Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Максім Танк. Паштоўка, адрасаваная на Кубу

Перабіраючы старыя лісты, натыкнуўся на канверт з адрасам: “Масква п/с 293 — “А” А. М. Карлюкевіч…” А зваротны адрас — Мінск, вул. Кульман, 15 — 118, М. Танк”. Дробны почырк. У канверце — паштоўка. Маскоўскі адрас на самай справе — Куба, вайсковае злучэнне з дыслакацыяй паблізу Гаваны. Туды я патрапіў на службу адказным сакратаром шматтыражнай газеты “Информационный бюллетень”.

Максім Танк

А з народным паэтам Беларусі Максімам Танкам зрэдзьчасу ліставаўся і раней. Меў яшчэ са школьных гадоў яго кнігу з аўтографам — “Дарога, закалыханая жытам”. Зараз зборнік гэты, якім мяне ўзнагародзілі за ўдзел ці перамогу ў адным з конкурсаў радыёклуба “Жывое слова”, перададзены ў Брэсцкую абласную бібліятэку імя Максіма Горкага, як і яшчэ добрая тысяча кніг з маёй хатняй бібліятэкі.

Чытаю даўнюю навагоднюю паштоўку:

“Мінск. 9. 01. 90 г.

Дарагі дружа!

Дзякую за памяць і навагоднія пажаданні. Ад усяго сэрца віншую і Вас з Новым годам. Хай будзе ён для ўсіх нас радасным і шчаслівым, мірным і шчодрым на добрыя справы і здзяйсненні ўсіх нашых найлепшых спадзяванняў.

На вялікі жаль, пра сустрэчу з кубінскім паэтам нічога вартага ўвагі не магу прыгадаць, бо гэта было так даўно. Ды і сам зараз кепска чуюся са здароўем, каб шукаць нейкіх слядоў гэтай сустрэчы ў архівах. Не крыўдуйце на ветэрана.

Максім Танк”.

Пэўна, я распытваў пра іх сустрэчу з Нікаласам Гільенам…На жаль, нітачку памяці звязаць не ўдалося. Але ўсё адно я ўдзячны Максіму Танку і за гэтую паштоўку. Яна была тады для мяне як глыток паветра, а значыць — як глыток роднай беларускай мовы.

 А што да повязяў беларускіх пісьменнікаў з Кубай, да сустрэч нашых паэтаў і празаікаў, то пра гэта ў розныя гады мне шмат расказвалі і Рыгор Барадулін, і Карлас Шэрман, і Алесь Жук...

Дарэчы

Нікалас Гільен — кубінскі паэт, лаўрэат Сталінскай прэміі “За ўмацаванне міру паміж народамі” (1954), Міжнароднай прэміі імя Хрыста Бацёва.

Гільен пры жыцці стаў нацыянальным паэтам Кубы. На беларускую мову яго перакладалі Рыгор Барадулін, Міхась Стральцоў. Музыку на яго вершы пісаў кампазітар Сяргей Картэс.

Голас Радзімы № 30 (3534), чацвер, 10 жніўня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter