МаксІм, Якога не ведаем

-богданович-1911.jpgБагдановіч быў прыгожым і вельмі сціплым хлопцам.

Беларускі паэт, публіцыст, літаратуразнаўца, перакладчык, адзін са стваральнікаў беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай беларускай мовы. Чытаеш усё гэта пра Максіма Багдановіча і не верыш, што ён паспеў зарабіць усе гэтыя званні ўсяго за 25 гадоў — менавіта ў такім узросце абарваўся лёс нашага земляка сто гадоў таму, 25 мая 1917 года.

А чым можа пахваліцца сучасная моладзь у 25 гадоў — вядзеннем блога ды колькасцю лайкаў пад фотаздымкам? Аднак не будзем разважаць катэгарычна. І сёння ў галовах многіх маладых людзей не толькі папулярнасць у інтэрнэце. Як, дарэчы, і ў Багдановіча жыццё круцілася не толькі вакол літаратуры. Гэта сёння мы называем яго класікам.

А стагоддзе таму ён быў жывым юнаком з захапленнямі, пачуццямі, эмоцыямі... Паспрабуем адкрыць вядомага паэта з невядомых дагэтуль бакоў

Адкрыццё № 1.


Максім мог бы і не ведаць беларускую мову

Выхаванне ў сям’і Багдановіч вялося на рускай мове. Упершыню жывую беларускую мову Максім пачуў у 1895 годзе, калі разам з братамі і маці паехаў у вёску Вяззе пад Асіповічамі, дзе жыла сястра маці цётка Стэфа. “Адтуль Марылька піша лісты свайму мужу, і ў адным з іх ёсць фраза, якая хвалюе многія пакаленні беларускіх даследчыкаў, — расказвае вядучы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Ірына Мышкавец. — Марыя пісала пра дзяцей: “Вообще им здесь не житье, а Масленица... Вот только плохо, что стали говорить по-белорусски. Иногда такое словечко выпалят, хоть сквозь землю провались”. Бацькі Максіма былі русіфіцыраваныя. Маці Максіма Марыя Апанасаўна вучылася ў Санкт-Пецярбургу, бацька Адам Ягоравіч скончыў Нясвіжскую семінарыю, лічыў сябе часткай рускай інтэлігенцыі і хаця беларускую мову ведаў добра, для яго яна была легендай сівой даўніны, якую трэба вывучаць як фальклор. У пяць гадоў адразу пасля смерці маці Максім з сям’ёй пераехаў у Ніжні Ноўгарад. Здавалася б, сувязі з беларускай культурай і роднай мовай будуць разарваны назаўсёды. Але аказалася наадварот. Адам Ягоравіч пераехаў у Ніжні Ноўгарад разам з сёстрамі Марыяй і Магдаленай і іх сем’ямі. Цёткі, як і іх мужы, былі простымі беларусамі. І паколькі Адам Ягоравіч быў заняты на працы, дзеці час праводзілі з імі, пераймаючы беларускую культуру. Праўда, па-сапраўднаму зацікавіўся ёю толькі Максім.

Адкрыццё № 2.

Будучы паэт быў не вельмі паслухмяным вучнем

Даведваемся пра гэта і з успамінаў бацькі паэта Адама Багдановіча, які піша, што Максім рэдка ўважліва слухаў выкладчыкаў, круціўся, размаўляў з суседзямі, жартаваў, спазняўся ці сыходзіў з урокаў, і з шэрага іншых дакументаў. “У Ніжагародскім архіве мы выявілі журнал “О манкировках и проступках учащихся”, куды заносіліся заўвагі вучням мужчынскай гімназіі, дзе вучыўся Максім, — расказвае суразмоўца. — Сярод заўваг будучаму паэту, напрыклад, такія: “дужа спазніўся на першы ўрок”, “пера-шкаджаў весці ўрок лацінскай мовы”, “на ўроку лацінскай мовы займаўся матэматыкай”. Класны кіраўнік Максіма Андрэй Кабанаў пры пераездзе сям’і Багдановіч з Ніжняга Ноўгарада ў Яраслаўль напісаў на хлопчыка такую характарыстыку: “Мальчик хороших способностей, но, к сожалению, не всегда прилежный и внимательный”. Вядома таксама, што ў 1906 годзе Максім атрымаў нездавальняючыя адзнакі па лацінскай, французскай мовах і алгебры і быў пакінуты на другі год у чацвёртым класе. “Праўда, у той час гэта не было так сорамна, як цяпер, і часта сустракалася сярод вучняў. Не адолеў курс — нічога страшнага, ідзі яшчэ раз прайдзі”, — тлумачыць Ірына Вітальеўна.

Меркаванне

-Мышкавец.jpg

Ірына Мышкавец,
вядучы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча:

— Добра, што мы перастаём рабіць з Максіма Багдановіча бронзавага класіка. На самай справе ён жывы чалавек, які мог быць і сумным, і перажываючым, і вясёлым, і жартаўлівым, і саркастычным. Як і ўсе мы. Калі знаёмішся з Максімам бліжэй праз яго творчасць, праз успаміны пра яго, ты зусім па-іншаму ставішся да яго і да кожнага яго верша. Бо ты ведаеш, што гэты верш напісаны не проста так, за ім стаіць пэўная гісторыя ці падзея, расчыняюцца дзверы ў іншы свет — свет пачуццяў, жаданняў, мар.


Адкрыццё № 3.

Любіў гуляць у шашкі і шахматы

Аднакласнік Максіма і яго лепшы сябра Дзіядор Дзябольскі ўспамінае, што будучы паэт асабліва любіў гуляць у шахматы з братам Дзіядора Іванам. “І гэта была зусім не ціхая і засяроджаная гульня, як звычайна, — гаворыць Ірына Мышкавец. — Максім і Іван увесь час смяяліся, ляпалі рукамі па каленях і спявалі. Прычым дурацкія песні накшталт:
Пуговица, вица, вица,
Ля бутон, тон, тон,
Баранина, нина, нина,
Ля мутон, тон, тон!”

Адкрыццё № 4.

Быў вельмі сціплым і сарамлівым хлопчыкам

Гэта рыса характару перашкаджала Максіму завязваць новыя знаёмствы. Той жа Дзіядор успамінае, што ў Яраслаўлі на беразе Волгі быў парк з галоўнай шырокай алеяй, дзе адбывалася найбольш знаёмстваў гімназістаў з гімназісткамі. Дык вось Максім гэтай дарогай ніколі не хадзіў, прапаноўваў Дзябольскаму пайсці нейкай вузкай бакавой сцежачкай. Прычым па вуліцах ішоў заўсёды трохі нахіліўшы галаву, гледзячы спадылба прама перад сабой, ніколі не па баках, словам, стараўся, каб яго ніхто не заўважыў. “Але вось што яшчэ цікава, — працягвае здзіўляць фактамі пра Максіма Ірына Мышкавец. — Нягледзячы на нясмелаць Максіма да першага кроку, калі ён пераходзіў мяжу знаёмства і пачынаў размову, то праз некалькі хвілін незнаёмы дагэтуль чалавек адчуваў сябе з Максімам як з родным. Ён умеў выклікаць прыхільнасць у самых розных катэгорый людзей. Няважна, быў гэта сталы мужчына, цяжарная жанчына або двухгадовая дзяўчынка Вераніка, пляменніца Дзіядора, якая абажала Максіма, і калі ён заходзіў у пакой, радавалася і какетнічала з ім як дарослая”.

Магiла Максiма Багдановiча.jpgТак выглядае магіла паэта ў Ялце.

Адкрыццё № 5.

Не казаў гучна пра свае пачуцці

Адной з галоўных муз Максіма даследчыкі называюць сястру яго  аднакласніка Рафаіла Ганну Какуеву — стройную дзяўчынку з тонкім тварам, цёмнымі вачыма і прыгожымі валасамі, якая таленавіта грала на піяніна. Цяжка дакладна сказаць, ці прызнаваўся Максім ёй у каханні. “Вядома, што ён ніколі не звяртаўся да яе на ты і па імені, называў Ганнай Рафаілаўнай, хаця яна і была не нашмат старэйшая за яго. Яго пачуцці выліваліся найбольш у вершы. Прычым гэта былі, напэўна, рэальныя гісторыі, — лічыць Ірына Вітальеўна. — У адным з іх ён піша:

Вашай цётцы, здаецца, вельмі
прыемна
Рабіць обыск у маім сэрцы.
Яшчэ ўчора яна мне казала:
“Прызнайцеся, што Вы палюбілі Аню!”

Цётка, якая выхоўвала Аню, была купчыхай, досыць багатай і жорсткай, як і належыць бізнес-лэдзі, і адсочвала, з кім сябруюць яе пляменнікі”. Вядома, што Аня ў выніку выйшла замуж за былога аднакласніка Максіма  Івана Лілеева.

Адкрыццё № 6.

Прымаў не ўсіх жонак бацькі

Родная маці паэта памерла, захварэўшы на сухоты, як і многія ў сям’і Багдановіч, калі Максіму было 5 гадоў. Другой жонкай Адама Ягоравіча стала Аляксандра Волжына, родная сястра жонкі Максіма Горкага — маладзенькая 19-гадовая настаўніца, якая вельмі палюбіла Адама і цёпла прыняла дзяцей, як і яны яе. Ёсць нават згадкі, што дзеці пачалі называць яе мамачкай. Аднак гэты шлюб быў вельмі кароткі — у студзені 1899 года павянчаліся, а ў лістападзе Аляксандра памерла пры нараджэнні дзіцятка. Максіму тады было 8 гадоў і ён цяжка перажываў гэтую страту. Даследчыкі сцвярджаюць, што менавіта з вобразам Аляксандры звязаны яго цыкл “Каханне і смерць”. Трэцяй жонкай Адама Багдановіча стала родная сястра першай - Аляксандра Мякота. І, хутчэй за ўсё, яны не вянчаліся, хаця Аляксандра і нарадзіла Адаму Багдановічу яшчэ 5 сыноў. Агульнай мовы з цёткай Максім не знайшоў. Відаць, яму было крыўдна за родную маці. Вядома, што ў гэты час Максім адасобіўся ад сям’і, жыў сваім жыццём і нават не харчаваўся разам з усімі. І ёсць меркаванне, што менавіта з-за адносін з цёткай пераехаў пасля сканчэння ліцэя з Яраслаўля ў Мінск.

Адкрыццё № 7.

З’ехаў на лячэнне ў Ялту не столькі дзеля сябе, колькі дзеля сяброў

Пераехаўшы ў Мінск у 1916 годзе, Максім пачаў адчуваць, што спадчынная  хвароба, сухоты, пачынае развівацца. Максім не хацеў шкадавання з боку сяброў і родных (а ён прадчуваў, што яно будзе), не жадаў лішніх поглядаў і дапамогі. Багдановіч быў вельмі ўражлівым і надзвычай далікатным чалавекам, таму вырашыў у пачатку 1917-га ехаць у Крым. “У лютым рабіць гэта было абсалютна няправільна: неспрыяльнае надвор’е, пачатак рэвалюцыйных падзей, — дзеліцца думкамі Ірына Мышкавец. — Аднак яго логіку перамагло жаданне не нашкодзіць сябрам і не зрабіць ім дрэнна. Развітаўшыся з сябрамі, Максім адправіўся ў Ялту, якая і стала для яго апошнім прытулкам”.


Фота з фондаў музея

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter