«Максім Танк. На камні, жалезе і золаце»

Учора ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася прэзентацыя кнігі «Максiм Танк. На камнi, жалезе i золаце», прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі.

Захаваліся каштоўныя ўспаміны аб народным паэце

Учора ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася прэзентацыя кнігі «Максiм Танк. На камнi, жалезе i золаце», прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі.

Кожнае выданне мае сваю гісторыю. Вядомы літаратуразнаўца Уладзімір Казьбярук даслаў свой рукапіс у выдавецтва яшчэ ў 2002 годзе, да 90-годдзя паэта. Тады нават не было папулярнай прэстыжнай серыі «Жыццё знакамітых людзей», у якую цяпер увайшла кніга «Максiм Танк. На камнi, жалезе i золаце». Якраз у той час аб’ядноўваліся выдавецтвы «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва». Падчас такой блытаніны рукапіс згубіўся. Успомнілі аб ім зусім нядаўна, якраз да 100-годдзя Максіма Танка. Аб гэтым паведаміў «БН» галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп.

— Але, можа, і добра, што матэрыялы ў гэтую кнігу Уладзімір Казьбярук збіраў вельмі даўно. Бо цяпер не змяшчала б яна ўспамінаў такіх знакамітых людзей, як Янка Брыль, Іван Шамякін, Васіль Вітка, Алег Лойка, Рыгор Шырма,Уладзімір Калеснік…

Кніга, прысвечаная Максіму Танку, складаецца з дзвух раздзелаў. У першым сабраны ўспаміны, нарысы, эсэ аб народным паэце, а ў другім яму прысвячаюць свае вершы Якуб Колас, Алесь Ставер, Уладзімір Караткевіч і іншыя.

Змяшчае кніга і «Невядомае аб жыцці паэта». Яўген Несцяровіч, лёс якога пераплятаўся з жыццём Максіма Танка, не мог не падзякаваць народнаму паэту хоць бы цяпер, калі Яўгена Скурко няма… І даслаў у выдавецтва свой успамін.

Дарэчы, у гэтыя дні ўшаноўваюць Максіма Танка ва ўсёй нашай краіне. Асабліва ў тых мясцінах, з якімі непасрэдна быў звязаны лёс паэта. Так, ён калісьці працаваў карэспандэнтам у газеце «Вілейская праўда». І 20 верасня землякі паэта з Мядзельшчыны, артысты народнага вакальнага гурта «Натхненне», прыедуць у Вілейку. У Палацы культуры горада адбудзецца літаратурна-музычная імпрэза «Я сэрцам пісаў сваю кожную песню», прысвечаная юбілею Максіма Танка. Мерапрыемства ладзіцца найперш для школьнікаў, але ўсе, хто пажадае, змогуць пазнаёміцца з творчасцю паэта. Аб гэтым паведаміла дырэктар Вілейскага Палаца культуры Вольга Шляпо. Гледачы пабачаць выступленні ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Палаца культуры, фальклорнага гурта «Чабарок» і танцавальнага ансамбля «Карагод», якія створаны вучнямі гімназіі № 1 Вілейкі. Супрацоўнікі Цэнтральнай раённай бібліятэкі прачытаюць вершы народнага паэта.

Вікторыя КОРШУК

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter