца. Прызнаецца, што і сам многаму ў яго вучыўся, і перш за ўсё — беражліваму і паважліваму стаўленню да беларускай мовы. 

У маштабным плане, падрыхтаваным Міністэрствам культуры, прадугледжаны дзясяткі імпрэз і мерапрыемстваў з нагоды юбілею.

Вялікі канцэрт з удзелам артыстаў Беларусі і Расіі адбудзецца 12 студзеня, у дзень нараджэння Уладзіміра Мулявіна, на сцэне Бел-                дзяржфілармоніі. Выязная выстаўка экспанатаў музея Песняра будзе працаваць на «Славянскім базары ў Віцебску». У дапоўненым варыянце плануюць перавыдаць кнігу «Уладзімір Мулявін. Нота лёсу».

У тур па абласцях выедуць артысты Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага. У афішы — мінулагодняя прэм`ера «Пясняр» у пастаноўцы рэжысёра Валянціны Ераньковай. На працягу чэрвеня — ліпеня запланавана 10 спектакляў у Гродне, Брэсце, Гомелі, Магілёве, Віцебску. Дарэчы, у тэатры мараць паказаць «Песняра» і на радзіме Уладзіміра Мулявіна — у Свярдлоўску.

З выступленнямі па рэспубліцы адправіцца і Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры». 

— Уладзіміра Мулявіна няма з намі ўжо 12 гадоў, але яго актыўнае творчае жыццё працягваецца, яго творы жывуць у рэпертуары многіх калектываў і выканаўцаў, а гэта значыць, што Уладзімір Георгіевіч з намі, — гаворыць мастацкі кіраўнік ансамбля Вячаслаў Шарапаў.

«Песняры» зараз многа выступаюць, запланаваны канцэрты ў Расіі. Акрамя таго, артысты маюць намер заявіць пра сябе і нагадаць пра колішнюю сусветную славу сваіх папярэднікаў на ўсю Еўропу. Яны ўключыліся ў нацыянальны адбор на конкурс «Еўрабачанне-2016». Вячаслаў Шарапаў гаворыць, што вельмі хочуць, каб упершыню ад нашай краіны на конкурсе прагучала песня на беларускай мове.

З першых вуснаў

Ірына Дрыга, першы намеснік міністра культуры:

— Творчасць Уладзіміра Мулявіна — наш нацыянальны здабытак. Гэта адзін з тых складальнікаў, на якіх будуюцца нашы нацыянальная свядомасць, патрыятызм, грамадзянскасць. Беларус не па крыві, ён быў ім па сваёй душы, светапогляду, па сваім сэрцы. Шматлікія мерапрыемствы , якія рыхтуюцца з нагоды юбілею, будуць не толькі данінай павагі гэтаму вялікаму музыканту, але і нашым укладам у захаванне і ўзмацненне незалежнасці нашай дзяржавы, таму што ўсё створанае Уладзімірам Мулявіным абуджае і выхоўвае гонар за нашу краіну, за прыналежнасць да беларускага народа.

У тэму

З дзённікавых запісаў Уладзіміра Мулявіна: «Пясняр, па майму разуменню, — гэта не толькі ўласна прафесіяналізм. Гэта — лад жыцця, паводзін, думак, мыслення. Я ўсё сваё свядомае жыццё вывучаю Купалу, Багдановіча, Коласа, якія з`яўляюцца для мяне прыкладам. Напісаў на іх вершы шэсць праграм і шчаслівы, што не толькі дакрануўся да гэтай паэзіі, але і многа даведаўся пра гэтых лю-дзей».

Паводле слоў удавы Уладзіміра Мулявіна, актрысы Святланы Пенкінай, ён быў у захапленні ад беларускай мовы, а калі пыталіся, чаму ён на ёй не размаўляе, адказваў: яна настолькі цудоўная, што я магу на ёй толькі спяваць. 

Крыніцай натхнення для Уладзіміра Мулявіна заўсёды заставаліся творы Янкі  Купалы. Томік паэта ён адкрываў кожны раз, рыхтуючыся да стварэння новых музычных праграм, і кожны раз паўтараў: уся музыка — ужо ў гэтых вершах, нічога і сачыняць не трэба.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter