Маладых спецыялістаў віталі на Шаркаўшчыне

У ААТ “Ельня-Агра” Шаркаўшчынскага раёна на звычайных фермах, дзе няма ні робатаў, ні даільных залаў, звыш 90 працэнтаў малака атрымліваюць сортам экстра. 

— Здаровая жывёла дае здаровую прадукцыю, — канстатуе дырэктар гаспадаркі Міхаіл Якімовіч і дабаўляе: 

— Гэтым мы ў многім абавязаны маладому галоўнаму ветэрынарнаму ўрачу Анжаліцы Фурс, якая працуе ў нас паўгода, але вельмі добрасумленна і прафесійна выконвае свае абавязкі.

Старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Дзмітрый ЛАМАКА (у цэнтры) з маладымі спецыялістамі раёна

Не так даўно сталі членамі акцыянернага таварыства, але паспелі ўжо зарэкамендаваць сябе інжынер па працаёмкіх працэсах Андрэй Асташонак, загадчык мехмайстэрні Уладзіслаў Пажарскі і іншыя. Сям’і механізатара Яўгена Арэха, у якога малое дзіцё, выдзелены катэдж. 

Звыш трох дзясяткаў маладых працаўнікоў і ў ААТ “Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс”. Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Яся Красікава, таксама, між іншым, малады спецыяліст, расказвае, што механізатар Валерый Фёдараў паставіў своеасаблівы рэкорд: засеяў зерневымі 3749 гектараў.

Адразу 4 маладыя спецыялісты ўліліся ў апошні час у дружную сям’ю агратэхсэрвісу. Гэта бухгалтар Таццяна Дземідовіч, электрагазазваршчык Віталь Шэрагаў, трактарыст-машыніст Андрэй Волкаў і токар Ігар Нікалаеў. Прычым апошні за якасны рамонт тэхнікі прадстаўлены для занясення на маладзёжную Дошку гонару прадпрыемства.

Дэлегацыі ААТ “Ельня-Агра” і “Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс” былі аднымі з самых прадстаўнічых на сустрэчы кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі не толькі аграрнага сектара, але і адукацыі, і аховы здароўя, і іншых.

Вітаючы маладое папаўненне раёна, старшыня райвыканкама Дзмітрый Ламака, у прыватнасці, падкрэсліў:

— Добрасумленна выконвайце свае абавязкі, і вас абавязкова заўважаць. Асабіста я ў любы час гатовы прыняць ініцыятыўных са сваімі ідэямі ў сябе.

Праведзены своеасаблівы абрад пасвячэння ў маладыя спецыялісты. Паказаны фільм пра Шаркаўшчыну. Кожны ўдзельнік сустрэчы атрымаў фотаальбом, прысвечаны раёну. Падведзены вынікі фотаконкурсу, прысвечанага Году малой радзімы. Пераможцам — калектывам Цэнтральнай раённай бальніцы, агратэхсэрвісу і “Ельні-Агра” — уручаны прызы і дыпломы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Пасля ўрачыстай часткі ўдзельнікі сустрэчы пабывалі ў аграгарадках Германавічы і Лужкі, дзе наведалі музеі Вялікай Айчыннай вайны, Язэпа Драздовіча, экалагічны клас, пазнаёміліся з іншымі гістарычнымі асаблівасцямі пасяленняў.

Вырашана зрабіць такія сутрэчы традыцыйнымі.

Фота Алены АНАНІЧ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter