Маленькая энцыклапедыя жыцця

МЕНАВІТА ў назве заключаны сэнс сапраўднага прызвання журналіста. Бо важна не проста напісаць і быць надрукаваным, але і зразуметым.

«Каб сказаць… І пачулі» – так названа новая кніга, якая выйшла ў свет, журналіста Валянціны Доўнар

МЕНАВІТА ў назве заключаны сэнс сапраўднага прызвання журналіста. Бо важна не проста напісаць і быць надрукаваным, але і зразуметым.

Маленькая энцыклапедыя жыцця — так назвала б я кнігу Валянціны Доўнар, бо сабрана ў выданні амаль тысяча мініяцюр, і ўсе яны не прыдуманы. Штось было занатавана падчас камандзіровак, штось падслухана ў аўтобусе, падгледжана ў краме ці проста спісана з натуры. Самае ж галоўнае, што гэты россып назіранняў і высноў прымушае думаць. І не заставацца абыякавым.

Жанр, які абрала для сваёй творчасці Валянціна Доўнар, досыць рэдкі і вельмі складаны — мініяцюра. Ён патрабуе ў першую чаргу назіральнасці, скрупулёзнасці, аналізу, жыццёвага вопыту. Аўтар выказалася па-майстэрску востра, канкрэтна і, самае галоўнае, коратка, быццам бы некалькімі штрышкамі, каб даць чалавеку падставу для думак.

Удалося гэта, упэўнена, і Валянціне Доўнар. Як праверыць? Разгорнем кнігу аўтаркі на выпадковай старонцы. Мініяцюра называецца «Помста». Сюжэт яе зноў-такі — з жыцця.

Цяжарная жанчынка (можа, з тыдзень да родаў) ледзь-ледзь ускарабкалася ў тралейбус. Азірнулася вакол — сесці няма дзе. Стоячы, цярпліва маўчыць. Паміж дзвюма кабетамі, якія сядзяць, пачынаецца сварка. «Вы б, можа, усталі?» — ціха пытаецца іншая ў дзвюх маладзіц. — «А нізавошта!» — крычыць з месца адна. — «Я таксама не дзяўчынка — дваіх дзяцей вынасіла. Думаеце, мне месца саступалі? Не! Ніхто! Ніколі! То і я не буду». Дзякуй Богу, нехта ўстаў, цяжарная — села.

«Чапляе» сюжэт яшчэ адной мініяцюры «А старым? Нічога?». У маленькім (на паўстаронкі) абразку ідзе гаворка пра асартымент нашых крамаў, маўляў, усё пераважна для маладых і здаровых. І ў той жа час адна прыяцелька аўтаркі ў вялікім сталічным мікрараёне не магла знайсці хустку з натуральнай тканіны для свякрухі, якая раптоўна памерла. Іншая прыяцелька (бабуля злягла) па ўсёй сталіцы судна шукала: там — няма, там — былі, ды разабралі, туды — не прывезлі яшчэ. Ад безвыходнасці «села» на тэлефон. Вызваніла праз тры дні і нарэшце пачула: «Прыязджайце». «…Цікава: усе як быццам ведаюць, што старых і нямоглых людзей у нас шмат, і гавораць пра гэта таксама нямала, а вось каб думаць, што ім жа таксама нешта патрэбна, ахвотнікаў няма. Твой стары — твае праблемы», — робіць несуцяшальную выснову Валянціна Доўнар.

Востра, недзе нават трагічна, па-філасофску выверана і неабыякава ставіцца яна да самых розных актуальных праблем. І яны ўсе нашы. І на многія мы, у тым ліку і маладыя, проста заплюшчваем вочы.

Дзеля справядлівасці адзначу, што многія мініяцюры Валянціны Аркадзьеўны, ці іх сюжэты, у свой час былі ўвасоблены як самастойныя матэрыялы на газетных старонках. 12-ы год запар журналістка працуе з лістамі чытачоў у газеце «Звязда». І для многіх з іх, як адзначаюць людзі ў пісьмах, паштоўках, кніга «Каб сказаць… І пачулі» стала сапраўдным падарункам.

— Тэлефанавалі, напрыклад, з Дзятлава (абразок «Золата» — гэта пра іх), казалі, што чыталі гэтую кніжку з адзінай думкай —  толькі б яна не скончылася, — дзеліцца Валянціна Доўнар і дадае, што гэтая кніга — ўжо другая, сабраная з мініяцюр. Першая — «Праз каханне» — выйшла ў свет у 2005 годзе. У яе быў большы наклад (2,5 тысячы), і яна распаўсюджвалася праз аддзяленні паштовай сувязі. Тыраж «Каб сказаць… І пачулі» — тысяча асобнікаў. З аднаго боку, гэта мала. Але ж у добрай кнігі ёсць шансы перадавацца з рук у рукі. У тым ліку — каб прымусіць некага паглядзець на сябе збоку, а самае галоўнае — падумаць.

Кніга «Каб сказаць… І пачулі» выдадзена ў выдавецтве «Харвест» у раскошнай цвёрдай вокладцы. Асалода ад кожнай з пяціста старонак, думаю, гарантавана. Прычым для чытачоў самага шырокага кола.

Таццяна УСКОВА, «БН»

НА ЗДЫМКУ: вокладка кнігі Валянціны Доўнар «Каб сказаць... І пачулі».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter