Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Мастак-беларус Вячаслаў Ігнаценка зрабіў у Кішынёве ў адзін месяц дзве персанальныя выставы

Малюе шмат, бо хочацца!

Недзе я чытаў: шчасце — гэта калі ты можаш рабіць тое, што табе хочацца. Мяркую, Вячаслаў можа часам дазволіць сабе такое вытанчанае шчасце. Пасля Новага года напісаў нам у рэдакцыю: “Вечарам 5 студзеня, у пятніцу, еду на дзевяць дзён у Рашкаў. Раблю сабе пленэр. Не лепшы час для працы на паветры, але — хочацца!” Калі ж глядзеў я на карціны, раней земляком там створаныя, то мне таксама ў той Рашкаў захацелася.

Вячаслаў Ігнаценка. “Рашкаў. Вячэрні звон”

На адной з карцін — бела-шэрыя валуны нібы паўзуць па схіле гары ў восеньскіх рашкаўскіх ваколіцах. І ўявілася мне: жыццё — зярнятка невялікае між камянямі, вялізнымі жорнамі Хачу і Трэба... Мы ўсе паміж імі — так і жывём. І расціраюцца ў коле дзён у пыл найлепшыя парыванні. Таму ў працы мастакоўскай, як і ў кожнай іншай, як ні круці, важна злавіць хвалю няўлоўнае асалоды ад таго, што робіш. І, каб жыццё не сышло пылам, вучыцца самому ствараць хвалю радасці, на яе настройвацца. Нават — наступаючы, як пісаў паэт, на горла ўласнае песні. Пакідаць свой звычны Кішынёў — і ехаць у Калядную пару ў непаўторны Рашкаў... Вячаславу, напэўна, перамолваць там ляноту ў творы мастацтва — і шчасце, і радасць.

Напрыканцы 2017-га ён зрабіў файныя мастакоўскія Дажынкі года. Пісаў: “Заўтра адкрываю 50-ю персанальную выставу ў Расійскім цэнтры навукі й культуры пад назваю “Рашкаў”. Гэта цудоўнае сяло на Днястры (а я ж родам з Дняпра!), дзе праходзяць мае пленэры. Працы развесілі, мяркую: выстава добрая. Усяго 25 твораў, але ж і плошча малая. У Рашкаве ёсць цудоўны касцёл на ўзвышшы і польскія могілкі, сцены былой сінагогі ды дзве мясціны з яўрэйскімі могілкамі, ёсць праваслаўная Троіцкая царква і разваліны іншай, дзе вянчаўся адзін з сыноў Багдана Хмяльніцкага. Гэта Прыднястоўе, а Рашкаў — вялікае, з багатай гісторыяй сяло (заснавана ў 1402 годзе). За савецкім часам, дарэчы, быў там калгас-мільянер. У Рашкаве жывуць добрыя людзі, ідуць — вітаюцца: і дарослыя, і дзеці. Гэтак жа і ў беларускай глыбінцы часам бывае!” Яшчэ мясцовыя жыхары цікава расказвалі мастаку пра падземныя хады, якія быццам бы праходзілі пад ракой, а іх парэшткі ёсць і ў дварах. Паказалі крыніцы з чысцюткай вадой.

Першы раз Вячаслава запрасілі на пленэр у Рашкаў у 2004-м. І заваражылі яго тамтэйшыя мясціны. З таго часу і ездзіць, робіць сабе пленэры ў розныя поры года: “А калі ж назбіралася прац, то як не зрабіць выставу? Хацелася адкрыць яе на дзень нараджэння, ды не лёс. А як бы я змог перайсці ў наступны год, маючы толькі 49 выстаў?”. Ну сапраўды: нейкая страшэнная дысгармонія... Мастак даслаў фотарэпрадукцыі з красамоўнымі назвамі: “Вячэрні звон”, “Ля сцен сінагогі”, “Троіцкая царква”, “Маладзік. Троіцкая царква”, “Рашкаўскія схілы” (тыя, з камянямі), “Рашкаў”, “Кастрычнік”, “Пакроўская царква” ды іншыя. Гэта каб я зразумеў, чаму так цягне мастака ў Рашкаў. Разумею, браце!

Праходзіла выстава “Рашкаў” пры падтрымцы Міхаіла Давыдава, кіраўніка Расійскага цэнтра навукі й культуры. Два гады таму, мы пісалі, у тым цэнтры была й выстава Вячаслава Ігнаценкі “Радзіма”. Традыцыя!

І крыху раней за “Рашкаў”, таксама ў снежні, у Музеі гісторыі горада працавала выстава “Храмы Кішынёва” — адкрывалася да Калядаў і Раства Хрыстова. Спецыяльна для яе, удакладніў мастак, нічога не ствараў: “Горад пішу даўно, таму адабраў творы, дзе ёсць выявы культавых будынкаў — яны й склалі экспазіцыю. Не парадныя ўваходы, не святочныя выявы, а такі будзённы погляд на гарадскія пейзажы. Ідзеш па вуліцы, бачыш за дрэвамі, дамамі-дварамі сілуэт купала, ці абрысы царквы на ўзвышшы — і прысутнасць іх сагравае душу. Назвы твораў: “Цвіце абрыкос”, “Бэз на вуліцы Кагульскай”, “Цёплы вецер”, “Мазаракіеўская царква”, “У чаканні зімы. Царква святога Георгія”, “Царква св. Харлампія”, “Вясна на Саборнай”. Атрымалася ўрэшце, што толькі шэсць, але найстарэйшых храмаў горада ёсць на карцінах, што ўвайшлі ў экспазіцыю”.

І месца для выставы — што трэба: Музей гісторыі горада Кішынёва месціцца (з 1971 года) у прыгожай воданапорнай вежы, збудаванай 130 гадоў таму па праекце архітэктара Бернацы. Раней то была вуліца Садовая, цяпер вежа — на вул. Мацяевіч, 60а. І Амбасада Беларусі недалёка: на Мацяевіч, 83/1. “З выставачнай пляцоўкі відаць амаль увесь горад, — удакладняе Вячаслаў. — Праз дарогу — Амбасада Беларусі. Дарэчы, выставы мае адкрывалі прадстаўнікі Амбасады, былі сябры-беларусы, мастакі...”.

...А яшчэ кажуць, што найлепшае шчасце — тое, якое ёсць з кім падзяліць. То — падзяляем, і радуемся з разам з табою, паважаны зямляк. Дарэчы, мы разам з Вячаславам абмяркоўваем і выяўленчы праект, які дапаможа вобразна-візуальнаму выяўленню глыбінных сэнсаў некаторых знакавых слоў малдаўскай і беларускай моваў. А таксама надзею маем: пабачыць назбіраныя ў Малдове скарбы на Бацькаўшчыне.

Голас Радзімы № 6 (3558), чацвер, 8 лютага, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter