Сёння, у Міжнародны дзень паэзіі, у нашай гасцёўні Ганна Зінкевіч з Глыбоччыны

«Маленства вёска па начах мне снiцца»

ПАЭТЭСА Ганна ЗІНКЕВІЧ, новая кніга якой “Пяшчота позніх хрызантэм” вось-вось з’явіцца ў свет, нарадзілася ў вёсцы Догі Шчучынскага раёна. Пасля заканчэння філфака Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы тры дзясяткі гадоў працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Мярэцкаўскай базавай школе на Глыбоччыне. Напамяць чытае “Новую зямлю” Якуба Коласа, “Яўгенія Анегіна” Аляксандра Пушкіна і іншыя вялікія творы. У свой час сустракалася з вядомымі беларускімі паэтамі і пісьменнікамі — Піменам Панчанкам, Максімам Танкам, Васілём Быкавым, Еўдакіяй Лось, Рыгорам Барадуліным, якія добра гаварылі пра яе творчасць. А сёння Ганна Зінкевіч і сама член Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 2006 годзе ў выдавецтве “Кнігазбор” выйшаў зборнік вершаў аўтаркі “Шляхам любові”.


Паэзія яе па-жаноцкаму пяшчотная, шчырая, у якой трывога і радасць, адчай і вера, гнеў і замілаванне. Яна не можа пакінуць раўнадушным чытача. 

— Ганна Браніславаўна, вядома, што пасля заканчэння інстытута вас пакідалі ў аспірантуры, а вы паехалі ў вясковую невялічкую школку і жывяце ў аграгарадку Мярэцкія. Чаму зрабілі такі выбар?

— Я напісала дыплом па творчасці Рыгора Барадуліна. Па сутнасці, там была ўжо і кандыдацкая. За гэту навуковую працу мне і прапанавалі аспірантуру, але я не знайшла нічога лепшага, як выйсці замуж. У мужа майго Анатоля ў суседнім Браслаўскім раёне яшчэ жыве яго маці, і мы ездзім туды адпачываць. А выбрала вёску не толькі таму, што сама з сям’і калгаснікаў. Я люблю цішыню, спакой, блізкасць да прыроды. У горадзе была б больш адзінокая...

— Гэта, як відаць, адбілася і на вашай творчасці? У ёй можна прачытаць і пра вёску Мосар, і пра возера Белае, і пра рачулку Аржаніцу:

Зорка ў хвалю глядзіцца,

Месячык мые сярпок.

Плаўна цячэ Аржаніца —

Спелых палёў паясок.

Каб скласці вершы, вам патрабуецца асабістае натхненне?

— Яны ў мяне не пішуцца. Вершы да мяне прыходзяць самі. І не адразу, а як быццам бы “выспяваюць”. Вось пішу нібыта пра прыроду, а на самай справе пра сваё жыццё, пра дзень сённяшні, які нарадзіў новыя пачуцці.

— Працуючы ў школе, вы вялі літаратурны гурток “Зараначка”, многія яго ўдзельнікі сталі творчымі людзьмі?

— Ну, у мяне не было такой мэты зрабіць усіх паэтамі, бо гэта і немагчыма практычна. Галоўнае, выхаванне было: прывіць дзецям любоў да роднай мовы, літаратуры. А вершы сапраўды пісалі Святлана Попель, Андрэй і Максім Юхновічы, Наташа Таракан, мая дачка Лена Зінкевіч. Некаторыя, як Аксана Шымко, Святлана Попель, сталі педагогамі, выкладаюць беларускую мову і літарутуру.

— А што, на вашу думку, з’яўляецца перашкодай на творчым жыццёвым шляху?

— Людская здрада, хцівасць, зайздрасць і душэўная чэрствасць. Ведаеце, ад гэтага ўсё дранцвее ўнутры і вершы доўга не просяцца на волю. На шчасце, не ўсё ў нас так і самотна ў жыцці. Са мною жывуць добрыя, цудоўныя людзі, блізкія мне па духу. Іх ўвага і павага загойваюць усялякія душэўныя раны.

— Памятаеце, Ганна, калі напрыканцы мінулага года мы ехалі са з’езда пісьменнікаў, вы казалі, што няма спонсара для выдання паэтычнага зборніка. Ці знайшоўся хто?

— Гэта... мой муж Анатоль, ён працуе намеснікам рэдактара раённай газеты “Веснік Глыбоччыны”. Кніга “Пяшчота позніх хрызантэм” накладам у 100 экзэмпляраў вось-вось выходзіць у Мінску. 

— Віншую з гэтай хвалюючай падзеяй, і хацелася б, каб вы прачыталі хоць колькі радкоў з новай кнігі…

— Няма смачней за хлеб і малако,

Калі ты за сталом у роднай хаце.

Глядзіць вяргіня ранкам у акно,

Прамень згубіўся ў пахучай мяце.

Няма мілей за шчодры ціхі сад,

За мудры бор, за чысціню крыніцы.

І хоць гады страсае лістапад,

Маленства вёска па начах мне сніцца.

Няма цяплей за родны мілы дом,

Над комінам павісла хмарка нізка.

Няма радней бярозак за сялом,

Што выраслі ля сціплых абеліскаў.

— Дзякуй. А якія, Ганна, вашы найпершыя пажаданні?

— Каб ніколі не было вайны. Каб мы дружна будавалі не толькі дом пад назвай Беларусь, але і храм у сваёй душы, ішлі дарогай да Бога, ад сэрца да сэрца.

saulich@bk.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter