Маленькая Францыя з уласным мэрам

Чаму прыязджаў на Пастаўшчыну французскі дыпламат

– ТУТ у ліпені 1812 года праходзіла армія Напалеона. І вось з таго высокага месца, дзе цяпер царква, ён паглядзеў навокал, на гэтыя казачныя краявіды і ўсклікнуў: «Тут прыгожа, як у парках Парыжа. Тут будзе мой маленькі Парыж!» Так гэта ці не, у каго тут цяпер даведаешся?!. Але існуе такая легенда. І нам яна падабаецца, — расказвае Яніна.

У 1977 годзе Парыж быў перайменаваны ў Навадруцк. Кажуць, што штуршком паслужыў наступны выпадак: пераганяў чалавек трактар, у пуцёўцы было напісана: «Шаркаўшчына — Парыж». Работнікі ДАІ доўга не маглі дацяміць: як гэта з Шаркаўшчыны і ажно ў Парыж на трактары?!. Але змена, лічаць многія, адбылася хутчэй па іншай прычыне. Надта ж непатрыятычна гучала ў тыя гады назва вёскі — Парыж.

Праўда, тутэйшыя жыхары ніяк не маглі змірыцца з перайменаваннем населенага пункта і звярталіся ў розныя інстанцыі з просьбай вярнуць яму старую назву. Кажуць, што сабралі каля трох со-

цень подпісаў і перадалі ў райвыканкам. Там падтрымалі ініцыятыву вяскоўцаў, узгоднілі магчымасць вярнуць старую назву з Тапанімічнай камісіяй пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. У выніку восем гадоў таму, амаль праз тры дзесяцігоддзі, вёска зноў стала называцца Парыжам.

У ёй цяпер шмат чаго ад французскай сталіцы. Нават Эйфелева вежа — зменшаная ў дзесяць разоў копія арыгінала: трыццацімятровая металічная канструкцыя з дзвюма назіральнымі пляцоўкамі. Зманціравана і пастаўлена яна па хадайніцтве былога святара, вядомага на ўсю краіну ксяндза-прэлата Ёзаса Булькі, глыбоцкімі электрыкамі. Ён марыў ператварыць беларускі Парыж у райскі куток. Касцёл паднавілі, царкву. Шмат чаго зрабіў сам, шмат чаго не паспеў. Увогуле ж, мары яго збыліся. Пяць гадоў назад вёска стала аграгарадком. Новы воблік набылі Дом культуры, базавая школа-сад, бальніца сястрынскага догляду, паліклініка, бытоўка, крамы, жыллё. І амаль усе ўстановы, акрамя школы, носяць назву «Парыж».

АДНАК Парыж — гэта не проста гістарычная назва. Са сталіцай Францыі вёску звязвае і шмат агульнага. Неверагодна, але ў ёй доўга жыў і працаваў у савецкі час карэнны жыхар сталіцы Францыі, парыжанін Роберт Борыс. Гісторыя гэта сапраўды цікавая. Яшчэ да Другой сусветнай вайны, пры Польшчы, у гэтых мясцінах жыў селянін Міхаіл Барысаў. Ён пакахаў вельмі прыгожую дзяўчыну Соню, але беднасць перашкаджала яму стварыць сям’ю. Тады хлапец падаўся на заробкі ў Францыю. Уладкаваўся там на шахту. Сабраўшы грошай, зноў вярнуўся на радзіму, ажаніўся на каханай і праз колькі часу забраў яе з маленькім сынам Уладзімірам у Францыю. Неўзабаве ў Парыжы ў іх нарадзіўся яшчэ адзін сын, Роберт. Пасля вайны родзічы ўгаварылі Міхаіла вярнуцца на радзіму, што ён і зрабіў. Жылі тады цяжка, усяго неставала, але сям’я Барысавых не скардзілася, не наракала, а разам з усімі вяскоўцамі пераносіла нягоды. Несалодка даводзілася малому Роберту, які хадзіў у школу, бо ведаў больш французскую мову і размаўляў на ёй. Але хлопчык быў здольны і хутка стаў шпарыць па-беларуску. Усё ў яго жыцці потым склалася найлепшым чынам: вывучыўся, займеў прафесію меліяратара, узяў у жонкі настаўніцу Ганну Паўлаўну Барысаву, пабудаваў тут, у беларускім Парыжы, дом. Быў прарабам і сакратаром партыйнай арганізацыі мясцовай меліяратыўнай ПМК. У пашпарце было запісана: «Роберт Борыс. Месца нараджэння — горад Парыж, Францыя, месца прапіскі — вёска Парыж Пастаўскага раёна».

Чаму Борыс, а не Барысаў? Дык гэта французы ўсё на свой манер пераладзілі. На жаль, Роберта ўжо няма, засталася яго ўдава — Ганна Паўлаўна. Сумуе, перабірае старыя фотаздымкі. Успамінае добрым словам мужа і сваю свякроўку Соню.

Тая таксама доўгі час жыла ў Францыі. Яе ў вёсцы так і называлі — «францужанка». Неверагодна шчодрай душы была, дапамагала вяскоўцам, чым магла. А яшчэ навучыла іх варыць французскія сыры і рабіць французкае віно. Дарэчы, гэтыя яе рэцэпты і цяпер выкарыстоўваюць у жаночым клубе «Парыжанка».

У ім жанчыны пераважна пенсійнага ўзросту, якім хочацца пабыць разам, падзяліцца ўражаннямі аб прачытанай кніжцы, па- слухаць парады. Ставяць самавар, гарбату, выпечка, хто што прынясе, — і пацякла размова. А ўвогуле, пастаўскія парыжанкі не толькі пасядзелкамі час бавяць. Жыццё ёсць жыццё. Калі трэба бульбу пасадзіць ці выкапаць — яны таксама гуртам, разам. І за ягадамі ў лес з’ездзіць, і парадак на вуліцы і каля дамоў навесці. А заўтра на пасяджэнне «Парыжанкі» прыязджае канал АНТ.

ДАРЭЧЫ, для парыжскага мэра Яніны Шарынскай здымацца на тэлебачанні не ўпершыню. Ёй ужо даводзілася гэта рабіць у праграме «Малахаў плюс». Адправілася яна ў Маскву са старэйшай дачкой Зояй і ўнучкай. Павезла з сабой сыр дамашні, бо тэма такая была: пра сыры і яблыкі мочаныя. Але на перадачы той якраз пра свае вырабы з дамашняй гаспадаркі ёй дзяліцца і не давялося. «Будзеце гаварыць, як печаце бездражджавы хлеб!» — паведамілі ёй перад самым запісам перадачы. А што казаць, калі яна ніколі ў жыцці яго не пякла. Але вывучыла па рэцэпце і падзялілася «вопытам». Напэўна, няблага, бо потым з пастаўскага Парыжа на тую ж перадачу ездзіла яшчэ Галіна Панкіна.

— А як наогул вы трапілі на тую перадачу? — пытаюся ў Яніны Шарынскай

— Дзякуючы той жа назве вёскі. Аўтары падбіралі ўдзельнікаў перадачы, гледзячы на геаграфічную карту. Так знайшлі наш Парыж. А я ў ім — старэйшына. Вось і прыйшлося ехаць.

— Яніна Пятроўна, калі не сакрэт, а як вы самі аказаліся ў Парыжы?

— Я родам з Глыбоцкага раёна, з Задарожжа. Пазнаёмілася на вяселлі з хлопцам і выйшла за яго замуж. Вось ужо больш трыццаці гадоў тут. А наогул, гэта як бы і лёсам наканавана. Дзядулю майго звалі Напалеонам.

— А чаму вас называюць мэрам?

— А як жа інакш? Раз старэйшына Парыжа, то і — мэр. Гэта жарт, канечне. А калі сур’ёзна, то прыязджаў да нас пасол Францыі ў Беларусі. Вельмі ж яму хацелася на свае вочы пабачыць нашу вежу. Старшыня сельскага Савета прадставіў мяне як мэра вёскі. З тых пор і пайшло: мэр і мэр.

— А якія абавязкі ў мэра?

— Падтрымліваць парадак, у першую чаргу. Прыйшла вясна — саджуся на ровар і да позняй восені не злажу з яго. У Парыжы сем вуліц. Аб’язжаю кожную. Людзям, якія жывуць у асабістых дамах, і казаць нічога асабліва не патрэбна. Яны імкнуцца самі навесці прыгажосць. А вось там, дзе двух- і трохпавярховыя, меркаванне бывае іншае: кватэра — мая, а што ля дома — не мая справа. Праўда, людзі ў нас сумленныя, паслухмяныя. Рэагуюць на заўвагі. А ўвогуле, я з’яўляюся звязуючым звяном паміж жыхарамі і сельскім Саветам. Дапамагаю вырашаць іх праблемы. То тэлефон не ведаюць, то далёка ад сельскага Савета. Што сама на месцы вырашаю, а што потым сумесна са старшынёй Валерыем Мікалаевічам. Вось гэтай вясной у канцы красавіка быў арганізаваны кірмаш ля клуба. Людзям патрэбны былі куры, парасяты, плёнка для парнікоў. Абышла, абзваніла ўсіх, хто будзе купляць парасятак тых. Адным словам, што людзям патрэбна, што іх хвалюе, тым і займаюся. А яшчэ мару ўстанавіць сувязі з французскім Парыжам. Дагэтуль многія з маіх аднавяскоўцаў памятаюць цёплы поціск рукі пасла...

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

Фота аўтара

 

 

    

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter