Долгожителю из Столбцовских Налибок Яну Чарцу весной исполнится 105 лет

«Малюся, каб у жыцці нашчадкаў было менш дажджлівага надвор’я»

ДЗЯЦІНСТВА і юнацтва яго выпала на польскі перыяд уладання налібоцкім краем. Зведаў нямецка-фашысцкую акупацыю. У пасляваенны час займеў сям’ю. Пабудаваў дом. З жонкаю Браніславай Емяльянаўнай працавалі ў саўгасе. Выхавалі трох дачок. Амаль да ста гадоў Ян Юльянавіч шпарка ганяў на роверы. На пачатку вясны налібоцкаму аксакалу споўніцца 105 гадоў. Днямі наш карэспандэнт завітаў да старажыла ў госці.

Фота Уладзіміра СУБАТА

Якім выдаўся яго доўгі век? Перад уваходам у дом з высокіх прыступкаў ганка акідваю позіркам двор. На мяжы з суседскай сядзібай ухутаны снегавым покрывам калодзеж. З-за невысокай клеці віднеюцца дахі хлява і высокай аборы. Акружаюць пабудовы садовыя дрэвы. З-пад снегавых сумётаў тырчаць галінкі ягадных кустоў. 

Праз веранду і сенцы трапляю ў цёплы і ўтульны пакой. У прасторнай на чатыры акны зале на сценах абразы і рамкі з сямейнымі фотаздымкамі. 

Каля Яна Юльянавіча ўвіхаецца дачка Эма. Яна з сёстрамі Ірынай і Ганнай па чарзе гатуюць бацьку ежу, прыбіраюць у доме. Ірына і Эма з сем’ямі атабарыліся ў сталіцы. Ганна з мужам Феліксам засталіся ў родных Налібаках. Адведваюць дзядулю ўнукі і праўнукі. 

Абапіраючыся на кавельку, Ян Юльянавіч падышоў да стала і, узяўшы ў рукі фотаздымак, стаў пільна ўглядацца ў яго.

— Тут мы з унукамі і праўнукамі зняты ў дзень майго стагоддзя. За святочным сталом ледзьве ўціснуліся. Усе дзевяць унукаў маюць свае сем’і. Падрастаюць сямнаццаць праўнукаў. Быццам немалы дом, а як сабраліся ўсе — цесна.

Ян і Браніслава Чарцы. 1971 год.
— Даўно будавалі яго? 

— Амаль паўвека таму. Дочкі яшчэ былі незамужнія. Жылі ўсе разам у маленькай хатцы, якую пасля вайны купілі ў вёсцы Русакі і перавезлі ў Налібакі. На хутарах Налібоцкай пушчы нашы карані. Там кожную сцяжынку з маленства ведаў. Як сябе памятаю, не мог ні дня пражыць без пушчы. Яна з усіх бакоў акружала вёску. 

Падлеткам быў, але памятаю, як у дваццатыя гады мінулага стагоддзя заляталі ў наш глухі куток палякі на конях, урываліся нямецкія войскі. Вайна вайною, а мы на зямлі працавалі. Хлеб вырошчвалі, жывёлу гадавалі. Мне два гады было, як бацька памёр. Калі ў Русаках палякі адкрылі пачатковую школу, маці адправіла мяне вучыцца. 

— У будзённай вопратцы хадзілі ці мелі іншую?

— Насілі мы ў той час адзенне з даматканай льняной тканіны. На ногі абувалі скураныя боты. У зімовыя халады палатняныя порткі мянялі на цёплыя з самаробнага сукна. 

Школьная настаўніца Марыя Кастакудаўна размаўляла з намі толькі па-польску. У святы вадзіла да касцёла за пяць кіламетраў у мястэчка Хатава. На ўроках займаліся чытаннем, пісьмом, вучыліся складаць лічбы. Мне лягчэй давалася чытанне. Лёгка запамінаў на памяць вершыкі. I сам складаў іх. 

Ян Юльянавіч прыціх на момант, а потым пачаў выразна дэкламаваць на польскай мове вывучаныя ў далёкім дзяцінстве радкі. У вачах яго загарэўся агеньчык. Ад пачатку да заканчэння верша ён ні разу не збіўся. На стале і тумбачцы ляжалі кнігі, большасць з іх на польскай мове. Цудоўна ён валодае і беларускай мовай. Складаней даецца чытанне па-руску. 

Некаторыя яго аднагодкі пасля пачатковай польскай школы хадзілі за дзесяць кіламетраў у Рубяжэвіцкую вучэльню. Для Яна навука пасля трох класаў пачатковай школы закончылася. Трэба было дапамагаць аўдавелай маці. Старэйшыя браты Адам, Уладзя, Мікалай і сястра Зося працавалі ў пана. І дома спраў хапала. Трымалі пяць кароў, пару коней, свіней, невялікую атару авечак. Летам сена нарыхтоўвалі, зімою запасаліся ў пушчы дровамі. Часта малодшага Яна адпраўлялі на рубяжэвіцкі кірмаш прадаваць масла, яйкі. 

Крыўдзіла хлапчука, што яго равеснікі станавіліся побач з дарослымі мужыкамі ў пакос. А яму з-за маленькага росту давяралі толькі пасвіць статак. Кемлівы падлетак да сваіх кароў далучыў і суседскіх. Увосень з ім разлічыліся зернем, якое прадаў на кірмашы і купіў маленькую швейную машыну “Зінгер”. З ёю падаўся вучыцца кравецкай справе да рубяжэвіцкага майстра Дактаровіча. З чатырох вучняў Ян адзіны датэрмінова закончыў навучанне, за якое заплаціў амаль як за карову — 40 злотых. Вярнуўся дамоў і пачаў людзям шыць з сукна і палатна верхнюю вопратку. З аўчын выкройваў і шыў кажухі. 

— Заказы былі?

— Без працы не сядзеў. З раніцы і пакуль не змяркала краіў і ўвіхаўся за швейнай машынкай. Заробленыя грошы адкладваў на больш магутную швейную машынку. Налаўчыўся шыць фрэнчы, штаны-галіфэ, кіцелі, паліто. А як на вуліцу выходзіў з гармонікам Казік Гардзіеўскі, каля яго адразу збіралася моладзь. Кідаў свой занятак і ляцеў на гулянку. Мы прасіліся да гаспадароў вялікай хаты і там скакалі. Казімір такі заўзяты музыка, што ні адно вяселле без яго не абыходзілася. Так сталася, што ён захварэў на ногі і дактары абедзьве аднялі. Калі ачуняў, то зноў не раставаўся з гармонікам. Мы на руках яго насілі, і ён іграў. 

Ян Юльянавіч Чарэц з праўнукамі. 2012 год.

— Налібоцкі край асаблівы, багаты на прыродную даніну. Векавой пушчай валодалі магнаты. Ці мелі вяскоўцы магчымасць карыстацца лясным багаццем?

— Нашу вёску Русакі акружалі панскія землі. Часта па грэблі, што вядзе ў пушчу, пралятала пара сівых скакуноў, запрэжаных у карэту. Непадалёк ад хутара, на які мы перасяліліся на пачатку трыццатых гадоў мінулага стагоддзя, пачыналіся ўладанні пана Незабітоўскага. Маёнтак яго месціўся каля мястэчка Хатава. У нядзелю і ў святы ладна апрануты ўладар наведваў касцёл. З сялянамі ветліва вітаўся. У жніво маці з сястрою Зосяй працавалі на яго полі. Часта і мяне бралі з сабою. Запомнілася вельмі халоднае лета 1932 года. У світках жалі жыта. У тое лета мы пераносілі хату з вёскі на хутар. Пасля працы ў пана на дварэ запальвалі вогнішча і варылі вячэру. 

Браты касілі травы ў пана Радзевіча. Зараблялі на сенажаці па два з паловай злотых за дзень. За паўсотні злотых можна было купіць не самую лепшую карову. 

Панскі ляснік Кулік не ўсім дазваляў збіраць у пушчы ягады і грыбы. Мы ўпотайкі ласаваліся багатай лясною данінай. Восенню запасаліся арэхамі. Цяпер людзям добра — усім дазволена карыстацца гэтай кладоўкай. Звярам там раскоша. Сусед Генадзь восенню бачыў каля пушчанскай вёскі Клецішча мядзведзя. Гурты зуброў ходзяць вольна. Шмат ласёў, аленяў, дзікоў, баброў і іншай дзічы.

Пушча ратавала нас у ваеннае ліхалецце. Калі карніцкі атрад фашыстаў уварваўся ў вёску, мы з сябрам Юзікам Лысым уцякалі па жытнёвым полі да пушчы. Аўтаматная чарга касіла каласы, а мы без аглядкі ляцелі і выжылі. Маё усё жыццё звязана з пушчай. Ніколі не вяртаўся з гэтай багатай кладоўкі з парожнім кошыкам. Грыбнікамі сталі мае зяці, унукі.

— Пушчанскім паветрам дыхаць — не надыхацца. Мо таму і на доўгажыхароў багаты ваш край?

— Маіх аднагодкаў навокал няма. Калі я хадзіў у касцёл, то бачыў маладзейшых на дзясятак гадоў за мяне. Ужо даўно ў храме не быў. Ксёндз Мар’ян мяне адведвае. Веласіпед, без якога не мог абыходзіцца, паставіў на прычал. Усяму свой час. Нават у доме нічога не раблю. Дочкі ў мяне залатыя. І зяці выдатныя. Дом абаграваецца газам. Вада праведзена. Толькі радавацца і жыць. 

— А мо маеце свой сакрэт даўгалецця? 

— Ён просты — усё жыццё ў працы. Мясам не захапляюся. Люблю бульбу, розныя кашы, гародніну, малочныя прадукты. Не куру і гарэлкай ніколі не захапляўся. На святы магу пару стопак самаробнай налібацкай кульнуць. Раней у нашых вёсках ніхто яе не гнаў. Польскія ўлады саджалі самагоншчыкаў да двух гадоў за краты. У пасляваенныя гады з’явіліся самагонныя апараты. І я на сваё вяселле пяць малочных бідонаў хлебнай выгнаў. Сам рыхтаваў застолле. Маці не стала ў вайну. Амаль у сорак гадоў у рубяжэвіцкім касцёле абвянчаўся з Браніславай. Людзі яе адгаворвалі ісці замуж і за такога старога. А яна адказвала, што лепш за разумнага старога, чым за нягеглага маладога. Дзяўчына вырасла ў мяне на вачах. Нашы хутары былі побач. Яна на дванаццаць гадоў за мяне мала­дзейшая. Амаль паўвека пражылі душа ў душу. Ужо дваццаты год яе няма. Удаўцом сустракаю сваю 105-ю вясну. Так на нябёсах адмерана.

— Мінулае стагоддзе выдалася неспакойным. Як гэта адбілася на вашым лёсе? 

— У маладосці сабраўся з аднагодкамі на службу ў польскае войска. Хваляваўся, развітваючыся з роднымі. На падводах заехалі ў Стоўбцы. Там няўдала скочыў з павозкі, і ў жываце лопнула плява. На хуткім часе мяне даставілі ў бальніцу, і дактары ўратавалі. З вялікай радасцю вярнуўся дамоў, зноў заняўся кравецкай справай. А потым працаваў на смалакурні.

У першыя дні вераломнага нападу фашысцкай Германіі ваеннаабавязаныя мужчыны нашай мясцовасці атрымалі абвесткі прыбыць на прызыўны пункт у мястэчка Дзераўная. З сябрам дзяцінства Антонам Лысым адправіліся пешшу па выкліку. Мяне з-за нізкага росту не ўзялі на фронт. Не хапіла 8 сантыметраў. Праз тыдзень бацькі Антона атрымалі пахаванку на сына. 

Ваеннае ліхалецце перажыў на сваім хутары. Часта да нас за прадуктамі наведваліся з пушчы партызаны. Пасля вызвалення мясцовасці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вярнуўся на смалакурню. Потым перайшоў у саўгас. На падводзе вазіў у поле бочкі з палівам для трактароў. Працаваў у сталярным цэху гаспадаркі. Мне прапанавалі турыстычную пуцёўку на Каўказ. Рашыўся і паехаў. Убачыў Каспійскае і Азоўскае моры. Ледзьве дачакаўся заканчэння адпачынку і птушкай ляцеў да сям’і. 

— Ян Юльянавіч, што для вас самае кранальнае за доўгі век?

— Калі бачыў у вянчальных вэлюмах дочак. За два гады зладзіў усім траім вяселлі. Зяцю Юзіку касцюм з галіфэ пашыў. Дочкі і зяці дружныя. Радуюся ўнукам, праўнукам. Спадзяюся дачакацца прапраўнука. Малюся, каб людзі паважалі маіх нашчадкаў так, як мяне. Каб як мага менш у іх жыцці было дажджлівага надвор’я. 

— Дзякуй вам, шаноўны Ян Юльянавіч, за сустрэчу. Здароўя вам і прыемнага настрою.

ДАВЕДКА «СГ»

У Беларусі амаль 400 жыхароў пераадолелі стогадовы рубеж. Пераважная большасць іх – жанчыны, і толькі каля паўсотні – мужчыны. У асноўным пражываюць яны ў сельскай мясцовасці. Па колькасці доўгажыхароў лідзіруе Гродзенская вобласць, дзе іх каля сотні. Амаль аднолькавая колькасць стогадовых людзей на Віцебшчыне і Гомельшчыне і больш як паўсотні — у сталічнай вобласці. 

Старэйшай жыхарцы рэспублікі Марыі Вікенцьеўне Канановіч з валожынскай вёскі Лістапады ў маі споўніцца 115 гадоў. 

Стаўбцоўскі раён

Фота з сямейнага архіва Яна ЧАРЦА 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter