Першую конкурсную прэмію і прыз імя Уладзіміра Мулявіна атрымаў у Маладзечна спявак Аляксандр Саванец

Маладзечанскія прызёры

Адной з цэнтральных падзей XVI Нацыянальнага фестывалю песні і паэзіі, які прайшоў у мінулыя выхадныя ў Маладзечне, стаў конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Штогод форум адкрывае сярод яго ўдзельнікаў новыя імёны, даючы пуцёўку на вялікую сцэну пачынаючым артыстам.


Прыз імя Уладзіміра Мулявіна Аляксандр САВАНЕЦ атрымаў з рук удавы музыканта Святланы ПЕНКІНАЙ-МУЛЯВIНАЙ

Адразу дзве адзнакі — дыплом лаўрэата I ступені і ганаровы прыз імя Уладзіміра Мулявіна атрымаў сёлета прадстаўнік Мінскай вобласці Аляксандр Саванец. Вакалам Аляксандр займаецца восем гадоў. Ён скончыў Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў, цяпер — выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Другое месца дасталося Ніне Жукоўскай (Мінск) і Марыне Бараноўскай (Віцебская вобласць). Уладальнікі трэцяга месца — Аляксандр Ласоўскі (Гомельская вобласць), Ксенія Бучылка (Гродзенская вобласць), Аляксандра Вітушкіна (Віцебская вобласць).

Гран-пры конкурснае журы на чале з народным артыстам Беларусі Міхаілам Фінбергам вырашыла сёлета не прысуджаць.

Дарэчы, прызавы фонд конкурсу даволі важкі. Гран-пры — 25 мільёнаў 200 тысяч рублёў. Першая прэмія — 21 мільён рублёў, другая — 16 мільёнаў 800 тысяч рублёў і трэцяя — 12 мільёнаў 600 тысяч рублёў.


Песенную спадчыну Уладзіміра Мулявіна прадставіў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр

У заключным этапе конкурсу ўдзельнічаў 21 артыст — па тры прадстаўнікі ад кожнай вобласці і горада Мінска. Маладыя артысты спявалі пад фанаграму «мінус 1» і ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра. Асаблівасць гэтага творчага спаборніцтва — выкананне твораў беларускіх аўтараў на беларускай мове.

Сёлетні Нацыянальны фестываль песні і паэзіі быў прысвечаны 75-годдзю з дня нараджэння народнага артыста СССР і Беларусі Уладзіміра Мулявіна. У гонар юбілею ў Маладзечне прагучала прэм’ерная праграма Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра, складзеная з твораў славутага музыканта, адбыліся паказ  спектакля «Пясняр» Рускага тэатра імя М. Горкага, выступленне юных выхаванцаў Нацыянальнага цэнтра музычных мастацтваў імя Уладзіміра Мулявіна пад кіраўніцтвам Святланы Стацэнка.

svirko@sb.by

Фота БелТА 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter