Махнаты чмель – на духмяны хмель

У ШЭРАГУ раёнаў Брэстчыны (а менавіта гэта вобласць вельмі падыходзіла па ўмовах надвор’я для вырошчвання хмелю) былі нават пабудаваны спецыяльныя пляцоўкі. У тым ліку і на Пружаншчыне. Аднак у сувязі з эканамічнымі зменамі вырошчванне хмелю прыйшло ў заняпад. Як расказвае ўладальнік фермерскай гаспадаркі «Магнум-хмель» Андрэй АНТАНОВІЧ, практычна паўсюдна пляцоўкі для вырошчвання гэтай культуры былі разбураны. І толькі адзінкавыя, у тым ліку ў Пружанскім раёне, захаваліся.

Сёння гэта культура для нас – экзотыка. А яшчэ чвэрць стагоддзя таму на Беларусі дзейнічала спецыяльная ўсесаюзная праграма.

У ШЭРАГУ раёнаў Брэстчыны (а менавіта гэта вобласць вельмі падыходзіла па ўмовах надвор’я для вырошчвання хмелю) былі нават пабудаваны спецыяльныя пляцоўкі. У тым ліку і на Пружаншчыне. Аднак у сувязі з эканамічнымі зменамі вырошчванне хмелю прыйшло ў заняпад. Як расказвае ўладальнік фермерскай гаспадаркі «Магнум-хмель» Андрэй АНТАНОВІЧ, практычна паўсюдна пляцоўкі для вырошчвання гэтай культуры былі разбураны. І толькі адзінкавыя, у тым ліку ў Пружанскім раёне, захаваліся.

— Гэта і стала вырашальным пры выбары месца для стварэння нашай фермерскай гаспадаркі,— расказвае Андрэй Валер’евіч.— Акрамя таго, тут жа ў выдатным стане захавалася хмелесушылка. Дзякуючы добрай волі старшыні райвыканкама з’явіўся «Магнум-хмель».

Хмеляводства для сям’і Антановічаў з Маларыты — сямейная справа. Бацька, Валерый Мікалаевіч, дваццаць гадоў таму вырашыў займацца менавіта ёю. А пасля такі ж шлях выбраў і сын.

Нягледзячы на тое, што піўзаводы краіны штогод спажываюць да 300 тон гэтай сыравіны, значная частка яе імпартуецца. Вырошчваннем хмелю па ўсёй рэспубліцы займаюцца толькі двое Антановічаў. Іх уклад у імпартазамяшчэнне складае каля 15 працэнтаў.

Адным з галоўных фактараў гэтага дысбалансу з’яўляецца тое, што хмель — вельмі патрабавальная і капіталаёмістая культура.

— Па-першае, неабходна выбраць пляцоўку для яго вырошчвання, — тлумачыць фермер.— Патрабуецца добрая зямля з неглыбокім заляганнем грунтовых вод. Потым трэба зманціраваць спецыяльныя слупы для вырошчвання раслін, якія ў вышыню дасягаюць васьмі метраў.

Вядучую ролю адыгрывае і клімат. Напрыклад, у Маларыцкім раёне практычна штогод бываюць моцныя ветры, якія нават слупы ломяць. Негатыўна сказваюцца і навальніцы з градам, якія пазалетась сталі прычынай неўраджаяў у Заходняй Еўропе. А вось на Пружаншчыне, каля вёскі Слабудка, дзе і знаходзіцца пляцоўка хмелю фермерскай гаспадаркі, такіх бедстваў за восем апошніх гадоў пакуль не было. Асабліва спрыяльным стаў гэты год, калі раслінам хапала і вільгаці, і цяпла. У выніку фермер мяркуе сабраць неблагі ўраджай.

Яшчэ адной з праблем з’яўляецца тэхніка. Пакуль у гаспадарцы не ўся праца механізавана, ёсць яшчэ восем работнікаў. Так, існуюць спецыяльныя машыны для збору раслін, апрацоўкі шышак. Аднак яны выпускаюцца толькі за мяжой і іх кошт — дзясяткі тысяч еўра. У такім выпадку выгадней фермеру плаціць зарплату людзям. Відавочна, што без дзяржаўнай праграмы падтрымкі хмеляводаў справа застанецца на «местачковым» узроўні.

Пакуль жа гаспадарка здолела набыць спецыяльны хмелеапрацоўваючы камбайн, які значна паскорыў работу.

— Мы культывуем некалькі сартоў хмелю, самым першым з якіх стаў «магнум». Ад яго і пайшла назва гаспадаркі, — гаворыць Андрэй Валер’евіч. — Сарты падабраны такім чынам, каб расліны выспявалі неадначасова. Але і ў такім выпадку ўсе работы павінны закончыцца за 14 дзён.

Сёння на Беларусі хмель выкарыстоўваецца толькі для вырабу піва. Нязначную частку купляюць хлебазаводы, хаця ў краіне вырабляюць лекавыя і гігіенічныя сродкі з выкарыстаннем хмелю. Значыць, і гэта галіна эканомікі імпартуе сыравіну.

Як расказвае фермер, планы ў яго вялікія. Ёсць абсталяванне для пашырэння пляцоўкі, шчыльна працуюць Антановічы і з доследнымі інстытутамі краіны, якія займаюцца вывядзеннем новых сартоў «ін-вітра».

Нягледзячы на цяжкасці, Антановіч не збіраецца адмаўляцца ад любімай справы, пра якую можа расказваць гадзінамі. І рыхтуецца да штогадовай выставы піўной вытворчасці ў Нюрнбергу, у якой удзельнічаюць і фермерскія гаспадаркі, што займаюцца вырошчваннем хмелю. Там ён прадставіць свае напрацоўкі, пахваліцца сёлетнім ураджаем пад шыльдай «Вырашчана на Пружаншчыне».

Алег СІДАРЭНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter