Усе 70 гадоў свайго існавання “глебаўка” – адна з самых прэстыжных навучальных устаноў у краіне

Мальберт. Палатно. Поспех

Азы малюнка тут браў дэмабілізаваны з арміі Міхаіл Савіцкі, які прайшоў жахі вайны і канцлагераў. Годам пазней, у 1952-м, засвойваць традыцыю класічнага жывапісу сюды прыйшоў Леанід Шчамялёў. Паплаўскі, Данцыг, Шаранговіч, Кашкурэвіч, Міско — у галерэі народных мастакоў Беларусі мала знойдзецца асоб, якія абмінулі б «пачатковыя ўніверсітэты» ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя Аляксея Глебава. Ужо шэсць гадоў як установа ў статусе каледжа. Сёння ёй 70 гадоў.


Вялікі юбілей «Глебаўка» адзначае ў вялікіх маштабах. Новы навучальны год тут распачалі буйной выставай у сценах Нацыянальнага мастацкага музея краіны. На двух музейных паверхах панарама мастацкіх дасягненняў ад студэнтаў да тытулаваных выпускнікоў. Каля сотні работ: ад скульптур Аляксея Глебава, імем якога названа мастацкая школа, фундаментальных работ Савіцкага і Шчамялёва да алейных палотнаў дыпломнікаў. Маладое пакаленне піша смела, ярка, вобразы, якія хвалююць пачынаючых мастакоў, — мірнае жыццё, вясковая пастараль, мацярынства і дзяцінства, тэмы веры і евангельскія персанажы.

— Я мінчанка і чатыры гады таму ў каледж паступала спантанна, — расказвае выпускніца, навучэнка чацвёртага курса Крысціна Шчамялёва. — Не магу сказаць, што першапачаткова мела нейкія велізарныя планы ў мастацтве, але ў працэсе навучання неяк «уцягнулася», «заразілася» ў выкладчыкаў і аднакурснікаў нейкім кайфам ад таго, што мы тут робім. Канечне, з кожным годам было ўсё цяжэй і цяжэй: эскізы, напрацоўкі, праца з жывой натурай, пленэры, пошук ідэй. Але на гэтай хвалі я стала лавіць натхненне. Наколькі станавілася цяжэй, настолькі цікавей. Я стала любіць хадзіць на выставы калег. У мяне з'явілася шмат сяброў. І галоўнае — я зразумела найважнейшае ў сабе: трэба заўсёды слухаць сваё сэрца, свой унутраны голас, толькі так можна знайсці свой шлях, свае ўласныя дзверы, за якімі поспех і творчае шчасце.

Уступны конкурс у каледж — ад трох да дзесяці чалавек на месца
Фота Віталя ПІВАВАРЧЫКА

Крысціна Шчамялёва — адна з большасці выпускнікоў глебаўскага вучылішча, якія вырашаюць прадоўжыць мастацкую адукацыю ўжо ў акадэміі, а потым не толькі ствараць самім, але і дзяліцца сакрэтамі майстэрства, выкладаць. Многія з «глебаўцаў», атрымаўшы дыплом ВНУ, вяртаюцца ў сцены каледжа з настаўніцкімі амбіцыямі. Так, Уладзімір Васюк выпуску 1972 года сумяшчае выхаванне моладзі і ў вучылішчы Глебава, і ў акадэміі. Сам ён майстар станковай графікі, геральдыкі і плаката. Уладзімір Уладзіміравіч працуе са студэнцтвам па прадметах «праектная графіка», «дызайн-праектаванне», «праца ў матэрыяле»:

— Сёлета быў у прыёмнай камісіі і спецыяльна выйшаў на прыступкі, каб зноў атрымаць тыя пачуцці, калі сам паступаў. Узгадалася шмат: як вучыліся тады не на вуліцы Петруся Броўкі, 22, а ў будынку опернага тэатра. Мы не толькі суседнічалі з артыстамі, але і прымалі ўдзел у пастаноўках, у масавых сцэнах опер. А дзяўчаты-балерыны (мы дзялілі паверхі з навучэнкамі харэаграфічнага вучылішча) прыходзілі пазіраваць у нашы майстэрні. Глядзелі на нас, як на сур'ёзных мастакоў, давяралі. Групамі тады ўсе мы ездзілі па выставах — хоць і бедныя былі, але меж ніякіх для нас не было. Пабывалі на самых «гучных» вернісажах Масквы, Вільнюса, Кіева, Ленінграда. А якія выкладчыкі ў нас былі! Леанід Дубар, Ніна Лордкіпанідзэ, мэтры Малішэўскі і Ярмоленка. Мы літаральна маліліся на іх, не маглі прапусціць ніводнага занятку. Я лічу так і вучу гэтаму юнакоў: нягледзячы на часы і розныя погляды пакаленняў, у авалодванні прафесіяй мастака акцэнт трэба рабіць не на тэхніку (ёй можна навучыцца, «адшліфаваць»). Трэба навучыцца думаць, вобразна ўспрымаць і адлюстроўваць рэчаіснасць. Браць гледача эмоцыяй, пачуццём, узорам прыгажосці.

У каледж імя Глебава паступаць заўсёды было прэстыжна. Сёлетні ўступны конкурс склаў ад трох да дзесяці чалавек на месца. Набор праводзіўся класічна, па чатырох спецыяльнасцях: жывапіс, дызайн, скульптура і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Новаўвядзенне — да спецыяльнасці «дызайн» цяпер будзе далучацца кваліфікацыя «дызайнер-выканаўца, настаўнік». Сферы, у якіх выпускнікі змогуць працаўладкавацца, самыя шырокія: мастацкія і вытворчыя майстэрні, рэкламныя агенцтвы, дызайн-цэнтры, творчыя саюзы, фотастудыі, выдавецтвы, рэдакцыі і камерцыйныя ўстановы.

Глебаўскі каледж даў незлічоную колькасць таленавітых людзей
Фота Артура ПРУПАСА

Гэтыя юнакі і дзяўчаты толькі пачынаюць свой шлях у мастацтве. І браць прыклад ёсць з каго. Натхняе і тая акалічнасць, што сённяшнім маладым даюць найвялікшую прастору і магчымасці для творчасці, для пробы сябе. Тая ж юбілейная выстава пад назвай «5+» у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі: работы вучняў без ўсялякіх «табеляў аб рангах» размясціліся побач з творамі масцітых майстроў. Яшчэ больш, мастацтвазнаўцы прадумваюць серыю тэматычных экскурсій, звязаных з 70-годдзем вучылішча Глебава і мастацкай пераемнасцю пакаленняў.

— Глебаўскі каледж даў мастацтву XX стагоддзя незлічона таленавітых людзей — мастакоў, выкладчыкаў, — гаворыць мастацтвазнавец і загадчык сектара міжнароднай выставачнай дзейнасці Нацыянальнага мастацкага музея Вольга Клецкіна. — У нашай экспазіцыі мы прадставілі толькі малую частку таго вартага ўвагі, што маглі б паказаць. Фонды Нацыянальнага мастацкага музея настолькі багатыя на шэдэўры беларускіх мастакоў, што не хопіць залаў, каб паказаць усё адразу.

Зрэшты, калі пра выставачныя плошчы, то да юбілею ў вучылішчы імя Аляксея Глебава добрыя змены. У кастрычніку ўстанова адкрые сваю ўласную навучальную галерэю, дзе будуць ладзіць як выставы студэнцкіх работ, так і экспазіцыі гасцей.

ЯН ВАСІЛЁК

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter