«Малюся я небу, зямлі і прастору…»

ВЫЙШЛА з цягніка на прыпынку «Вязынка», і адразу кінулася ў вочы аб’ява: «7 ліпеня а 12-й гадзіне Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка» запрашае на Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў «З адною думкаю аб шчасці Беларусі…» Безумоўна, мерапрыемства прымеркавана да 130-годдзя Янкі Купалы. Пойдзем на свята!

У гэтыя летнія дні ў Вязынцы асабліва гожа. Вось ужо сорак гадоў у пачатку ліпеня тут збіраюць гасцей, каб адзначыць дзень народзінаў нашага знакамітага паэта.

ВЫЙШЛА з цягніка на прыпынку «Вязынка», і адразу кінулася ў вочы аб’ява: «7 ліпеня а 12-й гадзіне Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка» запрашае на Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў «З адною думкаю аб шчасці Беларусі…» Безумоўна, мерапрыемства прымеркавана да 130-годдзя Янкі Купалы. Пойдзем на свята!

У МЕСЦЫ, дзе працякае рэчка, ад імя якой пайшла назва ўсёй гэтай мясціны, а, магчыма, яшчэ і таму, што па беразе воднай артэрыі раслі вязы, можна гуляць гадзінамі і натхняцца на творчасць…

Людзі спыняюцца ля помніка Купалу, каб пакланіцца паэту. Манумент — справа рук знакамітага скульптара Заіра Азгура. Помнік прыехаў сюды з Мінска ў 1972 годзе. А 7 ліпеня тут адбудзецца ўрачыстае ўскладанне кветак. У розных куточках Вязынкі — разнастайныя святочныя праграмы. На асноўнай пляцоўцы а 13-й гадзіне пачнецца канцэрт «Малюся я небу, зямлі і прастору…» У ім прымуць удзел такія знакамітыя калектывы, як Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча, Дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы і Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, салісты Андрэй Скарынкін, Дзмітрый Качароўскі, Андрэй Усанаў. А таксама Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі «Свята», фольк-медыя гурт «Неруш» БДУ, фальклорны ансамбль «Грамніцы» і фальклорны калектыў «Талака» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Заяўлены калектывы, якія выступаюць на асноўных рэспубліканскіх пляцоўках! Безумоўна, не прамінуць свята ў Вязынцы і пісьменнікі Беларусі.

Падрыхтаваны і літаратурна-музычная праграма «Адгукніся, душа!..», грамадска-культурная акцыя «Чытаем Купалу разам», выступленне фіналістаў конкурсу аматарскай песні «Купалаўскія вакацыі», аматарскіх фальклорных калектываў Мінска і Маладзечанскага раёна. Усяго не пералічыць! Госці змогуць наведаць экспазіцыю мемарыяльнага запаведніка «Вязынка», паглядзець і паўдзельнічаць у майстар-класах па ткацтве, вышыўцы, бісерапляценні, кавальстве, вырабе рэчаў з воўны і лялек-абярэгаў на кірмашы майстроў народных рамёстваў.

— Мы чакаем да пяці тысяч гасцей! — распавядае Ірына Трутнева, загадчык філіяла Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы «Вязынка». — Чакаем усіх, хто любіць Купалу, яго творчасць. Гэта свята ў нас праходзіць дзесяцігоддзямі, і яго некалі ў вёсцы называлі фестывалем. Людзі вельмі яго чакалі. Вядома, на свяце гучаць беларуская мова і песні. Жанчыны ходзяць ў народных строях. Проста пяе ўсё навокал! Цудоўныя майстры прыязджаюць, прадаюць самыя розныя свае вырабы.

Ведаю, калі я яшчэ тут не працавала, сюды прыязджалі «Песняры» на чале з Мулявіным, калі адзначалі стагоддзе Купалы. Тры з паловай гадзіны на сцэне гучалі песні толькі на словы класіка! Уяўляеце, якое гэта было ўражанне? Былі ў Вязынцы і дзяржаўны ансамбль танцаў, «Харошкі», «Чараўніцы».

Я лічу, што гэта свята — асаблівае. Вядома, юбілейныя мерапрыемствы — большыя па памеры, па размаху. Многа гадоў народзіны Купалы адзначалі камерна, а тут чакаем многа наведвальнікаў і прыхільнікаў творчасці Песняра…

Разгорнуцца тут і кніжны, і сувенірны кірмашы, і мадэлей самалётаў удзельнікаў конкурсу творчых работ «Мара», паводле верша Купалы «Хлопчык і лётчык». І выстаўка малюнка «Дзеці Дона малююць Беларусь» — твораў дзяцей з Растова-на-Доне, якія прыязджалі ў цэнтральны музей Янкі Купалы і там праводзіўся конкурс да 130-годдзя Купалы і Коласа. Павінен уразіць вялікі кірмаш народных майстроў.

ФІЛІЯЛ «Вязынка» адчыніў свае дзверы для наведвання ў 1948 годзе, а з 1972-га на тэрыторыі запаведніка да Купалаўскага свята праводзяцца Рэспубліканскія святы паэзіі, песні і народных рамёстваў. З 1976 года у Вязынцы збіраюцца ўдзельнікі традыцыйных злётаў — студэнты-філолагі БДУ.

— Трэці год запар правялі фінальны канцэрт конкурсу аўтарскай песні «Купалаўскія вакацыі» — фестываль бардаўскай песні, — кажа Ірына Трутнева.

У ВЯЗЫНЦЫ пачынаўся шлях Купалы, і музей запрашае, каб людзі, хто захоча, далей прасачылі і лёс паэта, і яго творчасць. І наведалі цэнтральны музей у Мінску, і філіялы ў Яхімоўшчыне, Акопах, Ляўках.

…Паглядзім экспазіцыю Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка!

Дом, які стаіць на месцы, дзе нарадзіўся Купала. Уваход, сенцы, і на два бакі — хата. У першай зале — літаратурная частка. Там мы бачым бацькоў паэта, экскурсаводы распавядаюць гісторыю сям’і Луцэвічаў. Аказваецца, некалі продкі Купалы мелі зямлю, яны нават лічыліся са шляхецкага роду. Але з цягам часу зямлю страцілі. Дзед Купалы судзіўся, спрабаваў нешта даказаць, але з Пецярбурга прыйшла яму вестка, што іх шляхецтва не зацвердзілі.

— Зямлю яны некалі мелі. Быў раней такі засценак Лазараўшчына, ці сёння Луцэвічы, на Уздзеншчыне, — кажа Ірына Уладзіміраўна.

Экскурсанты даведаюцца, як Луцэвічы трапілі ў Вязынку, як у бацькоў Купалы нарадзіўся хлопчык — Міколка. Ён вельмі рана памёр. Але засталіся звесткі, што хрысцілі яго ў касцёле ў Радашковічах. Як і будучага паэта.

…Тут жа выява Купалы ў 6 гадоў, ранейшых здымкаў няма.

У экспазіцыі падрабязна расказваецца пра Вязынку, як яна выглядала, што належала панам Замбжыцкім, у якіх было зямлі 350 гектараў. У архівах пазнаходзілі старыя здымкі з відамі Вязынкі.

— Зямля Замбжыцкіх не ўся была ворыўная, стаяла на ёй шмат будынкаў. І дом панскі, аж да 1952 года, і хлявы былі тут, і канюшні. І вось гэта хатка арандатараў, у якой мы знаходзімся, у якой жылі бацькі паэта і ў якой нарадзіўся Купала. Гэта хатка стаяла тут да 1972 года. Стаяла б і далей, проста ўжо згніла. І на яе месцы пабудавалі новую.

Пасля вайны прыязджала ў гэтыя мясціны жонка Купалы — Уладзіслава Францаўна. Менавіта яна стварала музей… Захаваўся на памяць фотаздымак, як у 1946-м яна сустракалася з сынам апошняга ўладальніка Вязынкі Замбжыцкім, які тут жыў. У 1946-м адчынілі мемарыяльную дошку, а ў 1948 годзе быў адчынены музей. Уладзіслава Францаўна і стала першым дырэктарам музея…

— Калі мы стваралі экспазіцыю, хацелі паказаць, што з Вязынкі ўсё пачыналася. У такіх жа маёнтках прайшло дзяцінства паэта, таму што Вязынка — тыповы фальварак. Сям’я Купалы жыла ў розных мясцінах — у Лагойскім, Барысаўскім, Мінскім раёнах. Але фактычна бацька ўсюды працаваў на чужых людзей, — працягвае Ірына Трутнева.

…У экспазіцыі паказаны мясціны, дзе потым жылі Луцэвічы. Тут жа выстаўлены скрыпка і дуда. Купале ж ад маці перадалася любоў да народнай песні, а яшчэ ў сваёй аўтабіяграфіі ён пісаў, што батрак Мартын навучыў яго граць на скрыпачцы. А на дудачцы і сам навучыўся. І потым, калі стаў паэтам, то многія свае вершы назваў песнямі: «Песня аб вясне», «Песня вольнага чалавека» і г. д.

— Гэтыя музычныя інструменты як бы сімвалізуюць песеннасць яго твораў. Больш чым 200 з іх пакладзена на музыку. Гэта знакамітыя песні, кантаты, араторыі, оперы, — кажа мой экскурсавод.

У літаратурнай зале паказана і свята Купалле, на якое хлопчык нарадзіўся, і ад гэтага свята пайшоў як паэт, таму нездарма выбраў свой псеўданім — Купала. Тут мы бачым яго вершы: «Заклятая кветка», «На Купалле». І купальскае кола — сімвал свята, упрыгожанае зёлкамі. Таму што ў такую ноч дзяўчаты плялі вянкі з траў, а хлопцы з дубовага лісця. І радкі з верша «Мая малітва»:

Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,

Распятаю буду маліцца душой,

Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі

Ўжо больш не шалелі

                                     над роднай зямлёй…

Купала звяртаўся, безумоўна, да творчасці народа. Ужо потым, калі стаў паэтам, многія легенды і паданні, якія ён слухаў, паэтычна перапрацаваў…

Тут жа паглядае на наведвальнікаў засяроджаны Купала. Яму 43 гады, час, калі прысвоена званне народнага паэта Беларусі.

ДРУГАЯ палова — мемарыяльная. Тут мы трапляем у ХІХ — пачатак ХХ стагоддзя, шмат рэчаў з тых часоў.

…На печы вісяць смачныя каўбасы, вязанка часнаку. Ёсць каўбасніца, каб рабіць дамашнія каўбасы. У пакоі, дзе ў 1881—1883 гадах жыла сям’я Луцэвічаў, узноўлены тагачасны інтэр’ер. Атмасферу даўняга побыту ствараюць аўтэнтычныя рэчы, якія збіралі ў ваколіцах Вязынкі.

— Калі ўзнаўлялі гэты пакой, то звярталіся да старажылаў. Яны расказвалі, што падлогі ў хаце не было, а ўтрамбаваная зямля. А так — тыповая беларуская хата. У асноўным у ёй самаробныя рэчы.

А ў будынку свірна, рэканструяванага ў 1992 годзе, запрашае экспазіцыя, якая расказвае пра народныя святы ў творчасці Янкі Купалы. Хто не бачыў, можа падзівіцца на ткацкі станок, такарны станок, льномялку, льночасалку… І рэчы, зробленыя з карчоў, на якіх падчас экскурсій, як на лаве, любяць пасядзець дзеці. Тут такая прахалода!

А творы такіх знакамітых мастакоў, як Паплаўскі, Шаранговіч, ці часта ўбачыце? А тут яны ёсць!

Між іншым, хто збярэцца ў Вязынку, хай ведае: уваходны білет на экспазіцыю для дарослых — 5 тысяч рублёў, дзецям — 2,5 тысячы, студэнтам — 3 тысячы. Экскурсія на групу да 20 чалавек каштуе 12 тысяч для студэнтаў і дзяцей, 16 тысяч — для дарослых. Вельмі танна!

Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

Фота аўтара

ДАРЭЧЫ

Давялося ў Вязынцы мне сустрэцца   і  з Валянцінам ЖУРКО, загадчыкам філіяла «Акопы». Ён расказаў:

— Мы ўжо сваё свята, прысвечанае 130-годдзю Купалы, правялі напрыканцы мая. Былі ў нас і сталыя паэты, такія як Раіса Баравікова, Віктар Шніп, і юныя таленты. Бо праходзіла свята паэзіі маладых літаратараў Міншчыны. Сабраліся і мясцовыя жыхары, і госці з іншых рэгіёнаў. Наладзілі канцэрт, які паставіў Лагойскі Дом культуры. Усё прайшло на досыць высокім узроўні!

Маці Купалы ў Акопах жыла 20 гадоў. А музей пабудавалі недалёка — у вёсцы Харужанцы Лагойскага раёна. Там побач жыла сястра Купалы — Марыя — са сваёй сям’ёй. Музей пабудавалі падобны да хаты ў Акопах. Ён вялікі. Мае пяць залаў з экспанатамі. Стаіць і помнік Купале. У Акопах засталіся сядзіба, сімвалічны зруб студні, камень, дзе паэт пісаў свае творы… Там шмат фотаздымкаў бацькоў Купалы, яго родных.

Чаму яго адкрылі толькі ў жніўні 1992 года? Там жа, у Акопах, у 1929-м прайшла калектывізацыя. І родных Купалы раскулачвалі. Ледзь не паехалі ўсе ў Сібір. І Купала з’ехаў бы. Ён у 1929 годзе быў на допыце ў следчага, а ў 1930-м напісаў ліст члену ЦК КПБ Чарвякову. Маўляў, мы ж не ворагі. І Чарвякоў дапамог. Некаторых родных Купалы ўжо везлі на Поўнач, і ў Барысаве, па загадзе Чарвякова, іх здымалі з цягніка…

А паколькі сям’ю раскулачвалі, то мясцовыя ўлады, напэўна, і баяліся казаць пра музей у Акопах. А пасля 1991 года ўсе паэты падняліся: «У Акопах і Купала, і яго бацькі пражылі столькі гадоў! Там шмат напісана твораў!» Тады і адкрылі філіял.

Між іншым, асаблівасць экспазіцыі ў Акопах — наяўнасць тэатральнай залы, бо менавіта там раскрыўся талент Купалы-драматурга.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter