Што рабіць, калі ёсць інавацыйныя ідэі, але сродкаў няма?

Маленькiя клопаты

Падтрымка малога і сярэдняга бізнесу ў краіне — тэма часам балючая. Асаблiва для прадпрымальнікаў, якiя прызнаюць: не да канца ўдалося пазбавіцца ад бюракратычных метадаў, якiя тармозяць многія працэсы. Скардзяцца на цяжкія ўмовы атрымання крэдытаў, але самi пры гэтым далёка не заўсёды ўяўляюць, якія існуюць механізмы ўзаемадзеяння прадпрымальніцкага асяроддзя і органаў дзяржкіравання.

Што рабіць, калі ёсць інавацыйныя ідэі, але не заўсёды знаходзяцца сродкі, каб увасобіць іх у жыццё? На якія льготы і ўмовы могуць разлічваць бізнесмены, адкрываючы новае прадпрыемства? Гэтыя пытанні прадстаўнікі ўлады, банкаў і дзелавых колаў абмеркавалі на семінары «Даступныя фінансавыя інструменты, якія стымулююць інавацыйнае развіццё малога і сярэдняга бізнесу». Паводле ацэнкі намесніка старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Жанны Бірыч, доля бізнесу ў сталіцы ў рэгіянальнай структуры ВУП складае амаль 50%. Лічба немалая. Аднак істотную долю тут займае аптовы гандаль, тады як трэба больш «падцягваць» вытворчы бізнес і гандаль паслугамі. 

— Фарміраванне інавацыйнай палітыкі з’яўляецца прыярытэтным напрамкам развіцця Мінска. За 2013—2014 гады з інавацыйнага фонду Мінгарвыканкама прафінансавана больш за 30 праектаў на суму звыш 700 мільярдаў рублёў, — каментуе Жанна Бірыч. — Сёння некаторыя прадпрымальнікі могуць узяць крэдыты пад 13% гадавых, але мы бачым, што сітуацыя з рублём у Расіі, палітычная абстаноўка ва Украіне — усе гэтыя падзеі ўплываюць на наш рынак. А таму інструменты фінансавай падтрымкі таксама неабходна пастаянна мяняць, каб забяспечваць спрыяльны бізнес-клімат.

Адна з самых актуальных праблем для прадпрымальнікаў — даволі высокiя стаўкі па крэдытах. Далёка не заўсёды ў маладога і перспектыўнага прадпрыемства хапае абаротных сродкаў на пагашэнне доўгу. Многія з бізнесменаў разлічваюць на асаблівую падтрымку інавацыйных праектаў. Праўда, банкіры звычайна выразна расстаўляюць прыярытэты: вызначаць, што з’яўляецца інавацыямі, не іх задача. Банк толькі выдае грошы на пэўных умовах. Самi прадпрымальнiкi прапануюць банкірам разгледзець такі механізм крэдытавання, калі ў якасці закладу можна прымаць патэнты на навуковыя распрацоўкі. Пакуль жа атрымаць грошы пад канкрэтны бізнес можна на стандартных умовах кожнай фінансавай установы. Што тычыцца працэнтных ставак, то яны ў нашай краіне ў параўнанні з Еўропай ці Расiяй для бізнесу па-ранейшаму адчувальна вышэй. 

Намеснік дырэктара дэпартамента карпаратыўнага бізнесу ААТ «ААБ Беларусбанк» Наталля Значонак нагадвае: у прадпрымальнікаў ёсць шанс атрымаць ільготны крэдыт пад палову стаўкі рэфінансавання. Тры працэнтныя пункты складае маржа банка. Усяго прадпрыемству пазыка абыдзецца ў 13% гадавых. Праўда, адбор удзельнікаў ільготнага крэдытавання ажыццяўляюць органы ўлады. Фінансавая ўстанова таксама выдае крэдыты для бізнесу «Мікра-экспрэс» і «Мікра-бізнес», а яшчэ прапануе кліентам прафінансаваць інавацыйныя праекты за кошт замежных крэдытных ліній.

Лiчбы

Па даных дэпартамента па прадпрымальніцтве Мінэканомікі, агульная колькасць суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу на 1 кастрычніка склала 396 072. З іх 101 686 – гэта мікраарганізацыі, 11 915 — малыя, 2478 — сярэднія, і 252 995 – гэта індывідуальныя прадпрымальнікі. Па выніках першага паўгоддзя ўклад малога і сярэдняга бізнесу ў аб’ём прамысловай вытворчасці склаў 13,9%. Доля ў агульным аб’ёме ВУП у мінулым годзе — 22,3%.

Палiна КАНОГА 

konoga@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter