У нацыянальным конкурсе кіно на «Лістападзе» удзельнічаюць 34 карціны

Маладосць i фiльмы «на каленцы»

Для нацыянальнага кіно на «Лістападзе» другі год праводзяць асобны конкурс. На гэты раз у ім удзельнічаюць 34 карціны, знятыя нашымі кінематаграфістамі, сярод якіх, уявіце, ажно 15 ігравых стужак. Адкуль столькі? Дырэктар праграм ігравога кіно Ігар Сукманаў гаворыць, што ў асноўным гэта работы маладых незалежных рэжысёраў, знятыя часам на больш чым сціплыя грошы, прычым, паводле яго слоў, уключана ў конкурс не ўсё прапанаванае, было з чаго выбіраць, што ўсяляе ў арганізатараў аптымізм.


За перамогу паспаборнічаюць карціны «ГараШ» Андрэя Курэйчыка, «Хранатопь», знятая арт-групай, якую ўзначальвае рэжысёр Андрэй Кудзіненка, «Беларускі псіхапат» і «Амерыкан бой» Мікалая Лаўрэцкага, «Сапраўдная амерыканка» Дар`і Жук і іншыя. «Беларусьфільм» прадстаўлены другой рэжысёрскай работай (дэбютнай была «Белыя Росы. Вяртанне») Аляксандры Бутар «Салодкае развітанне Веры».

У намінацыі «Нацыянальнае дакументальнае кіно» таксама фільмы маладых аўтараў, знятыя як у нашай краіне, так і за мяжой. У канкурэнцыю ўступяць 8 стужак. Большасць з іх зроблена, як сказала дырэктар праграм неігравога кіно Ірына Дзям`янава, «на каленцы» — не на дзяржаўных студыях або тэлеканалах, а сіламі невялікіх кінакампаній.

У асноўнай праграме ігравога кіно на золата «Лістапада-2015» прэтэндуюць 11 фільмаў. Лепшыя з іх вызначыць прафесійнае журы на чале са знакамітым расійскім кінарэжысёрам Вадзімам Абдрашытавым. Нашых карцін сярод канкурсантаў няма. У асноўным прадстаўлены стужкі з краін былога сацлагера. Упершыню ўдзельнічаюць В`етнам, Кітай, Куба. Ад Расіі пакажуць двойчы прызёра нядаўняга сочынскага «Кінатаўра» нашумелы фільм «Краіна Оз» Васіля Сігарава. 

Няма нашых фільмаў і ў конкурсе «Маладосць на маршы», дзе заяўлены дэбюты і другія па ліку работы аўтараў, якія здолелі ярка заявіць пра сябе і зрабілі ўдалы марш-кідок у кінасвет. 

У асноўным конкурсе неігравога кіно з фільмам «Беларусь. Дакументальная гісторыя» ўдзельнічае наш вядомы рэжысёр Галіна Адамовіч. Дарэчы, сярод яе сапернікаў знакаміты Сяргей Лазніца са стужкай «Па-дзея» сумеснай вытворчасці Нідэрланды — Бельгія. Фільм «Неверагоднае перамяшчэнне» Аляксандра Анісімава заяўлены ў конкурс карцін для дзяцей і юнацтва.

За час з 6 па 13 лістапада аматараў кіно чакае шэраг цікавых пазаконкурсных кінапаказаў. Тут і карціны-прызёры Канскага, Берлінскага і Венецыянскага фестываляў, і рэтраспектыва шэдэўраў японскага кіно, і начныя сеансы, у праграме аднаго з іх — скандальная драма «Каханне 3D» Гаспара Ноэ, а таксама спецпаказы, у тым ліку і стужка «Тры ўспаміны пра маю маладосць» французскага рэжысёра Арно Дэплешэна, у кадрах якой лёгка пазнаць Мінск, тут фільм часткова здымаўся.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter