Магутны патэнцыял дружалюбнага супрацоўніцтва

Беларусь і Кітай пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць у далейшым развіцці ўсебаковага стратэгічнага партнёрства
Беларуска-кітайскае супрацоўніцтва можна праілюстраваць рознымі лічбамі і многімі фактамі. Гаварыць пра дынаміку тавараабароту, інвеставання, крэдытную падтрымку, пералічваць сур’ёзныя сумесныя праекты. Гэта будзе салідна і пераканаўча. Аднак не нова. А вось словы, якія сказаў член Палітбюро Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая, сакратар палітыка-юрыдычнай камісіі ЦК КПК Мэн Цзяньчжу на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі ў Мінску, на маёй памяці прагучалі ўпершыню. Ад Старшыні КНР Сі Цзыньпіна госць перадаў Аляксандру Лукашэнку такія словы:

— Прэзідэнт Лукашэнка — мой самы блізкі сябар... Сярод усіх лідараў свету толькі з Прэзідэнтам Лукашэнкам я магу адкрыць душу.

Для разумення значнасці сказанага неабходна ўлічваць, што кітайцы наогул асцярожныя і педантычныя ў выбары партнёраў. Таму лірычную прыпраўку дыпламатычнага слоўніка трэба расцэньваць як дэманстрацыю вышэйшай ступені даверу. Хоць, падавалася б, куды ўжо вышэй. Яшчэ тры гады назад Мінск і Пекін аб’явілі пра ўсебаковае стратэгічнае партнёрства. Кіраўнікі дзвюх краін дамовіліся аб штогадовых сустрэчах. І вось рыхтуецца чарговы візіт Прэзідэнта ў Кітай. Ёсць усе падставы чакаць, што па яго выніках будзе заяўлена пра яшчэ больш высокі статус узаемадзеяння. Прынамсі, з размовы, якая адбылася ў Палацы Незалежнасці ў Мінску, вынікае, што абодва бакі поўныя менавіта такіх намераў.


Фота БелТА

Пазіцыя Прэзідэнта Беларусі вядомая і пастаянная. Ён катэгарычна супраць палітычнага турызму. Афіцыйнае наведванне той ці іншай краіны павінна мець цалкам канкрэтныя і бачныя вынікі. Эфект ад папярэдніх кантактаў на вышэйшым палітычным узроўні відавочны. У нас салідны тавараабарот, але акцэнт на просты гандаль ужо даўно не галоўны. Кітай — адзін з буйнейшых інвестараў у беларускую эканоміку. Аб’ём адкрытых ім шматмільярдных (у доларах) крэдытных ліній настолькі вялікі, што ўрад пакуль нават не можа прапанаваць адэкватную колькасць праектаў пад гэтыя магутныя інвестыцыі. Гэта гаворыць пра тое, што пры ўсёй дынаміцы дзелавога ўзаемадзеяння яна  яшчэ адстае ад тэмпу развіцця палітычнага дыялогу. І гэтую частку трэба падцягваць. Тым больш што нашай краіне адведзена роля аднаго з апорных пунктаў глабальнага кітайскага праекта эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Сумеснае будаўніцтва пад Мінскам індустрыяльнага парка “Вялікі камень” — адно з ключавых звёнаў гэтай стратэгічнай задумы.

Аднак трэба рухацца далей. Мэн Цзяньчжу прыязджаў у Мінск не з простым візітам ветлівасці. З боку КНР ён узначальвае беларуска-кітайскі міжурадавы камітэт па супрацоўніцтве. Пасяджэнне гэтага органа ў Мінску якраз і было нацэлена на дзелавое напаўненне маючага адбыцца візіту Прэзідэнта ў Пекін. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звяртае ўвагу на тое, што ў наступным перыядзе асаблівы ўпор у супрацоўніцтве трэба зрабіць на абмен тэхналогіямі ды інвестыцыямі. Яшчэ адзін значны рэзерв — развіццё прамога ўзаемадзеяння паміж рэгіёнамі. Кітайскім бокам гэтыя ініцыятывы ўспрынятыя і падтрымліваюцца.

На думку Прэзідэнта Беларусі, інтэнсіфікацыя кантактаў паміж дзвюма краінамі назіраецца ва ўсіх без выключэння сферах. Так, праведзены ў маі мінулага года беларуска-кітайскі бізнес-форум надаў новы імпульс наладжванню міжрэгіянальных сувязяў.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, з боку кітайскіх рэгіёнаў усё больш праяўляецца практычны інтарэс да цеснага супрацоўніцтва. Падчас перагавораў узаемным было меркаванне аб неабходнасці яшчэ больш актывізаваць міжрэгіянальныя кантакты як аснову гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, якое павінна дасягнуць такога ж высокага ўзроўню, як і палітычнае.

Пры гэтым Прэзідэнт выказаў меркаванне, што тэхналагічныя ды інвестыцыйныя сувязі павінны стаць прыярытэтнымі ва ўсім комплексе маштабнага беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння. “Нядаўні запуск беларускага спадарожніка з кітайскага касмадрома Січан і стварэнне сучасных абаронных сістэм вывелі на новую, вельмі даверную вышыню наша тэхналагічнае партнёрства. Нараўне з інвестыцыйным яно павінна стаць галоўным рухавіком двухбаковага ўзаемадзеяння”, — заявіў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт не сумняваецца, што другое пасяджэнне беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве, на якое якраз і прыехала кітайская дэлегацыя на чале з Мэн Цзяньчжу, будзе выніковым і дасць магчымасць вызначыць канкрэтныя напрамкі далейшага эфектыўнага развіцця беларуска-кітайскіх адносінаў, а таксама рэалізацыі дамоўленасцяў на вышэйшым узроўні.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў высокаму кітайскаму госцю за пільную ўвагу да пытанняў умацавання беларуска-кітайскай дружбы і партнёрства. “Думаю, што на гэтым шляху ў нас усё атрымаецца”, — выказаў упэўненасць Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Мэн Цзяньчжу адзначыў усёабдымны характар супрацоўніцтва з Беларуссю. На яго думку, дзякуючы лідарам дзвюх краін кітайска-беларускія адносіны ўмацоўваюцца і развіваюцца. Ён канстатаваў высокі ўзровень палітычнага ўзаемадавер’я і ўзаемную падтрымку на буйных міжнародных мерапрыемствах.

“Мы рашуча падтрымліваем адзін аднаго па важнейшых праблемах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць”, — адзначыў кітайскі госць. Член Палітбюро ЦК КПК таксама высока ацаніў ролю беларускага лідара ў развіцці беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. Ён падкрэсліў, што Кітай разглядае маючы адбыцца візіт Прэзідэнта Беларусі ў Пекін як важнейшую падзею ў беларуска-кітайскіх адносінах у бягучым годзе.

Цяперашняя прадстаўнічая кітайская дэлегацыя ў тым ліку прапрацоўвае пытанні падрыхтоўкі візіту беларускага лідара ў Кітай: “Мы спадзяёмся на эфектыўную работу ў Беларусі і на тое, што ўнясём свой уклад у развіццё традыцыйна дружалюбных двухбаковых адносінаў”.

Кітайска-беларускія адносіны перажываюць найлепшы час у гісторыі свайго развіцця. Пра гэта заявіў журналістам член Палітбюро Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая, сакратар палітыка-юрыдычнай камісіі ЦК КПК Мэн Цзяньчжу.

“Лічым, што ўзаемадзеянне паміж беларускім і кітайскім народамі мае вельмі шырокія перспектывы. Мы ўпэўнены ў яшчэ больш светлай будучыні нашага ўзаемадзеяння”, — сказаў Мэн Цзяньчжу.

Паводле слоў сакратара камісіі, у палітычным плане краіны маюць супадаючыя пазіцыі па большасці актуальных пытанняў міжнароднага парадку дня. “У нас беспрэ­цэндэнтна высокі ўзровень узаемнага палітычнага даверу”, — падкрэсліў ён.

Няспынна ўмацоўваецца гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва краін, адзначыў Мэн Цзяньчжу. “Узорны праект супрацоўніцтва нашых краін — Кітайска-беларускі індустрыяльны парк — здзіўляе ўсіх па сваіх маштабах і тэмпах развіцця”, — заявіў член Палітбюро ЦК КПК.


Аляксандр Лукашэнка:


За 25 гадоў з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносінаў Беларусь і Кітай зрабілі вельмі многае для ўмацавання двухбаковых сувязяў. У нашым дыялогу няма закрытых тэм і нявырашаных праблем. Інтэнсіфікацыя кантактаў назіраецца ва ўсіх без выключэння сферах


Мэн Цзяньчжу:


Кітайска-беларускія сяброўскія адносіны і супрацоўніцтва цяпер перажываюць найлепшы час у гісторыі свайго развіцця. Лічым, што ўзаемадзеянне паміж беларускім і кітайскім народамі мае вельмі шырокія перспектывы. Мы перакананы ў яшчэ больш светлай будучыні нашага ўзаемадзеяння


Васіль Харытонаў

Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?