Маладыя галасы Беларусі

Заключны тур Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні прайшоў у мінулую нядзелю ў Маладзечне. Мерапрыемства было арганізавана ў межах IX Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2007" Міністэрствам культуры і Нацыянальным аркестрам сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны прафесара Міхаіла Фінберга. Пераможцам конкурсу стала Алеся Кульша з Маладзечна.

21 малады выканаўца прадставіў у заключным туры конкурсу ўсе вобласці Беларусі і сталіцу. У суправаджэнні аркестра канкурсанты выканалі па аднаму твору вядомых беларускіх аўтараў, а іх прафесійнае майстэрства ацэньвала аўтарытэтнае журы пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі кампазітара Эдуарда Зарыцкага. Гран-пры конкурсу заваявала жыхарка Маладзечна Алеся Кульша, першую прэмію атрымала бабруйчанка Анастасія Пагаржэльская, другая была прысуджана канкурсантцы з Фаніпаля Ірыне Вярковіч, трецяя прэмія — гамяльчаніну Паўлу Перавошчыкаву. Астатнія ўдзельнікі сталі дыпламантамі конкурсу. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбудзецца 15—16 чэрвеня, на другі дзень фестываля "Маладзечна-2007". Гэты дзень будзе прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння беларускіх песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter