У Маляцічах у студзені вясны ўсплываюць мроі

Маляцічы: зямля паміж Сожам і Дняпром

У гісторыю ярка ўвайшоў бой рускіх войск са шведамі восенню 1708 года каля вёскі Лясной цяперашняга Слаўгарадскага раёна. Лятучы корпус на чале з Пятром І разбіў шведскае войска генерала Левенгаўпта. Папярэднічала пераможнай падзеі ваенная баталія на беразе Чорнай Натапы каля крычаўскай вёскі Маляцічы. Расійская армія пад камандаваннем Міхаіла Галіцына разбіла авангард шведаў. Падзея ўвайшла ў гісторыю як бітва пры Маляцічах.

Паселішча ўпершыню пісьмова ўзгадваецца ў дакументах 1639 года.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Маляцічы адышлі да Расійскай імперыі і набылі статус мястэчка — цэнтра воласці Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні. Належалі яны епіскапу, затым мітрапаліту Станіславу Богуш-Сестранцэвічу. На яго сродкі быў пабудаваны касцёл Святога Станіслава. Па форме будынак нагадваў паменшаную копію рымскага сабора Святога Пятра. Пазней храм пераўтварылі ў праваслаўную царкву.

Французскія акупанты ў вайну 1812 года спалілі значную частку маляціцкіх сядзіб.

У мястэчку, якое славілася краўцамі, у 1879 годзе адкрылася школа. Штогод на свята Пятра і Паўла ладзіліся кірмашы.

Пасля ўсталявання савецкай улады сядзібу памешчыка пераўтварылі ў народны дом. Затым тут размясцілася школа-сямігодка. Дзяцей сялян прыняў садзік. На пачатку 1921 года ўтворана сельскагаспадарчае таварыства, рэфарміраванае ў калгас.

Нямецка-фашысцкія захопнікі ў верасні 1943 года спалілі Маляцічы і па-зверску забілі 210 жыхароў. Праз месяц войскі 50-й арміі Бранскага фронту вызвалілі вёску ад акупантаў. З першых мірных дзён пачалося аднаўленне сядзіб.

Мемарыяльным помнікам ушанавана памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.


Вандруючы па беларускай зямлі, не перастаеш захапляцца працавітымі людзьмі, прыгажосцю краявідаў, самабытнай культурай. На пачатку гэтага стагоддзя найбольш перспектыўныя вёскі набылі статус аграгарадкоў. У 2006 годзе яго атрымала і былое крычаўскае мястэчка Маляцічы, куды прывяла мяне чарговая вандроўка.

Размешчаны аграгарадок на мяжы Крычаўскага і Мсціслаўскага раёнаў. Перасякае яго асфальтаваная дарога, што вядзе да райцэнтра. Побач праходзіць чыгуначная лінія Орша — Камунары. На платформе, што на ўскрайку сядзіб, некалькі разоў на дзень спыняюцца прыгарадныя паязды.

Дырэктар КСУП «Маляцічы-Агра» Аляксандр РАДОЎСКІ і старшыня сельвыканкама Алена ІВАНОВА.

Перад будынкам сельвыканкама прасторны сквер. Вузкая алея пракладзена да скульп­туры воіна з дзіцём на руках. На гранітных плітах выбіты прозвішчы 330 землякоў з вёсак сельсавета, якія загінулі ў баях з ворагам у Вялікую Айчынную вайну. Пад высокімі дрэвамі ўсталяваны пафарбаваныя лаўкі. Акуратна прыбраны газоны і кветнікі, сквер агароджаны.

На адным з газонаў пад прыглядам педагога сярэдняй школы — дзіцячага сада Наталлі Круглікавай забаўляліся дашкольнікі. Прыселі з Наталляй Іванаўнай на лавачку. Не адрываючы вачэй ад сваіх выхаванцаў, мая субяседніца выказала заклапочанасць, што мала засталося ў Маляцічах маладых сем’яў. Выпускнікі сярэдняй школы імкнуцца ў гарады. Закрываюцца школы ў неперспектыўных вёсках. Некалькі гадоў таму вучняў і педагогаў Лутоўскай базавай школы прыняў аграгарадок. Штораніцы спецыяльны аўтобус збірае вучняў у вёсках Ермакоўка, Луты, Мірнае і дастаўляе на заняткі ў Маляцічы. Амаль сотня навучэнцаў у сярэдняй школе — дзіцячым са­дзе. Узначальвае педкалектыў Ірына Грыбчанка.

Выхавацель Наталля КРУГЛІКАВА з дашкольнікамі.

Старшакласнікі ў Крычаўскім міжшкольным вучэбна-вытворчым камбінаце атрымліваюць спецыяльнасць аператара машыннага даення кароў і бухгалтара. Летась атэстаты сталасці ў школе атрымалі 6 выпускнікоў. Столькі ж прыйдзе сёлета першакласнікаў.

Педагог Валянціна Гры­гор’ева, з якою сустрэліся ў сельскім Доме культуры, узгадала, як амаль паўвека таму яна пасля заканчэння Магілёўскага педінстытута імя Аркадзя Куляшова прыехала настаўнічаць у пачатковых класах. Выйшла замуж за механізатара Уладзіміра Сяргеевіча. Выхавалі дачку Ніну і сына Генадзя. Дзеці раз’ехаліся, маюць свае сем’і. Падрастае трое ўнукаў. За поспехі ў педагагічнай дзейнасці Валянціна Пятроўна адзначана ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені і ганаровым званнем «Заслужаная настаўніца БССР».

Дзесяць гадоў таму яна аўдавела. Па-ранейшаму настаўнічае. Захапляецца краязнаўствам і мастацкай самадзейнасцю. З бацькоўскай хаты, што ў недалёкай ад Маляцічаў мсціслаўскай вёсцы Старынка, прывезла кросны. Іх некалі змайстраваў бацька. Маці ткала на іх палотны. Унікальны станок у рабочым стане ўзбагаціў музей сялянскага побыту. Некалькі гадоў стварала яго ў сельскім Доме культуры апантаная настаўніца. Па вясковых падворках збірала для экспазіцыі прылады працы і побыту. Сцены ўпрыгожваюць вышыўкі, выцінанкі, сурвэткі, ручнікі. Сюды прыходзяць на экскурсію школьнікі.

Агеньчыкамі загарэліся вочы Валянціны Пятроўны пры ўзгадванні, як з загадчыцай сельскага Дома культуры Марыяй Каролька яны рыхтуюць свята Маляцічаў. Захапілі гэтым Галіну Шкундзянкову і яе мужа Аляксандра Яўхімавіча. Працавітыя гаспадары трымаюць каня, карову, коз, атару авечак, мноства хатняй птушкі. На свяце Шкундзянковы частуюць землякоў смажанай баранінай.

Пакуль жанчыны расказвалі пра мясцовыя традыцыі, у пакой зайшоў статны вясковец з брылём на галаве і гармонікам у руках. Назваўся Міхаілам Канарэйкам. Ад бацькі і дзядулі пераняў валоданне інструментам. Дзед Ісак і бацька Павел на ўсю акругу славіліся як музыкі. Іх гармонікі дасталіся ў спадчыну Міхаілу Паўлавічу. Ні адно вясковае свята не праходзіць без удзелу самабытнага музыкі. У сельскім Доме культуры працавала і жонка Святлана. Чатыры гады таму яе не стала. Захапленне пчоламі дапамагло ўдаўцу ў цяжкі момант. Больш як паўсотні вуллёў у яго. Пільна глядзіць за імі. Толькі вось няма куды збываць мёд. Цэнтралізавана яго не закупляюць, а гандляваць на рынку няма часу.

Не меней вуллёў на пчальніках Івана Кручанкова і Мікалая Радчанкі. А Пётр Шуткоў узяў у арэнду 35 гектараў і стварыў фермерскую гаспадарку. Зай­маецца вырошчваннем збожжавых культур. Многія гаспадары засяваюць па 3—5 гектараў зерневымі, вырошчваюць бульбу, гародніну.

Старшыня сельвыканкама Алена Іванова адзначыла, што з сотні кароў, якіх трымаюць жыхары сельсавета, большая частка прыпадае на аграгарадок. Кожную раніцу прадпрымальнік Даніла Чапялін збірае малако па падворках.

Не толькі карову, але і каня трымае Сяргей Цімашэнка з вёскі Мірнай. Трыццаць гадоў таму пасля васьмігодкі ён пайшоў даглядаць жывёлу на ферму гаспадаркі. Засталіся ў вёсцы і яго дзеці.

Жывёлавод Сяргей ЦІМАШЭНКА.

З Рэчыцкага раёна на радзіму бабулі Вольгі Нікеевай прыехала Аліна Дзямідава. Выйшла замуж. Чацвёрты год доіць кароў на малочна-таварным комплексе КСУП «Маляцічы-Агра». Муж працуе слесарам у Крычаве. Гаспадарка забяспечыла сям’ю жыллём.

Аператар машыннага даення Аліна ДЗЯМІДАВА. 

З кіраўніком мясцовай улады завіталі на падворак Святланы і Уладзіміра Багамазаў. Па чыста прыбраным драўляным ганку зайшлі ў прасторны дом шматдзетнай сям’і. На канікулы з Крычава прыехаў старэйшы сын Аляксей. Ён вучыцца ў дзяржпрафтэхагракаледжы. Дачка Таццяна — дзесяцікласніца. Двайнятам Максіму і Данілу па 12 гадоў. За домам на мурожным падворку корпаліся куры, качкі, гусі. У хляве — карова, конь, свінні. Уладзімір Уладзіміравіч — электрык у сельгаспрадпрыемстве. Гаспадыня — аператар машыннага даення. Удзвюх з Алінай Дзямідавай яны дояць 240 кароў. І хатніх спраў хапае. Дзеці дапамагаюць упраўляцца з жывёлай і на 25 сот­ках прысядзібнага ўчастка. Амаль гектар зямлі ў полі. У атрыманым ад гаспадаркі катэджы сям’я Багамаз змуравала падвал, усталявала абагравальнік для вады.

Шматдзетная маці Святлана БАГАМАЗ з дзецьмі. 

Па суседстве са шматдзетнай сям’ёю — падворак даглядчыка жывёлы Яўгена Паўлава. У глыбіні ўсланага пажухлаю травою двара пад дрэвамі стаялі тры маладыя конікі. Гаспадар бензапілою выраўноўваў штыкетнік на браме. Прыпыніўшы працу, паведаміў, што з ім у доме жыве аўдавелы бацька, які чакае, каб сын прывёў сабе нявесту.

Жывёлавод Яўген ПАЎЛАЎ.

Па другі бок забудаванай катэджамі вуліцы пачынаецца поле. Восенню на МТЗ- 3022 Васіль Веліканаў узараў яго пад яравую сяўбу. Больш як тры дзесяцігоддзі ён працуе механізатарам. Пасведчанне трактарыста-машыніста атрымаў у сярэдняй школе. Многія аднакласнікі кінуліся ў горад, а ён застаўся працаваць на зямлі. Займеў сям’ю. Ад гаспадаркі атрымаў катэдж. Жонка Аліна Леанідаўна загадвае складам у КСУП «Маляцічы-Агра». Выхавалі і ажанілі сына Максіма.

Механізатар Васіль ВЕЛІКАНАЎ.

Зімовымі днямі Васіль Міхайлавіч рамантуе свой трактар. Летась ён разам з лепшымі механізатарамі гаспадаркі Аляксеем Трыфанковым, Вадзімам Івановым і вадзіцелямі грузавікоў Аляксандрам Пракопавым, Уладзімірам Грышыным прадстаўлялі КСУП «Маляцічы-Агра» на раённых «Дажынках» у Крычаве. Па аб’ёмах валавой прадукцыі сельгаспрадпрыемства самае буйное ў раёне. Створана на базе чатырох гаспадарак. Кіруе калектывам выпускнік заафака Белдзяржсельгасакадэміі Аляксандр Радоўскі. Сустрэліся з ім на мехдвары. Большасць тэхнікі стаіць пад павецямі і ў гаражах. Аляксандр Віктаравіч дакладнымі лічбамі прадстаўляў маштабы вытворчасці. Ворыўных зямель у гаспадарцы амаль 9000 гектараў. Восенню азімых пасеяна 3300 гектараў. Буйной рагатай жывёлы на фермах — звыш 6500 галоў. Чацвёртая частка пагалоўя — дойны статак. Штодзённа на перапрацоўку ў ААТ «Бабушкина крынка» адпраўляецца 11500 тон малака. Дзякуючы павышэнню надояў значна вырасла валавая вытворчасць яго ў параўнанні з мінулым годам. Летась уведзена ў эксплуатацыю малочна-таварная ферма «Маляцічы» на 288 кароў. Жыхары аграгарадка атрымалі дадатковыя рабочыя месцы. У планах кіраўніка і далей развіваць жывёлагадоўлю.

Старшыня сельвыканкама Алена Іванова пераканана, што развіццё сельгасвытворчасці паспрыяе замацаванню моладзі. Сёлета першая пара Алена і Рыгор Веліканавы зарэгістравалі шлюб.

Калі развітваліся з Аленай Івановай, ёй патэлефанавала старшыня Крычаўскага райсавета Ірына Пруднікава і паведаміла: сельвыканкаму выдзелены сродкі на набыццё новага легкавіка. Больш частымі будуць сустрэчы кіраўніка мясцовай улады з жыхарамі аддаленых вёсак. Квітнець і развівацца гэтаму цудоўнаму куточку паміж Сожам і Дняпром!

Крычаўскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter