Путь от самодеятельного ансамбля к «Верасам»: Надежда Микулич в семье, на сцене, даче и рыбалке

«Малiнаўкi» сапрана-галасок

Заслужаная артыстка Беларусi Надзея МIКУЛIЧ не любiць даваць iнтэрв’ю, але, як сама прыкмячае, яшчэ нi разу не адмовiлася. У архiве спявачкi стосы публiкацый з яе жыццёвымi гiсторыямi, творчымi падзеямi, фотаздымкамi, адказамi на самыя патаенныя пытаннi. “Сельская газета” таксама закранула пявучыя струны душы беларускай артысткi, а заадно павiншавала яе з днём нараджэння.


Паўстагоддзя на сцэне. Тэрмін грунтоўны, паважаны. За гэты час На­дзея Мікуліч заслужыла любоў гледачоў і займела ўласных прыхільнікаў, якія часам мараць да артысткі хоць бы дакрануцца. Дзяўчынка з пасёлка Цукровага завода (цяпер Скідзель), што на Гродзеншчыне, цвёрда вырашыла стаць спявачкай. З васьмі класаў паступіла ў Гро­дзенскае музычна-педагагічнае вучылішча. Там жа, у Гродне, удзельнічала ў самадзейным мясцовым ансамблі “Чараўніцы” пры Палацы тэкстыльшчыкаў. Гэта пазней калектыў стаў рэспубліканскім. А напачатку выступалі па вёсках на танцвечарынах. Авангард у гурце складалі хлопцы, дзяўчаты падмянялі іх толькі тады, калі тыя выходзілі на перакур.

Тым часам рэспубліканскі гурт “Верасы” пазіцыянаваў сябе дзявочым калектывам і быў створаны як альтэрнатыва мужчынскім “Песнярам”. Аднойчы яны прыехалі з гастролямі ў Гродна і зацікавіліся, ці ёсць у абласным цэнтры таленавітая дзяўчына, якая б магла папоўніць іх калектыў? Надзея Мікуліч аказалася вельмі дастойнай кандыдатурай, бо не толькі адмыслова іграла на шасціструннай і бас-гітары, але і выдатна саліравала. Таму і адбор прайшла лёгка. “Верасы” запрасілі юную спявачку ў Мінск, прыехалі нават дадому да бацькоў Надзейкі. Але мама… запярэчыла. Маўляў, хай вучобу скончыць, тады бачна будзе.

Выступаюць удзельніцы ансамбля "Верасы", 1976 год.
Надзея пагадзілася з баць­камі, але цвёрда намервалася не ўпусціць лё­са­выз­начальны шанец. Адчувала сябе як на іголках і між вучобай часценька наведвалася ў Мінск да “верасоўцаў”, каб раптам не перадумалі. Яны не перадумалі, але… Надзея заканчвала вучылішча, і ёй прызначылі размеркаванне настаўніцай спе­ваў у Баранавічы. Літаральна са слязьмі на вачах дзяўчына прасіла кіраўніцтва ўстановы адпусціць яе ў вялікі свет ці хаця б размеркаваць у сталіцу, бліжэй да “Верасоў”. Ды рашэнне “вертыкалі” музпедвучылішча было непахісным. Дапамог на­меснік міністра асветы. І гадавалая мара юнай спявачкі збылася: Надзея стала паўнапраўнай артысткай “Верасоў”.

Гродзенскія “Ча­раў­ніцы” неў­забаве таксама займелі сталічную пра­піску па запрашэнні Беларускай дзяржаўнай фі­лар­моніі. Гэта не магло не радаваць іх колішнюю ўдзельніцу Надзею Мікуліч, у якой з прыездам у Мінск пачалося сапраўднае зорнае жыццё: канцэрты, гастролі, прызнанне. Менавіта з таго часу бярэ адлік яе моцнае сяброўства з “верасоўцамі” Ядвігай Пап­лаў­скай і Аляксандрам Ці­ха­но­вічам. Добрым сябрам гэтай творчай пары быў і будучы муж Надзеі Мікуліч — Барыс Белы, які працаваў канцэртным адміністратарам у “Верасах”.

Мы моцна пасябравалі яшчэ пакуль нежанатымі ды незамужнімі былі. Дзяліліся перажываннямі, мірылі адзін аднаго ў спрэчках. А неяк, памятаю, Саша з замежнай паездкі прывёз шыкоўны крымпленавы пінжак. У 70-я гады не было такога выбару адзення, як зараз. Мы з Барысам надумалі жаніцца, і Саша пазычыў на вяселле яму гэты пінжак. А праз два гады і сам яго апрануў на вяселлі з Ядзяй. Нашы шлюбы аказаліся трывалымі — на ўсё жыццё, значыць, вопратка шчаслівая. І сяброўства таксама не аслабла з гадамі. А Сашу, які цяпер адышоў з гэтага свету, часта бачу ў снах, вось і на днях…

У пару 70-х, калі Надзея Мікуліч стала выступаць у “Верасах”, гэты калектыў не быў такі папулярны. Слава нара­джалася з часам і працай. Ёсць меркаванні, што сапраўдная вядомасць да калектыву прыйшла з іх легендарнай “Малінаўкай”, якая ўвайшла ў рэпертуар гурта па прынцыпе “ўсё геніяльнае проста”. Да новай пласцінкі не хапала адной песні, і, зрабіўшы лёгкую аранжыроўку, вырашылі паспрабаваць “Малінаўку”. Пасля трансляцыі на цэнтральным тэлеканале ў Маскве яна скалыхнула народную душу. На канцэртах “Верасоў” не ад­пус­калі, пакуль не праспяваюць “Малінаўку” тройчы. І адзін з зычных галасоў у танальнасці сапрана належыў Надзеі Мікуліч.

У жыцці не ўсё бывае гладка. Пасля нараджэння дзіцяці ў артысткі прапаў голас.

— Выйшла праспяваць не­каль­кі песень на выступленні “Чараўніц”. Адчуваю, што сці­скаюцца звязкі. Думала, прычына ў тым, што падчас родаў накрычалася. Але дыягназ быў куды горшым — незмыканне ва ўсіх рэгістрах. Доўга лечылася ўколамі, вітамінамі. І адно з галоўных прадпісанняў фаніятра — цэлы месяц маўчаць. 

Голас да Надзеі Мікуліч вярнуўся, ды з яго выпалі гукі. І высокае сапрана ператварылася ў нізкі альт. “Малінаўку” фальцэтнымі нотамі яна больш не ўзяла, толькі гадоў пяць таму заспявала яе ізноў… але пад спецыяльную фанаграму ад музычнага гурта “Фрыстайл”. І пасля “галасавога перараджэння” ў “Верасы” Надзея Мікуліч больш не вярнулася, а зноў стала спяваць у “Чараўніцах” пры Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

У 2000 годзе спявачцы прысвоена ганаровае званне заслужанай артысткі Беларусі. Яе будзённасць і цяпер напоўнена любоўю да творчасці. Надзея Мікуліч піша новыя песні, выступае і цешыць талентам удзячных гледачоў. Летась справіла маштабны юбілейны канцэрт у філармоніі. Павандравала бадай па ўсёй Беларусі з тэлевізійным праектам “Залатая калекцыя”, сутнасць якога ў стварэнні новых аранжыровак да старых песень, у тым ліку і народных. Самадзейныя і прафесійныя аўтары бадай з усяго свету дасылаюць па інтэрнэце любімай спявачцы лірычныя тэксты з просьбай стварыць да іх музыку і выканаць. Надзея Мікуліч ахвотна пагаджаецца. Так нарадзіліся многія яе папулярныя кампазіцыі. Больш за 200 песень у выкананні заслужанай артысткі запісана ў залатых фондах Беларускага радыё.

Муж ва ўсім падтрымлівае творчую жонку. Ён таксама ў песеннай сферы не чужы. 10 гадоў адпрацаваў канцэртным дырэктарам “Чараўніц”. На два гады пе­рабраўся ў “Верасы” да жонкі, але потым зноў вярнуўся ў ранейшы калектыў, а з часам стаў на­меснікам канцэртнага дырэктара ў Тэатры Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча. Усё Барыс Белы рабіў з мудрым разлікам: каб адпускаць на гастролі жонку, а самому заставацца з дачкой. І за магчымасць займацца любімай работай артыстка мужу вельмі ўдзячна.

Надзея Мікуліч — 25 га­доў як заўзятая дач­ніца. Яе лецішча зна­ходзіцца за 75 кіла­метраў ад Мінска ў слуцкім напрамку. З мужам вырошчваюць садавіну і гародніну, прысядзібны ўчастак сумленна падзялілі: гаспадыня адказвае за адкрыты грунт, гаспадар — за цяпліцы. Ён самастойна іх пабудаваў з аконнага шкла, якое засталося пасля рамонту гарадской кватэры. Любімыя плады Надзеі Мікуліч — буракі, памідоры чэры, маліны, слівы і агрэст. Мае артыстка і дачныя сакрэцікі. Для агуркоў, напрыклад, скарыстоўвае кропельны паліў: ля кожнага каліва на жэрдку мацуе бутэльку са шлангам ад кропельніцы.

Многа кур’ёзаў адбывалася на лецішчы. Муж даручыў аднойчы пазбіраць з бульбы каларадскіх жукоў. Гаспадыня ўсё якасна выканала, атрымалася паўвядра “жыўнасці”. А што з гэтым багаццем рабіць? Сусед параіў закапаць у зямлю. Якім было здзіўленне, калі неўзабаве ўсе жукі павыпаўзалі.

Або, толькі абжываючыся на дачы, гаспадары паднялі некалькі метраў цаліны і пасадзілі там бульбу. Назаўтра нечакана аб’я­віліся госці. Чым частаваць? Прыйшлося тую бульбу выкапваць.

Надзея Мікуліч — апантаная рыбачка. Адпраўляючыся ў Крым, узяла з сабой мясцовых чарвякоў. У цягніку на другой паліцы прыадчыняла ім фортку, каб дыхалі свежым паветрам. А зняўшы кватэру ў Крыме, старанна хавала іх у халадзільніку, толькі б не заўважыла гаспадыня. Як аказалася, украінская рыба на чарвякоў не клюе, яна ахвотніца больш да мідый і… сала.

Перавагу аддае Надзея Мікуліч не толькі прадуктам натуральным, але і айчынным. Спрабавала неяк ці то іспанскі, ці то бразільскі часнок рэкорднай велічыні, а смак, як у рэдзькі. Не тое што родны: востранькі, аж дух захоплівае. Так і песні, і глядач, і сцэна, і апладысменты — заслужаная артыстка Беларусі пераканана, што ўсё роднае — найлепшае.

Алена БАСІКІРСКАЯ. 

Фота з асабістага архіва Надзеі Мікуліч.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter