Карэспандэнт “Р” прыняла ўдзел у пошуках хлопчыка, які згубіўся больш за тыдзень таму ў Белавежскай пушчы

Максіма шукаюць па максімуме

Пакуль нiчога: усе выхадныя міліцыя, ратавальнікі і валанцёры працягвалі пошукі зніклага ў пушчы хлопчыка
Ужо ўся краіна ведае імя Максіма Мархалюка — хлопчыка, які знік у Белавежскай пушчы. У мінулыя выхадныя Свіслацкі раён і аграгарадок Новы Двор сталі месцам, куды з'ехаліся добраахвотнікі з розных абласцей краiны. Карэспандэнт «Р» таксама прыняла ўдзел у маштабнай пошукавай аперацыі.

Юрый КУЛІКОЎ кiраваў працэсам пошукаў

Ратуюць  усе

Суботняй раніцай у цэнтры горада Свіслач шумна і шматлюдна. Месцы ў школьных аўтобусах займаюць дарослыя ў гумовых ботах і вопратцы «для лесу». Працэсам кіруе намеснік старшыні Свіслацкага райвыканкама Юрый Кулікоў.

— Ад раёна будзе больш за 350 чалавек, — называе агульную лічбу Юрый Валянцінавіч. — Хутка вы ўбачыце маштаб таго, што тут адбываецца. Учора ў Новы Двор прыбылі валанцёры з усёй краіны, а таксама спецыяльны атрад ратавальнікаў. Працавалі ўсю ноч. З дапамогай верталётаў, абсталяваных цеплавізарамі, абследавалі лес.

Ад Свіслачы да аграгарадка Новы Двор каля 40 кіламетраў па выдатнай дарозе. Па меры набліжэння да вёскi на абочыне трапляюцца аўтамабілі з мінс-кімi, гомельскімi і гродзенскімi нумарамi. Юрый Кулікоў знаёміць са становішчам.

Штаб, які каардынуе дзеянні ўсіх службаў і добраахвотнікаў, размясціўся ў будынку сельсавета. Побач — палаткі са знакам Чырвонага крыжа. Валанцёры рэгіструюць ізноў прыбываючых, арганізуюць іх харчаванне, аказваюць медыцынскую дапамогу. Аўтамабілі ДАІ, МНС, вайскоўцы. Школьны стадыён таксама запоўнены легкавушкамі і мікрааўтобусамі.

— Зараз атрымаем заданне і нумары квадратаў, — каментуе свае дзеянні намеснік старшыні райвыканкама.  — Гэта зойме некалькі хвілін. Бліжэйшы да аграгарадка лес за мінулы тыдзень абследавалі некалькі разоў. Сёння пойдзем углыб, у запаведную зону.
Практычна ўсе квадраты пушчы ўжо пройдзены

Едзем некалькі кіламетраў па асфальтаванай дарозе. На месцы добраахвотнікі выстройваюцца ў калону і ідуць адзін за адным у вызначаным кірунку. Лес на гэтым участку вельмі густы, таму адлегласць паміж удзельнікамі пошукаў усяго 2—3 метры. Чалавечы ланцужок атрымаўся досыць доўгі. Кіраваць такой вялікай колькасцю людзей цяжка. На пэўнай адлегласці працэс кантралююць супрацоўнікі МНС. Па рацыі яны перадаюць, калі неабходна спыніцца. Яны ж даюць каманду «на старт», калі ўсе стаяць у зыходнай пазіцыі.

Трэба  знайсці хлопца

Кожны крок даецца няпроста. Побач са мной спецыяліст раённага савета дэпутатаў Мікалай Грунтовiч. Упіраемся ў паваленыя дрэвы, зрослыя маладыя елкі, карані. Невялікае балотца напера-дзе прымушае групу падзяліцца на дзве часткі. Ідзём па краі. Ногі гразнуць у чорнай жыжцы, замаскіраванай мохам. Градус хвалявання расце. Хоць вакол чутны галасы і ўсе ўдзельнікі аперацыі ў зоне бачнасці. Спадарожнік дзеліцца думкамі:

— Рэзананс ад знікнення хлопчыка ўскалыхнуў наш спакойны раён і выйшаў далёка за яго межы. Складана ўявіць пачуцці бацькоў. У самога два сыны. Гэта дзіця было жаданым, хоць сям'я і небагатая. Старэйшы брат хлопчыка ўжо скончыў ваенную акадэмію. Працуе. Дрэнна, што ў Максіма не было тэлефона.

Начальнік Свіслацкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Каранчук згодны з меркаваннем суседа з рацыяй:

— Галоўная складанасць у тым, што тут запаведныя лясы. Доступ сюды абмежаваны. Пасля ўсіх бураломаў і ветравалаў тут усё застаецца ў натуральным выглядзе. Леснікі не вядуць тут аніякіх работ, акрамя тых, што звязаны з дарожнай праходнасцю.

Прыкладна 2,5 гадзіны трацім на першы марш-кiдок. Выходзім на поле каля вёсак Студзенікі і Баяры, дзе ладзім невялікі перапынак. Людзі прыводзяць у парадак дыханне. Наперадзе такі ж няпросты шлях назад да аўтобусаў. Зноў неабходна заняць зыходныя пазіцыі на зададзенай тэрыторыі. Добра, што лес на зваротным шляху іншы. Не такі цяжкі. І грыбны. Лісічкі, баравікі, падбярозавікі, сыраежкі, махавікі, рыжыкі. Грыбоў столькі, што мітусіць у вачах. Шкада, хуткі крок не дазваляе спыніцца і зрэзать колькі штук.

Старшыня сельсавета Уладзімір ЗДАНОВІЧ (злева) і супрацоўнікі МНС звяраюць карты
Фота аўтара

Вяртаемся на «базу»  стомленымі і яшчэ больш заклапочанымі. Цэнтр Новага Двара шуміць, як растрывожаны вулей. Большасць выканалі заданне, якое атрымалі раніцай. Прыйшоў час, каб абмяняцца думкамі, трывогамі і планамі на бліжэйшыя дні.

Будан без Макса

У дырэктара Навадворскай школы Алы Ганчарэвiч са дня знікнення Максіма Мархалюка ні адной вольнай хвіліны:

— Школа знаходзіцца на надзвычайным становішчы. Навучальны працэс не перарываецца, хаця вялікая частка настаўнікаў задзейнічана ў пошуках. У панядзелак, на трэці дзень знікнення Максіма, вучні 11-га класа дапамагалі шукаць малодшага вучня. Але ўжо ў аўторак было прынята рашэнне дзяцей да пошукаў не прыцягваць. Усё-такі гэта дзеці. Іх бяспека для нас важней за ўсё. Юрый Кулікоў спрабуе падвесці вынікі яшчэ аднаго дня пошукаў:

— Адчуваецца стомленасць. Перш за ўсё, псіхалагічная. Бачыў, як да бацькі хлопчыка некалькі разоў выклікалі медыкаў. Хочаце паглядзець на будан, дзе гулялі хлопцы?

Пасля запаведных зараснікаў, дзе мы пабывалі сёння, лес каля дома сям'і Мархалюк здаецца бяскрыўдным. Вокны двухпавярховага дома выходзяць на школьны стадыён, дзе любіў гуляць хлопчык. Драўляны будан, пабудаваны даўным-даўно, у свеце сумных падзей выглядае жахліва. Ён знахо-дзіцца прыкладна ў 300 метрах ад школьнага двара. Менавіта тут знайшлі ровар і кошык з грыбамі. Вакол брудна, валяюцца нейкія вяроўкі, кавалкі чарапіцы. Што ж магло здарыцца? Версій і памочнікаў шмат. Вынікаў — аніякіх.

Дзе ж ты, Максімка?

tanula.k@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter