«Мала хто хоча звязвацца з помнiкамi архiтэктуры»

Спрэчкi наконт рэканструкцыi Купалаўскага тэатра разгарэлiся вакол  адхiленага  праекта

Спрэчкi наконт рэканструкцыi Купалаўскага тэатра разгарэлiся вакол  адхiленага  праекта

Як толькi з’явiўся праект рэканструкцыi Нацыянальнага акадэмiчнага тэатра iмя Янкi Купалы, адразу знайшлося шмат “спецыялiстаў”, якiя пачалi ў адзiн голас крычаць: “Руйнуецца гiстарычны помнiк, знiшчаецца Аляксандраўскi сквер…” У карыстальнiкаў Iнтэрнета прэтэнзiй было яшчэ больш. Каб расставiць усе кропкi над “i”, мы  звярнулiся да начальнiка Упраўлення па ахове гiсторыка-культурнай спадчыны i рэстаўрацыi Мiнiстэрства культуры Iгара ЧАРНЯЎСКАГА.

— Сапраўды, гэты будынак – помнiк архiтэктуры, — гаворыць Iгар Мяфодзьевiч. — Але стаiць мэта  не захаваць сённяшнi выгляд, а аднавiць першапачатковы, згодна з праектам Карэла Казлоўскага. Таму прыйдзецца “зняць” некаторыя памяшканнi, якiя былi дабудаваны ў 50-я гады. У першую чаргу два “крылы”: з правага i левага бакоў. Тады гэта i будзе сапраўдны гiстарычны помнiк. Адносна яго архiтэктурнага вобраза можна дыскутаваць доўга. Але ёсць больш сур’ёзныя пытаннi: па-першае, будынак не адпавядае патрабаванням Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях, па-другое, ён не задавальняе трупу. Калi будавалi тэатр, нiхто не думаў, што ён стане вядучай установай культуры. Глядзельная зала невялiкая, няма рэпетыцыйных памяшканняў. Да таго ж, калi адмовiцца ад “крылаў”, не будзе месца для адмiнiстрацыi. Шмат нязручнасцей i па прычыне адсутнасцi цэхаў, якiя забяспечваюць дзейнасць тэатра. У першую чаргу маюцца на ўвазе складскiя памяшканнi для дэкарацый, якiя зараз захоўваюцца ў другiм будынку. Акрамя таго, патрэбна павялiчыць колькасць грымёрак. Неабходны i рэпетыцыйныя плошчы. Ды i галоўная сцэна патрабуе сучаснага падыходу. Фактычна яна не мянялася з XIX стагоддзя. Тады наогул не ведалi, што такое тэхналагiчнае абсталяванне. Вось такiя складаныя задачы стаяць перад праекцiроўшчыкамi. I калi па гiстарычнаму вобразу вялiкiх праблем няма (iснуе дастатковая колькасць архiўных матэрыялаў, па якiх будзе аднаўляцца будынак), то тыльная частка, якая, дарэчы, з’явiлася значна пазней, выклiкае шмат пытанняў. Яна павiнна быць прыстасавана да тэатра такiм чынам, каб не дысанiраваць з галоўнай часткай.

— Яшчэ адно з нараканняў тых, хто ўключыўся ў абмеркаванне праекта, – яго даручылi рабiць студэнтам…

— Па-першае, студэнты-архiтэктары самi вызвалiся. Па-другое, чаму мы не можам давяраць моладзi, калi яна зрабiла цiкавей, чым iншыя праекцiроўшчыкi? Справа ў тым, што ў Iнтэрнеце абмяркоўваецца праект, якi навукова-метадычная рада адхi-лiла. Генеральным праекцiроўшчыкам з’яўляецца РУП “Праектрэстаўрацыя”. Першы варыянт, якi iмi быў прадстаўлены, не задаволiў спецыялiстаў якраз па  прычыне дрэннай прапрацоўкi архiтэктуры прыбудовы. Але не так даўно з’явiлася новая праектная прапанова з улiкам усiх заўваг. На мой погляд, у яе ёсць усе шансы, каб рада яе падтрымала. Кардынальна зменены характар аконных праёмаў, што выклiкала пэўныя заўвагi. З’явiлiся дадатковыя  архiтэктурныя элементы. I галоўнае, яны не ўступаюць у супярэчнасць з гiстарычным стылем.

— Iгар Мяфодзьевiч, магчыма, прасцей было аб’явiць конкурс праектаў?

— Любы конкурс патрабуе грошай. Гэта па-першае. Па-другое, каб вызначыць праектную арганiзацыю, трэба правесцi тэндэр, дзе ўлiчваюцца ўсе моманты: цэнавы фактар, тэрмiны i г.д. Па сутнасцi, любая арганiзацыя можа праектаваць, але гэта не значыць, што ў яе ўсё атрымаецца. Рэканструкцыя гiстарычных аб’ектаў патрабуе спецыяльнай тэхналогii, праекцiроўшчыкаў з адпаведнай адукацыяй. I самае цiкавае, што пасля таго, як рада адхiлiла першы варыянт, адбыўся неафiцыйны конкурс, у якiм вызвалiся ўдзельнiчаць толькi студэнты. Iншыя праекцiроўшчыкi маўчалi: мала хто хоча звязвацца з помнiкамi архiтэктуры. А ў нашым выпадку мы маем справу адразу з двума помнiкамi.

— Вы маеце на ўвазе Аляксандраўскi сквер? Гавораць, прыбудова “залезе” на яго тэрыторыю…

— У новым варыянце праекта няма выхаду прыбудовы ў сквер. Не будзе пашкоджана нi адно дрэва. Усё вырашаецца ў межах iснуючых плошчаў тэатра. Як i магчымасць павелiчэння сцэны i адэкватнага ёй рэпетыцыйнага памяшкання. Вырашана пытанне вырабу i складзiравання дэкарацый: адпаведныя службы размесцяцца ў падземным узроўнi. Спадзяюся, што новы праект забяспечыць усе ўмовы заказчыка, якiм у да-дзеным выпадку з’яўляецца сам тэатр.

— Магчыма, прасцей бы было пабудаваць новы тэатр?

— У семiдзесятыя i васьмiдзесятыя гады гэта пытанне ўзнiмалася. Нават былi канкрэтныя прапановы. Але сёння мы маем магчымасць стварыць нармальныя ўмовы працы ў гэтым будынку з рэканструкцыяй iснуючай прыбудовы. Таму пытанне з’яўлення новага тэатральнага будынка нават не стаяла. Практыка паказвае, што няма такой неабходнасцi. Адбылася рэстаўрацыя Вялiкага тэатра оперы i балета, перад гэтым быў капiталь-ны рамонт Белдзярж-фiлармонii. Артысты атрымалi ўсе ўмовы для сваёй дзейнасцi.

— Калi пачнецца рэканструкцыя i як доўга яна працягнецца?

— Пакуль няма дакументацыi, дакладна адказаць на гэта пытанне немагчыма. Зараз намецiлася тэндэнцыя скарачэння тэрмiнаў рэканструкцыi: стаiць задача за год аднавiць Белдзяржцырк, амаль удвая хутчэй, чым спачатку планавалася, зрабiлi оперны тэатр. I ў гэтым ёсць вiдавочны плюс: чым даўжэй рамонт, тым больш грошай ён патрабуе. Думаю, што i Купалаўскi тэатр будзе рэканструяваны ў сцiслыя тэрмiны. Праектная дакументацыя павiнна быць гатова да восенi. Дакладна вядома, што наступны тэатральны сезон купалаўцы пачнуць у iншым месцы. Па патрабаваннях МНС гэты будынак ужо даўно павiнен быць закрыты.

На здымку: так выглядаў будынак у XIX стагоддзi.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter