Максімава поле

Не бяда, што чагосьці не маеш. Бяда, калі маеш усё і не адчуваеш шчасця, лічыць малады кіраўнік Максім Карпук
КОЖНУЮ вясну, калі закіпаюць белай квеценню сады, збірае сваякоў і аднавяскоўцаў у альтанцы свайго саду, што ў міжрэччы Нёмана і Шчары, выпускнік агранамічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага ўніверсітэта Максім КАРПУК. І сёлета пры надзвычайнай занятасці знайшоў час намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Кіруючая кампанія холдынгу “Агракамбінат “Мачулішчы” для наведвання роднай мастоўскай вёскі Галубы. З сынамі Мікітам і Захарам з Ліпічанскай пушчы ранняй  вясною перасадзілі каля альтанкі тры дубкі. 



ДА ўступных экзаменаў у Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум вясковаму юнаку Канстанціну Карпуку не было магчымасці добра падрыхтавацца. Бацька захварэў на туберкулёз, і клопату хапала ўсёй сям’і. Пяцёра дзяцей дапамагалі маці ўпраўляцца і бацьку ў бальніцы, што ў мастоўскай вёсцы Пескі, па чарзе адведваць. У адной палаце з Вікенціем Карпуком ляжаў Юльян Баклага з суседняй вёскі Маскалі, які расказваў пра сваю сям’ю, пра дачку Таццяну. Ад Косці бацька даведаўся, што сыну не хапіла ведаў для паспяховай здачы ўступных экзаменаў. Юнак год працаваў у калгасе паляводам і рыхтаваўся да паступлення. На наступны год паспяхова вытрымаў уступныя экзамены ў тэхнікум, чым усцешыў цяжка хворага бацьку. Яго хутка не стала. 

Пасля заканчэння вучобы малады спецыяліст атрымаў накіраванне на працу брыгадзірам у вёску Маскалі, дзе лёс падараваў Канстанціну сустрэчу з дачкой таго самага Юльяна Баклагі. Таццяна заканчвала вучобу ў Жалудоцкім медвучылішчы. Неўзабаве пажаніліся. Канстанцін завочна закончыў агранамічны факультэт Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута і ўзначаліў агранамічную службу, а потым і мастоўскі калгас “Чырвоны партызан”. Збудавалі дом. Завялі гаспадарку. Падрасталі сыны Дзмітрый і Максім. У шэсць гадкоў цяжка захварэў старэйшы сын Дзмітрый. Анкалагічную хваробу хлопчыка лячылі ў Рэспубліканскім навукова-даследчым інстытуце ў Бараўлянах. Выкарыстоўвалі розныя варыянты апраменьвання і хіміятэрапіі. Бацькоў маральна падтрымлівалі сваякі і сябры. Таццяна Юльянаўна месяцамі праводзіла з сынам у бальнічных палатах. Канстанцін Вікенцьевіч кіраваў калгасам і дома ўпраўляўся з вялікай хатняй гаспадаркай. 

Малодшы сын Максімка выхоўваўся ў бабулі Леакадзіі. З дзядзькам Аляксандрам хадзіў на пакосы, вучыўся карыстацца мянташкай, дровы калолі, поле аралі і іншымі сялянскімі справамі займаліся. Дзядзька працаваў у Мастоўскай аўтабазе. Вярнуўся ў родныя Маскалі і пайшоў працаваць у лясніцтва. Па сцежках-дарожках з Ліпічанскай пушчы грыбы і ягады кашамі насілі. На затоках Нёмана і Шчары рыбу лавілі. І па гаспадарцы бабулі памагаў. Пасвіў па крутых узвышшах каля рэчкі Шчары атару ў тры дзясяткі авечак. 

За шчасце падлетку было, калі бацька браў яго ў запылены “газік”. Калясілі па калгасных палях і фермах. З малых гадоў асвоіў падлетак сельгастэхніку. Захапляла яго сялянская праца. Актыўна займаўся спортам. У старэйшых класах удзельнічаў у раённых спаборніцтвах па валейболе. Пасля сярэдняй школы падаў дакументы на агранамічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага ўніверсітэта і паспяхова вытрымаў уступныя экзамены. У педагагічным універсітэце вучылася аднакласніца Таццяна Крупіца, з якою сябраваў са школьных гадоў. Разам дамоў на выхадныя наведваліся. 

ПРЫЕМНАЙ навіной для бацькоў стала рашэнне Максіма і Таццяны пажаніцца. Зімою вянчаліся ў Свята-Пакроўскай царкве суседняй вёскі Орля Шчучынскага раёна. Настаяцель праваслаўнага храма блаславіў на доўгі век першы сямейны саюз новага тысячагоддзя. Па мясцовай традыцыі праз два працяглыя масты на Нёмане і Шчары шчаслівы жаніх на руках пранёс нявесту. Адгулялі вяселле, і маладыя паехалі завяршаць вучобу. Таццяна атрымала ад бацькоў у пасаг цялушачку, якую прадалі, далажылі вясельных грошай і купілі недарагую аўтамашыну. Максім адправіўся на вытворчую практыку ў валожынскую гаспадарку імя Куйбышава.

— Старшыня Анатоль Гідлеўскі прапанаваў на ўвесь перыяд практыкі, якая пачыналася вясною і доўжылася да позняй восені, працаваць аграномам па ахове раслін, — адзначае Максім Карпук. — Уладкаваўся на кватэру да вясковай гаспадыні Веры Грыбоўскай, у якой і харчаваўся. На аўтамашыне падвозіў ваду на поле да апрысквальнікаў і сачыў за работай агрэгатаў на апрацоўцы пасеваў. Ураджай збожжавых сабралі багаты. Універсітэцкія выкладчыкі высока ацанілі маю справаздачу аб вытворчай практыцы. Пасля здачы выпускных дзяржаўных экзаменаў мяне размеркавалі па запыце кіраўніцтва гаспадаркі, дзе практыкаваўся. З жонкай Таццянай, якая на пачатку лета таксама атрымала ўніверсітэцкі дыплом, прыехалі працаваць у валожынскую вёску Забрэззе. Нас гасцінна прыняла мая былая гаспадыня Вера Якаўлеўна. Таццяна пачала выкладаць беларускую мову і літаратуру ў мясцовай школе, а я ўзначаліў агранамічную службу калгаса імя Куйбышава, якім кіраваў ужо новы старшыня Вячаслаў Кіслы. У калектыве мяне ўсе ведалі. 

Неўзабаве справілі наваселле ў калгасным катэджы. У выхадныя па-ранейшаму імчалі ў родныя мясціны да сваякоў. Дапамагалі вясною бульбу садзіць, летам сена нарыхтоўваць. Мой бацька выкупіў адпрацаваны калгасны легкавік “ГАЗ-69” з металічнай кабінай. Капітальна адрамантавалі яго ў Мастоўскай райсельгастэхніцы. Ён нам доўга яшчэ служыў.

Сябар дзяцінства Юзік Шэўчык падарыў мне старэнькі трактар Т-16, якім дагэтуль апрацоўваем прысядзібны ўчастак і дадаткова 30 сотак у полі, дзе сёлета пасадзілі бульбу. Вырошчваем і збажыну. 

— А хто кіруе трактарам? 

— Раней бацька садзіўся за руль, а цяпер яму ўжо цяжкавата і больш я працую на ім. Аднавяскоўцы ведаюць наша поле. Яго людзі так і называюць — Максімавым. Былую забалочаную нізіну акультурылі, перааралі і апрацоўваем. Гэты ўчастак сусед Станіслаў Гідрэвіч пятнаццаць гадоў таму нам перадаў. Тут мы садзілі бульбу, а потым засявалі лубінам і іншымі культурамі. Гэта стала маім маленькім доследным полем, дзе штогод я выпрабоўваю новыя сарты сельгаскультур. Глеба там бедная ад прыроды, і для павышэння яе натуральнай урадлівасці распрацаваў і прымяняю чатырохпольны севазварот. Пасля азімага трыцікале сеем азімы рапс. Для абагачэння глебы азотам высяваю лубін, які скошваю на корм жывёле і заворваю пожню. Месяц зямлю трымаю пад парам, а затым ачышчаю ад  пустазелля і высяваю азімыя збожжавыя.

— Гэта ж трэба мець не толькі жаданне, але і час упраўляцца з такой гаспадаркай, да якой не такі блізкі шлях. Як вам гэта ўдаецца?

— Пры жаданні заўжды знойдзеш магчымасць. На сваім легкавіку з валожынскай вёскі Забрэззе з жонкаю імчалі ў родныя Галубы. Сыны нарадзіліся, і з імі адпраўляліся да свайго поля. А потым побач і сад на 25 сотках пасадзілі. Больш за сорак яблынь і груш там растуць. Сваякі дапамагаюць даглядаць. 

— Як ішлі справы на палях валожынскай гаспадаркі, дзе вам даверылі агранамічную службу?

— З першых дзён працы галоўным спецыялістам адкарэкціраваў севазвароты. Наладзіў тэхналогію вырошчвання сельгаскультур. І вынікі сталі заўважнымі. З сярэдняй ураджайнасці 20 цэнтнераў збожжавых з гектара, дзякуючы прымяненню новых тэхналогій, за два гады павысілі аддачу кожнага гектара хлебнай нівы на 10 цэнтнераў. 

Раённае кіраўніцтва прыняло рашэнне, для ўмацавання суседняга калгаса “Зара” перавесці мяне намеснікам старшыні, дзе затрымаўся толькі на паўгода і ўзначаліў агранамічную службу Валожынскага льнокамбіната. Але з гэтым прызначэннем не пагадзіўся старшыня райвыканкама Іван Маркевіч і сказаў, што рана маладому спецыялісту на лёгкі хлеб пераходзіць. У 23 гады атрымаў ад кіраўніка раёна прапанову ўзначаліць два аб’яднаныя ў адну гаспадарку калгасы, якія замыкалі раённыя зводкі па ўсіх вытворчых паказчыках. Год толькі пачынаўся, а на фермах хоць шаром пакаці. І грошай на рахунку як кот наплакаў. Гэта спужала мяне, і нават настройваўся ўсё кінуць і вярнуцца на Гродзеншчыну да бацькоў. Але паразважаў і вырашыў праверыць сябе ў працы. З першых дзён старшынёўства актыўна дапамагала кіраўніцтва раёна. Гаспадарцы выдзелілі ў лізінг тэхніку, і вясною ўсё своечасова і якасна пасеялі. На належным узроўні правялі догляд пасеваў, і ўраджай парадаваў. На наступны год пашырылі плошчы лубіну на лёгкіх супясчаных і пясчаных глебах і не памыліліся. Намалацілі па 26 цэнтнераў з гектара. Тону насення гэтай культуры мянялі на тры тоны збожжа, якое рэалізоўвалі на  Маладзечанскі ХПК, і атрыманыя сродкі пускалі на выплату заробкаў. Дзякуючы Леаніду Зайцу, які кіраваў сельскай гаспадаркай Міншчыны, атрымалі ў лізінг КЗР. Выкасілі ўсе няўдобіцы і назапасілі неабходную колькасць кармоў для грамадскага статка. Сталі расці надоі малака, і заробкі ў жывёлаводаў павысіліся. За два гады падвоілі вытворчыя паказчыкі ў жывёлагадоўлі. Сярэднегадавы надой ад каровы перавысіў чатырохтысячны рубеж. Людзі загарэліся жаданнем працаваць. У Забрэззі пабудавалі лазню, кантору адрамантавалі. 

Старшыня суседняга пяршайскага калгаса Яўген Скрундзь параіў развіваць свінагадоўлю. Але не было сродкаў на гэта. Яўген Яўгенавіч пазычыў 300 парасят. Справы на свінаферме наладзіліся. Па вытворчых паказчыках гаспадарка стала падымацца да ўзроўню лепшых у Валожынскім раёне. Поўнай нечаканасцю для мяне было запрашэнне ўзначаліць лагойскі сельскагаспадарчы комплекс “Трайпл-Агра”.

— У Валожынскім раёне вы ўжо прыжыліся, справы пайшлі няблага, і раптам зноў пераезд. Незнаёмы калектыў, новыя задачы. Не спыніла вас усё гэта?

— Спыняцца на дасягнутым — не па мне. Імкнуся быць у творчым пошуку. Новая гаспадарка, іншы раён. А чаму не паспрабаваць свае сілы там? З двума сынамі і жонкай пераехалі на Лагойшчыну. Сам праектаваў дом з бярозавых бярвенняў. Хутка ўзвялі яго, перасяліліся. У гаспадарцы трэба было неадкладна паўсюдна наводзіць парадак. Бацькі па тэлебачанні ўбачылі рэпартаж з гарамі гною навокал ферм, кінутай тэхнікай і не спадзяваліся, што спраўлюся. Сэрцам яшчэ быў на Валожыншчыне, дзе нарадзіліся нашы хлопчыкі Мікіта і Захар. Паступова ўсё стала наладжвацца. Заняліся рэканструкцыяй жывёлагадоўчых ферм, у земляробстве заўважнымі сталі перамены. Грошы нам не сыпаліся зверху. Іх зараблялі. Узвялі авечкагадоўчую ферму і завезлі з Каўказа пародзістых авечак, нанялі па кантракце чабана-горца, які і сям’ю ў Беларусь перавёз. Закупілі матачнае пагалоўе заморскіх птушак цэсарак і сталі разводзіць. Пасадзілі сад, заняліся пчалярствам. За два гады гаспадарка выйшла ў раённыя лідары па надоях малака і ўраджайнасці збожжавых. Ад кожнай з 300 дойных кароў атрымалі за год каля шасці тысяч кілаграмаў малака. Ураджайнасць збожжавых перавысіла 40 цэнтнераў з гектара. 

Параіліся з галоўным аграномам гаспадаркі Мікалаем Басько і ўпершыню прывезлі ў раён і сталі культываваць цукровыя буракі, якія ў першы год здзівілі ўраджайнасцю ў 500 цэнтнераў з гектара. На камяністых палях-перакатах гэта было сапраўднае дзіва. Па вытворчых паказчыках калектыў “Трайпл-Агра” выйшаў у пераможцы рэспубліканскага спаборніцтва і стаў удзельнікам Рэспубліканскага свята-кірмаша “Дажынкі-2007” у Рэчыцы.

Склаўся моцны калектыў галоўных спецыялістаў-прафесіяналаў. Вялікую ўвагу надавалі развіццю сацыяльна-бытавой сферы. На падворкі гаспадароў, якія трымалі жывёлу, бясплатна завозілі сена, салому. На кожнай жывёлагадоўчай ферме пабудавалі лазні. 

Планаваў на Лагойшчыне заставацца назаўсёды, але праз чатыры гады паступіла прапанова працаваць намеснікам дырэктара УП “Мінскі парнікова-цяплічны камбінат”, якім кіраваў вопытны гаспадарнік Сяргей Лецка. На чатыры гады затрымаўся ў сталічным калектыве і па прапанове кіраўніцтва Мінсельгасхарчу ўзначаліў рэспубліканскую службу па льнаводстве ў Белаграсэрвісе. 

У сталіцы дачушка нарадзілася, але яе амаль што не бачыў. Часта даводзілася бываць у камандзіроўках, займацца мадэрнізацыяй льноперапрацоўчых заводаў. За тры гады працы перааснасцілі шэсць ільноперапрацоўчых прадпрыемстваў. Не заўважыў, як Вуллянка хадзіць стала. 

— Максімава поле і сад вытрымлівалі без гаспадара?

— Гэты куточак для нас святы. Кожную вясну там сям’ёй сустракаем. Старэйшы сын Мікіта ўжо дапамагае даглядаць сад. Хутка і малодшы Захар падтрымае яго. Сыны і дачушка растуць кемлівымі і паслухмянымі. 

Пад шатамі яблынь і груш альтанку паставілі. Як зацвітае сад, усёй раднёю збіраемся там. Запрашаем суседзяў, сяброў. І сёлета традыцыю не парушылі. Дзень Перамогі з бацькамі, братам Дзмітрыем, які працуе рамонтнікам у мясцовай гаспадарцы, аднавяскоўцамі адзначалі ў квітнеючым садзе, які сам садзіў і песціў. І ганаруся, што людзі назвалі яго маім імем. Усё гэта дае пазітыўны настрой для працы ў ААТ “Кіруючая кампанія холдынгу “Агракамбінат “Мачулішчы”, дзе з мінулагодняй восені адказваю за сельскагаспадарчую вытворчасць. 22 калектывы з розных рэгіёнаў рэспублікі ўваходзяць у холдынг. Агульная плошча сельгасугоддзяў перавышае 220 гектараў. На жывёлагадоўчых фермах толькі дойнага статка звыш 51 тысячы кароў. Холдынг аб’ядноўвае такія вядомыя гаспадаркі, як гродзенскія “Васілішкі”, палескія “Парахонскі” і “Почапава”, віцебскія “Рудакова” і “Наватар”, пружанскія “Айчына”, “Жураўлінае”,  “Ружаны-Агра”, мінскія “Клемавічы” і іншыя.

Самае перадавое і сучаснае сабрана на гэтых сельгаспрадпрыемствах. Вопытныя спецыялісты кіруюць вытворчасцю, і эканамічныя паказчыкі даволі высокія.

— Максім Канстанцінавіч, з усіх пасад, на якіх вам давялося працаваць, што больш сэрца грэе?

— Калі кіраваў гаспадаркамі. Адказнасць вялікая перад дзяржавай і калектывам. Там ты бліжэй да зямлі і людзей, лёсы якіх табе давераны. Гэтая праца дае найлепшую магчымасць праявіць арганізатарскія і прафесійныя здольнасці, адчуваць душу чалавека.

— Вам няма яшчэ і сарака гадоў, яшчэ столькі задум можа быць, столькі новых планаў. Пра што вам марыцца?

— Пра задумы і жыццёвыя перспектывы лепш памаўчаць, каб збылося. Не бяда, што чагосьці не маю. Бяда, калі маеш усё і не адчуваеш шчасця. Кожная новая пасада выпрабоўвала мяне як спецыяліста і арганізатара. Удзячны лёсу, што прайшоў такую практычную школу гаспадарання. Цяпер настае перыяд аддачы набытага вопыту. Галоўнае, заставацца запатрабаваным у грамадстве. 

Уладзімір Субат

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter