Малюнак на форзацы

Чым беларуская кніжная графіка здабыла сусветную славу?

Чым беларуская кніжная графіка здабыла сусветную славу?

Столькі казалі мы пра кнігі і пісьменнікаў у Год кнігі! Толькі вось пра мастакоў чамусьці ўвесь час забывалі. А між іншым, без іх працы немагчыма ўявіць ніводнае якаснае выданне. Ды і прыпомніце сябе маленькімі — з чаго звычайна пачыналася наша знаёмства з кнігай? Так-так, з пошуку цікавых ілюстрацый. Якая яна, беларуская кніжная графіка, расказвае наведвальнікам рэспубліканская выстава “Фэст кнігі”, якая праходзіць у мінскім Палацы мастацтваў. Карэспандэнт “НГ”, пазнаёміўшыся з кніжным фэстам, склала топ-5 цікавых і знакавых ілюстрацый беларускіх мастакоў.

Самыя знакавыя працы на выставе... пяцісотгадовай даўнасці. Не здзіўляйцеся. Як трапна заўважыў намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў, беларускі графік Рыгор Сітніца, фэст кнігі па сутнасці распачаўся яшчэ 500 гадоў таму, калі Францыск Скарына надрукаваў першую кнігу. Першадрукар наш, дарэчы, быў да таго ж вельмі добрым ілюстратарам. Яго графічныя працы і сёння здзіўляюць сваёй вытанчанасцю і сімвалічнасцю.

Сёння ўсё больш папулярнай у графікаў становіцца змяшаная тэхніка. Глядзіш на такія ілюстрацыі і не разумееш — а ў чым сакрэт? Таццяна Заяц, ілюструючы народную казку “Рукавічка”, нават газету выкарыстала! Графіка сучасных маладых аўтараў іншая. Нязвыклая. Шчыра кажучы, калі разглядала ілюстрацыі Андрэя Савіча да дзіцячай кнігі “Сабака і яго сакрэты”, падумала: паказаў бы мне хто такую кнігу ў дзяцінстве, я, напэўна, спалохалася б. Надта ж дзіўна бачыць рознакаляровага сабаку ды яшчэ з прамавугольнымі тулавам і вушамі. Аднак такі аўтарскі погляд.

Той, хто лічыць, што кніжныя ілюстрацыі — гэта проста невялічкія дадаткі да кнігі, якія не з’яўляюцца вялікай мастацкай каштоўнасцю, моцна памыляецца. Гэта ж сапраўдныя станковыя творы! Каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова пазнаёміцца з працамі Міхася Басалыгі. Вось яго ілюстрацыі да кнігі Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Колькі тут фарбаў і дэталяў! Адзін малюнак можна, здаецца, паўгадзіны разглядаць. Горад Гародня... Хтосьці пазяхае, прыкрываючы рот рукой, мужчыны аб нечым вядуць размову, жанчынка вядзе казу на кірмаш, а вунь глядзяць з мастка на Нёман закаханыя... Колькі тут дзеянняў і дэталяў! Нават можна разгледзець, як гуляюць недзе ўдалечыні на невялікай выспачцы хлопцы ў карты. Мастак працаваў над ілюстрацыямі год! Але, на жаль, кніга з імі пакуль не выйшла. Затое ілюстрацыі да “Дзікага палявання караля Стаха” ў выкананні Басалыгі, упэўнена, бачылі многія. Нават кіно не трэба — настолькі яркае ўяўленне пра герояў даюць нам ілюстрацыі.

Кніжныя ілюстрацыі сапраўды моцна дапамагаюць чытачу ўявіць герояў і асяроддзе, у якім адбываюцца дзеянні, а таксама “злавіць” настрой аўтара. Вось, напрыклад, ілюстрацыі Віктара Александровіча да паэмы Якуба Коласа “Рыбакова хата”. Колькі ў іх суму і трагізму. Бяднота вакол, сумныя твары і поўныя страху перад невядомай будучыняй вочы маленькага дзіцяці, якое, спавітае з ног да галавы, ляжыць на руках матулі. Выкананы ілюстрацыі ў тэхніцы літаграфіі (адбітак з каменю). Уяўляеце, колькі давялося працаваць мастаку?

Нашых графікаў вельмі добра ведаюць у свеце. Уладзімір Савіч, Мікола Селяшчук, Валерый Славук і многія іншыя могуць пахваліцца ўзнагародамі са шматлікіх міжнародных конкурсаў і фестываляў. А Павел Татарнікаў наогул адзіны мастак нашай краіны, двойчы ўганараваны самай прэстыжнай прэміяй Міжнароднай біенале “Залаты яблык”. Двойчы! У той час, калі па правілах конкурсу галоўная ўзнагарода можа ўручацца толькі адзін раз. Аднак для таленавітага беларуса зрабілі выключэнне. Яго ілюстрацыі да кніг “Рыцары і дойліды Гародні” Алеся Краўцэвіча, “Граф Монтэ-Крыста” Аляксандра Дзюма, “Кароль Лір” Шэкспіра, “Снежная каралева” Ганса Хрысціяна Андэрсана і многіх іншых сапраўды ўражваюць. Пагартайце — пераканаецеся самі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter