Малая Радзiма бiскупа Антонiя

Перадкалядныя прыгатаваннi ў вялiкiх гарадах вызначаюцца шыкам iлюмiнацый, бляскам, мiтуснёю, а ў маленькiх вёсках сагрэюць цiшыня пышных хвояў, размераны рытм жыцця: прырода ў затоеным чаканнi вялiкага цуда — Раства Хрыстовага. У вёсцы Падляскоўе Стаўбцоўскага раёна перадсвяточны настрой перадавала не толькi маляўнiчае наваколле ляснога паселiшча, але i адкрытасць простых вясковых людзей. Мы тут зусiм невыпадкова. Адсюль пачалася дарога ў самастойнае жыццё бiскупа Мiнска-Магiлёўскага Антонiя Дзям'янкi. I калi сёлета ў сродках масавай iнфармацыi з'явiлася паведамленне аб узвядзеннi яго ў высокi духоўны сан, у нашым раёне многiя з гонарам прынялi гэту навiну, асаблiва ў Дзераўнянскай сярэдняй школе, выпускнiком якой ён з'яўляецца.

— Бiскуп Антонiй дзе жыў? — сустрэла нас ля веснiчак свайго двара Фелiцыя Шуцько, — чакайце, апрануся, пакажу.
У вялiкай абшаляванай хаце Дзям’янкаў у Падляскоўi цяпер нiхто не жыве. Адкрасавалi познiя хрызантэмы, няма ўжо чырвоных гронак на калiне ў двары, i прыцягне цяпер увагу хiба што разгалiсты магутны дуб, якi раскiнуў свае шаты над дахам.
Антонiй Дзям’янка нарадзiўся ў шматдзетнай сям’i, дзе было пяцёра дзяцей. Тры яго сястры жывуць у Вiльнюсе, там з iмi цяпер i мацi Ядвiга Антонаўна. Самая старэйшая яе дачка Тэрэза таксама прысвяцiла сваё жыццё Богу, яна манашка, узначальвае манастыр. У Марыны нарадзiлiся нядаўна блiзняты Даменiк i Бярнард, iх i дапамагае гадаваць бабуля. Яшче адна з сясцёр бiскупа, Антонiя, жыве ў Навагрудку, мае трох сыноў.
Фелiцыя Валянцiнаўна з вялiкай павагай расказвае пра Ядвiгу Антонаўну. Гаворыць, што цяжка знайсцi яшчэ такiх працавiтых жанчын, як яна. Мала таго што на ёй была хатняя гаспадарка, пяцёра дзяцей, яна шмат працавала ў мясцовым калгасе, не баялася нiякай работы.
Найбольш пра Антонiя Дзям’янку нам апавядала яго хросная — Марыя Бець. Марыя Мечыславаўна вельмi цёпла ўспамiнае пра бацьку бiскупа Антонiя — Бярнарда Юльянавiча, якi цяпер у вечным спачыне. У 60-х гадах было вялiкае ганенне на царкву. Аднак гэты мудры чалавек нi на што не звяртаў увагi. Кожную нядзелю i ў вялiкiя святы ён браў усiх сваiх дзяцей i вёў iх у касцёл. Нямала прыйшлося перажыць Антонiю ў школе, у армii, дзе насмiхалiся з яго гарачай веры. Аднак ён нiколi не адракаўся ад Бога. Заўсёды вельмi добра вучыўся. Набытых iм ведаў хапiла, каб паступiць у духоўную навучальную ўстанову i стаць святаром.
Маючы цяпер высокi духоўны сан, бiскуп Антонiй, наколькi дазваляе яго напружаны службовы графiк, бывае ў сваiх родных мясцiнах. Вось i ў лiстападзе ўбачылi яго вяскоўцы на могiлках — у дзень Усiх Святых прыехаў да магiлак бацькi, родных. Прывецiў землякоў, сагрэў святлом малiтвы i цяплом свайго сэрца. Заязджаючы ў Падляскоўе, бiскуп Антонiй не пройдзе мiма хат сваякоў, завiтае да хроснай. Спытае пра здароўе, пра справы, благаславiць ружанцам цi абразiкам. Для мясцовых жыхароў, асаблiва для родных сям’i Дзям’янкаў, гэта вялiкi гонар. Як могуць стараюцца прывецiць шаноўнага госця. Выберуць самых спелых яблычкаў, пачастуюць настойкай з калiны. Усе вельмi любяць бiскупа Антонiя. Развiтаючыся, доўга яшчэ глядзяць услед, пакуль не схаваецца за паваротам машына...

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter