Маляваныя мары

У ВЁСЦЫ Засмужжа, што на Любаншчыне, інтэр’ер амаль кожнай хаты аздабляе дзіўнай прыгажосці маляваны дыван. Маляванкі — так называюць гэтыя палотны — напаўняюць прастору сялянскіх хат сакавітымі, яркімі, вясёлкавымі фарбамі. Калі запытацца ў жыхароў Засмужжа пра аўтара гэтых казачных палотнаў, то яны з упэўненасцю адкажуць: «Павел Марціновіч з нашай вёскі». Многія амаль нічога аб ім не ведаюць, але вельмі ганарацца, што набылі гэтыя маляваныя дываны, і з любоўю захоўваюць іх.

Чаму мастацкай спадчынай майстра Паўла Марціновіча ганарыцца Любаншчына.

У ВЁСЦЫ Засмужжа, што на Любаншчыне, інтэр’ер амаль кожнай хаты аздабляе дзіўнай прыгажосці маляваны дыван. Маляванкі — так называюць гэтыя палотны — напаўняюць прастору сялянскіх хат сакавітымі, яркімі, вясёлкавымі фарбамі. Калі запытацца ў жыхароў Засмужжа пра аўтара гэтых казачных палотнаў, то яны з упэўненасцю адкажуць: «Павел Марціновіч з нашай вёскі». Многія амаль нічога аб ім не ведаюць, але вельмі ганарацца, што набылі гэтыя маляваныя дываны, і з любоўю захоўваюць іх.

Павел Яўхімавіч Марціновіч нарадзіўся ў вёсцы Засмужжа ў 1911 годзе ў шматдзетнай сям’і.

— Бацька заўсёды вылучаўся стараннасцю, адказнасцю і акуратнасцю, — расказала дачка майстра Марыя Кукраш. — І, мабыць, дзякуючы гэтым якасцям ён засвоіў, акрамя рускай і беларускай моў, яшчэ нямецкую і па асабістым жаданні яўрэйскую (падчас вучобы ў любанскай сямігодцы ад гаспадароў, у хаце якіх кватараваў).

Пасля заканчэння любанскай школы Павел Марціновіч усё жыццё працаваў у калгасе. Быў брыгадзірам паляводчай брыгады, пастухом, паляводам.

Маляваць дываны Марціновіч пачаў яшчэ ў 30-я гады, найбольшы попыт яго творы мелі ў пасляваенныя час. Перажыўшы жах, галечу, голад і холад, людзі цягнуліся да нечага прыгожага: заказы на маляванкі так і сыпаліся. Дываны былі тады сімвалам прэстыжу, заможнасці, нават раскошы. Падобныя палотны можна сустрэць не толькі ў Засмужжы, Обчыне, Закальным і іншых вёсках Любанскага раёна, але і ў больш аддаленых кутках: у Прыбалтыцы, Калінінградзе, Мінску, Барнауле.

Павел Марціновіч — майстра-самавучка. З тонкім мастацкім густам, чалавек вялікай назіральнасці. На сваіх палотнах мастак ствараў фантастычны свет. Усе маляванкі аб’ядноўвае падобны пейзаж: рака, вялікі белакаменны палац, які патанае ў квецені. Калі супрацоўнікі Любанскага музея народнай славы былі ў Засмужжы, то заўважылі, што менавіта той белакаменны палац, адлюстраваны на яго дыванах, па планіроўцы вельмі нагадвае дом Марціновіча. Магчыма, мастак марыў, што некалі і яго хата будзе такая прыгожая, з белага камення, пасярод пышнага кветніку. Але нягледзячы на тое, што палотны Паўла Яўхімавіча насычаны фантастычнымі матывамі, ёсць у іх і вясковы каларыт: адлюстравана гулянне моладзі, катанне на лодцы, ігра гармоніка, спевы.

Акрамя дываноў, мастак намаляваў шмат карцін. Нацюрморты Марціновіча з выявамі букетаў кветак у Засмужжы называюць макаткамі. Для таго каб іх намаляваць, Павел Яўхімавіч спачатку вырошчваў у сваім палісадніку кветкі, складаў прыгожыя букеты і, калі ў яго з’яўляўся вольны час, пры дапамозе фарбаў і пэндзля ствараў цудоўныя нацюрморты. Некаторыя з іх захоўваюцца ў фондах Любанскага музея народнай славы, большасць — у аднавяскоўцаў, родных і блізкіх…

На здымку: Маляваны дыван майстра Паўла МАРЦІНОВІЧА.

Аляксандра КВІТКЕВІЧ

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter