Малады гай

Прырода нідзе і ніколі не дапускае пустаты, такое не ў яе «характары»...

У гэтай мясціне прырода мудра паправіла людзей, якія пагаспадарылі тут зусім неразумна

Прырода нідзе і ніколі не дапускае пустаты, такое не ў яе «характары». Асабліва, калі гаворка ідзе пра лес, бо ён валодае здзіўляючай здольнасцю самааднаўляцца, незвычайнай жыццёвай сілай. Тым больш у Беларусі, дзе клімат для гэтага тварэння прыроды выключна спрыяльны. Ніякія стыхіі не могуць выцесніць лес з абжытай ім тэрыторыі. На жаль, даволі часта чалавек не надта разумна ўмешваецца ў гэты выпрабаваны многімі вякамі працэс, парушае законы, па якіх прырода строга наканавала лесу жыць. І як вынік — няма ўжо той гармоніі, збяднела мясціна, што так радавала нас. Ну што ж, мы самі і вінаваты.

Але ж прырода будзе цярпліва выпраўляць людскія памылкі. Такое яе імкненне не на зло чалавеку, а яшчэ адзін доказ: маўляў, глядзі, што па-вінна быць там, дзе ты жывеш.

Так атрымалася і ля гэтай вёскі. Калісьці побач з ёй працякала рачулка, якая арганічна дапаўняла прыгажосць чароўнага куточка. Рачулка была нешырокая і неглыбокая, расказваюць мне мясцовыя старажылы, але ж надта жывая, не перасыхала нават у летнюю спякоту, бо яе пастаянна сілкавалі падземныя крынiцы. Ды прыйшла ў гэтыя мясціны не заўсёды добра прадуманая меліярацыя, яна парушыла жывую сувязь вады і зямлі, і рачулка знікла. Вельмі шкада, але сітуацыю ніяк не паправіць.

Засталося толькі рэчышча, якое летам густа зарастала розным пустазеллем, травамі, кветкамі, ператваралася ў дзіўнае, непрыветлівае месца, дзе не было ніякага праходу, хоць ты прабівай яго з сякерай у руках, як у тых джунглях. І ўсё ж праз некаторы час паўсюдна вытыркнуліся жвавыя дрэўцы, на такой урадлівай глебе яны раслі надзіва хутка і дружна.

Цяпер тут ужо радуе людское вока малады гай. Верх узяла вольха. Дарэчы, яна ў Беларусі — другая ліставая парода па плошчы, якую займае. Нейкі парадокс, ды і толькі: людзі да вольхі адносяцца па-рознаму. Некаторыя не любяць за тое, што пад ёй забалочваецца глеба, у паветры сырасць, вельмі спрыяльныя ўмовы для камароў і іншых насякомых, якіх тут мноства. Думаю, так лічаць тыя, каму пашчасціла — інакш не скажаш — жыць сярод ляснога багацця, і яны ўжо сытыя ім.

Сапраўдныя ж лесаводы кожную пароду дрэў успрымаюць як шчодры і бясцэнны дар Бога і прыроды. У тым ліку, канешне, і вольху. Зусім несамавітае, сціплае дрэва, але колькі дае чалавеку дабра! Лясы з чорнай вольхі — асноўныя лясныя фармацыі, якія займаюць нізінныя балоты ў нашай рэспубліцы. Найбольш высокая іх прадукцыйнасць — на балотах, дзе праточная вада. Гэта Беларускае Палессе. З гэтай чорнай вольхі цяпер вырабляюць унікальную мэблю. Драўніну вольхі выкарыстоўваюць для вырабу музычных інструментаў. Памятаю, як пасля вайны ў маёй роднай вёсцы бондары адмыслова майстравалі з вольхі розны посуд — лёгкі, прыгожы, зручны, як тыя дзіцячыя цацкі. А вярэнька з альховай кары для збору тых жа суніц, чарніц? Да таго лёгкая, што ягады дыхаюць у ёй.

Нашы сяляне калісьці выкладалі з вольхі зрубы калодзежаў, ставілі палі, бо яна надзвычай трывалая ў вадзе і сырой зямлі, служыла вельмі доўга.

Вольха — дрэва-лекар, якое з даўніх часоў вельмі цанілася ў народнай медыцыне. Яе шышачкі, кару і лісце паспяхова прымяняюць супраць многіх захворванняў, асабліва пры прастудзе. Шышачкі, як вяжучы сродак, памагаюць пры энтэрытах і коліках.

Карацей кажучы, вольха, якую, на жаль, часта раней высякалі як дрэва-пустазелле, асабліва ў парках, для чалавека вельмі карысная. Ёй не трэба асаблівыя ўмовы для жыцця, добра расце там, дзе шмат вільгаці, па берагах рэк і азёр, у лесе, на балотах.

Зноў хачу вярнуцца ў сваё пасляваеннае цяжкае дзяцінства, калі вольха ратавала людзей ад холаду. Кіламетры тры ад нашай вёскі за вайну гэтым дрэвам густа зараслі шырокія палі, лугі. І мясцовы ляснік кожнай сям’і адводзіў дзялянку, на якой людзі высякалі маладняк. І хвораст з яго мелі добры, і плошчы ачышчалі. Не прапускалі ніводнага дрэўца, нават кволага дубчыка, бо з дровамі тады было столькі турбот. Часам ляснік шкадаваў нашу шматдзетную сям’ю, якая зі-мой проста замярзала ў халоднай будыніне, і выпісваў некалькі вялікіх вольх на ўскрайку лесу. Мы іх зразалі, грузілі на санкі, дбайна падбіраючы ўсе галінкі. Дома тоўстае бервяно распілоўвалі на цуркі, і калі іх сякерай калолі, яны, высушаныя марозам, лёгка разляталіся, аж звінелі. Вось гэта былі дровы!

Мо, я захапіўся, апавядаючы пра гаспадарчае значэнне вольхі. А з пункту гледжання эстэтыкі? У нашым гаі вольхі надзіва стройныя і высокія, метраў 20. Я стараюся вясной не прапусціць тыя дні, калі вольха зацвітае, прычым першая сярод дрэў. Гэта ў красавіку. Вольхі дружна звешваюць на сваіх галінах доўгія каташкі. Трэба дачакацца ветрыку, нават самага слабенькага. Кране ён галінкі — і над вершалінай дрэва ўзнімаецца воблачка жаўтаватага пылку. Ён вельмі лёгкi, паволі плыве ў паветры.

Аднойчы здарылася так, што частка нашага маладога гаю ледзь не загінула. Панадзіліся прыязджаць сюды ў выхадныя дні на пікнікі вясёлыя кампаніі з горада. І якраз каля гаю іх шыкоўныя іншамаркі грузлі ў глыбокіх калдобінах. Дужыя хлопцы вылазілі з машын, без усякай літасці сяклі і ламалі маладыя вольхі — і пад колы. Ах, колькі дрэўцаў загубілі тыя людзі... Дзякуй лясгасу, які высадзіў побач на лузе саджанцы хвоі і сасны, паставіў адпаведны знак. Для «прышэльцаў» скончылася вольная вольніца, і малады гай расце і ўпрыгожвае гэты невялічкі куточак беларускай зямлі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter