Вандроўкі з Уладзімірам Субатам. Прынямонскае мястэчка Магільна

Магільна: пад белымі крыламі і боскім следам

БАЛТЫЙСКА-ЧАРНАМОРСКІ водападзел, па якім пралягаў старадаўні гандлёвы шлях “з варагаў у грэкі”, разводзіць у супрацьлеглыя бакі плыні чатырох дзясяткаў рэчак і раўчукоў, што перасякаюць тэрыторыю Уздзенскага раёна. Менавіта тут вытокі “чысцейшага чэрвеньскіх рос” Нёмана, на левабярэжжы якога ўхутана густымі шатамі векавых дрэў мястэчка Магільна. 

У пісьмовых крыніцах яно ўпамінаецца ў 1284 годзе як месца гістарычнай бітвы князя Гінпольда з мангола-татарскай ардой. Пасля сакрушальнай паразы каля Магільнага ў стэпавых качэўнікаў назаўсёды адпала жаданне паходаў на захад. 


У ХIV стагоддзі князь Вялікага Княства Літоўскага Вітаўт перадаў прынёманскі маёнтак Монвідам-Дарагастайскім, якія парадніліся з заможным родам Радзівілаў. Ад іх уладанне перайшло роду Пацаў. Віцебскі ваявода Станіслаў Пац узвёў на левабярэжжы Нёмана драўляны замак, які праз стагоддзе быў знішчаны разам з паселішчам у руска-польскую вайну.

Паступова адраджаліся разбураныя сядзібы Ма- гільнага. Тут прайшлі юнацкія гады філосафа Саламона Маймана, які два стагоддзі таму займаўся даследаваннямі матэматычнай логікі, вывучаў жыццё і побыт простага люду.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у мястэчку — цэнтры воласці Ігуменскага ўезда Мінскай губерні Расійскай імперыі дзейнічалі народнае вучылішча, царква і сінагога. Па Нёмане да Балтыйскага мора сплаўляўся лес, гандлёвыя судны прымала прыстань, працаваў вадзяны млын. Уладарылі Магільным Вітгенштэйны.

Ваенныя падзеі мінулага стагоддзя пакінулі разбуральны след у прынямонскім мястэчку, якое з 1924 года стала цэнтрам сельсавета Уздзенскага раёна.

Нямецка-фашысцкія акупанты ў 1943 годзе знішчылі тут шмат падворкаў. Загінула 56 мірных жыхароў. Помнікам на брацкай магіле і абеліскамі ўвекавечана памяць змагароў з гітлераўцамі. 

На тэрыторыі сельсавета дзейнічаюць два сельгаспрадпрыемствы, фермерская гаспадарка, лясніцтва, сярэдняя школа, два дзіцячыя садзікі, сацыяльна-бытавыя службы.

КОЖНАЯ вялікая і нават самая маленькая рака мае выток. Слынны бацька-Нёман пачынаецца на Уздзеншчыне з сутокаў рэчак Нёманец і Лоша. Блакітная стужка плыні змейкай уецца паміж перакатамі лугоў, палёў, густых бароў, агінае выцягнутае на высокім левабярэжжы Магільнае і бяжыць-спяшаецца да коласаўскіх дубоў Мікалаеўшчыны і далей нясе свае воды да Балтыкі.

Не аднойчы даводзілася любавацца магутнаю рачною плынню каля Шчорсаў і Любчы, з крутога берага ў Мастах і Гродне. Пэўна, нездарма столькі палацаў збудавана заможнымі гаспадарамі мінулых стагоддзяў на нёманскіх берагах. Ні з чым не параўнальная прыцягальная моц прыгажосці Панямоння. 

Старшыня сельвыканкама Наталля КРУК і галоўны спецыяліст райвыканкама Кацярына ІВАНОВА

І ў мястэчку Магільна, якое атрымала статус аграгарадка, агортвае пачуццё чароўнасці. Стары парк на высокім пагорку, дзе ў мінулыя часы ўзвышаўся храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца. Пад векавымі дрэвамі казачным выглядае будынак былой канторы гаспадаркі, у якім цяпер рыхтуюць абеды для хлебаробаў. У розныя бакі ад цэнтра разыходзяцца вуліцы, забудаваныя ў асноў- ным драўлянымі дамамі. Перад кожным падворкам – палісаднікі з кветкамі і дэкаратыўнымі кустамі. Святочнымі прыгажунямі ў белых вэлюмах выглядаюць з-за агародж кучаравыя каліны. Патанае ў зеляніне разгалістых дрэў двухпавярховы адміністрацыйны будынак ААТ “Наднёман”. 

Загадчыца фермы Надзея КАЛЫБА і дырэктар ААТ “Наднёман” Сяргей ЛАБАНАЎ

Дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Лабанаў прапанаваў пачаць вандроўку па Магільным з жывёлагадоўчай фермы. Тут нас сустрэла загадчыца Надзея Калыба. Па гаворцы адчувалася — не мясцовая. З мужам прыехалі ў Беларусь з далёкага Казахстана. Надзея Іванаўна адзінаццаты год кіруе калектывам жывёлаводаў, якія даглядаюць больш за тысячу галоў буйной рагатай жывёлы. Летась ад кожнай з 210 кароў надой перавысіў шэсць тысяч кілаграмаў малака. У памяшканнях, па якіх правяла нас гаспадыня, чысціня і парадак. Святлана Быстрык, Алена Суткус і Таццяна Пармон закончылі дзённую дойку і мылі апараты. За кожнай з іх замацавана па паўсотні кароў. Па трубах малако паступае ў халадзільнік. За мінулы год, як адзначыў дырэктар сельгаспрадпрыемства, рэалізавана амаль 4000 тон малака пры таварнасці 92 працэнты. За выручаныя сродкі сваімі сіламі ўзводзіцца новае памяшканне на малочна-таварнай ферме “Яршы”, якая, дарэчы, лідзіруе па надоях у гаспадарцы. Ад кожнай каровы там летась атрымана амаль па восем тысяч кілаграмаў малака. У задумах Сяргея Лабанава – будаўніцтва даільнага цэха ў Касцяшах, каб заахвоціць моладзь на ферму.

Жывёлаводы Святлана БЫСТРЫК, Алена СУТКУС, Таццяна ПАРМОН

Ад жывёлаводаў накіраваліся на бураковую плантацыю. Ад Сяргея Уладзіміравіча пачуў, што цукровыя буракі даюць найбольшы прыбытак у раслінаводстве гаспадаркі. Пад пасевы іх штогод адводзіцца 250 гектараў, і з кожнага атрымана па 650 цэнтнераў салодкіх каранёў. 

На полі, што ва ўрочышчы Галавачы, працаваў трактар МТЗ-920. Механізатар Уладзімір Дашчэчка хімікатамі апрацоўваў пасевы ад пустазелля. Галоўны аграном Анатоль Якавіцкі аглядаў усходы. Сорак гадоў ён кіруе агранамічнай службай. Сваю справу рыхтуецца перадаць маладому спецыялісту Артуру Валогу, які закончыў Мар’інагорскі дзяржаўны аграрны каледж і працягвае завочна вучобу на аграфаку Белдзяржсельгасакадэміі. 

Механізатары Уладзімір ДАШЧЭЧКА і Мікалай СУДНІК

Маладыя кадры папаўняюць лясніцтва. Ім кіруе Аляксандр Чуйко. У старэйшых класах ён займаўся ў школьным лясніцтве, дзе гаспадыня — настаўніца Дар’я Бабейкіна. Пяцёра яе выхаванцаў вучацца на лесатэхнічным факультэце Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. 

Нёманская сярэдняя школа носіць імя слыннага земляка — пісьменніка Ільі Гурскага. Праз дарогу ад двухпавярховага школьнага будынка пераліваецца серабрыстымі хвалямі Нёман. Сюды на сустрэчы ў школе прыязджалі вядомыя беларускія літаратары Янка Сіпакоў, Барыс Сачанка, Раман Сабаленка, Алена Васілевіч, Іван Грамовіч, Сяргей Грахоўскі. У краязнаўчым пакоі, куды завіталі з дырэктарам Валянцінай Стахно, захоўваюцца падораныя школе кнігі з аўтографамі творцаў. Асобны стэнд прысвечаны слынным выпускнікам — братам Іллі і Васілю Гурскім. 

Магільна – радзіма вядомых беларускіх вучоных: доктара эканамічных навук Генадзя Лыча і дактароў гістарычных навук Леаніда Лыча і Міхаіла Шкляра, доктара геаграфічных навук Абрама Шкляра. Слынныя землякі – часта наведваюцца ў родныя мясціны. Пачуў я ад Валянціны Вікенцьеўны пра магільнянскую казачніцу Лідзію Цыбульскую, якая мела рэдкі талент. Лідзія Міхайлаўна была частым госцем на школьных уроках роднай мовы і літаратуры, на якія яе запрашала настаўніца Любоў Собаль. Артыкулы магільнянскіх педагогаў пра вывучэнне і значнасць беларускай мовы друкуюцца ў часопісе “Родная мова”. У школе дзейнічае паэтычны клуб. У чатырох зборніках сабраны творы пачынаючых творцаў. Часта ладзяцца сустрэчы навучэнцаў з аўтарам дзясятка дзіцячых кніжак, сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі Галінай Нічыпаровіч. 

Настаўніца Любоў СОБАЛЬ і дырэктар сярэдняй школы Валянціна СТАХНО

Прыемна было прайсціся з паэткай па скверы, з якога відаць, як за падворкамі нясе хуткацечныя воды Нёман. Галіна Мікалаеўна трыццаць гадоў адпрацавала паштальёнам. Памятае, як некалі на рачной пойме пасвіўся вялікі статак магільнянскіх кароў. І на яе падворку было дзве каровы. Муж і дзеці дапамагалі ўпраўляцца па гаспадарцы, пакуль разносіла пошту. Выкройвала час і на вершы. Цяпер у аграгарадку лічаныя каровы. Некаторыя гаспадары завялі коз. Займець козачак настроена і Галіна Мікалаеўна, каб частаваць карысным малаком шэсць унучак, якія жывуць побач у Магільным. Цікавяцца яны бабулінай творчасцю. Сваю апошнюю цудоўна аформленую кніжачку з загадкамі для дзяцей дашкольнага ўзросту падпісала паэтка мне. Парадую творам сваіх унукаў. 

Пісьменніца Галіна НІЧЫПАРОВІЧ

Прыгожа аформленыя выданні Галіны Нічыпаровіч выкладзены побач з творамі іншых аўтараў-землякоў у бібліятэцы, якою загадвае Алена Жыгалковіч. Пэўна, само прынёманскае асяроддзе стварае атмасферу творчасці.

Школьнікі Уладзіслаў АСІПЕНКА, Дзіяна ВАЙТОВІЧ, Канстанцін МАРОЗ і бібліятэкар Алена ЖЫГАЛКОВІЧ

ТАКУЮ думку ўзмацніла сустрэча са святаром Аляксеем Шышко. Вырас ён у сям’і уздзенскіх музыкантаў. Цікава было слухаць пра яго шлях да веры. 

Бацькі яго любілі адпачынак праводзіць у вандроўках па былой вялікай краіне. Дамоў прывозілі сувеніры, сярод якіх аднойчы сын-падлетак убачыў крыжыкі. І цяпер узгадвае, як зацікавіўся імі. Маці і бацька бачылі сына музыкам. Хлопчык паспяхова займаўся ў музычнай школе. Шлях дамоў пралягаў каля уздзенскай царквы Пятра і Паўла. Аднойчы зайшоў на богаслужэнне. На падсвечніках ад гарэння патрэсквалі васкавыя свечкі, мілагучна спяваў хор. Стаяў як зачараваны і слухаў. Пасля гэтага стала цягнуць у царкву. Пазнаёміўся са святаром Рыгорам Чарапеннікавым. Размаўляў з ім пра храм, задаваў пытанні. Паступова мацавалася вера ў сэрцы Аляксея. Дзякуючы сыну і бацькі прыйшлі да храма. Яны арганізавалі прафесійны хор ва уздзенскай царкве святых Пятра і Паўла і кіруюць ім. 

Пасля сярэдняй школы Аляксей Шышко паступіў на іканапісны факультэт Ленінградскай духоўнай акадэміі. Закончыў і магістратуру. У студэнцтве пазнаёміўся з аднакурсніцай Юліяй, якая прыехала вучыцца з паўночнага горада Нікеля, што ў Мурманскай вобласці. Прывёз дзяўчыну дамоў пазнаёміць з бацькамі. Наведалі Магільна, дзе любаваліся Нёманам. Перад заканчэннем вучобы пажаніліся і размеркаваліся ў Беларусь. Мітрапаліт Філарэт прапанаваў маладой пары служыць у сталічным Усесвяцкім храме. Яны папрасіліся ў Магільна, дзе не было святара. Прыхаджане пераабсталявалі пустуючы дом расстралянай фашыстамі ў гады вайны яўрэйскай сям’і ў царкву свяціцеля Мікалая Цудатворца. Праз год айцу Аляксею і матушцы Юліі паступіла прапанова заняцца ўзвядзеннем храма ў вёсцы Бычыха Гарадоцкага раёна. Актыўна ўзяліся за справу. Дапамагалі спонсары. Пасля асвячэння новай царквы вярнуліся ў Магільна, дзе ім кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла адзін з пяцідзесяці катэджаў, пабудаваных за апошнія гады. Ад царквушкі свяціцеля Мікалая Цудатворца, дзе мы размаўлялі з айцом Аляксеем, да яго катэджа ў вёсцы Мацецкія не болей кіламетра. Па дарозе прыпыніліся каля будоўлі драўлянага храма, што на ўскрайку аграгарадка побач з Нёманам. Ля складзенага зруба з тоўстых сасновых бярвенняў акуратна ляжаць драўляныя брускі, дошкі. Значную дапамогу ва ўзвядзенні храма аказваюць Уздзенскі райвыканкам і кіраўніцтва ААТ “Наднёман”. 

З гнязда, што ўзвышаецца на коміне катэджа сям’і святара, нас уважліва аглядала бусліха. Раз-пораз яна нахіляла доўгую дзюбу ў гняздо. Бацюшка патлумачыў, што яйкі варочае, каб да Тройцы птушаняты з’явіліся. На падворак з будынка выйшлі матушка Юлія з дашкалятамі Варварай і Сафіяй. Сын Дарафей быў у школе. Ён завяршае трэці клас. Па суседстве каля лесу стаяць чатыры такіх жа катэджы, дзе жывуць хлебаробы. Мяне зацікавіла, чаму менавіта тут пасяліліся буслы. Чым прывабіў іх катэдж? І пачуў ад айца Аляксея і матушкі Юліі, што, як перабраліся сюды, у першую ж вясну буслы збудавалі гняздо на коміне. Халады затрымаліся надоўга. Дровамі палілі грубку, каб абагрэцца. Аднойчы ўвечары ўбачылі, што гняздо загарэлася, і, каб агонь не перакінуўся на дом, выклікалі пажарных. Спужаныя птушкі кружылі ў небе, пакуль тушылі галінкі гнязда, ад якога ўрэшце амаль нічога не засталося. А раніцай над комінам красавалася новая буслянка. Так і засталіся тут птушкі. Для выхаду дыму зладзілі жасцяны комін. Кожную вясну пасля вяртання з выраю пары буслоў устройваюць баталіі за права валодання гэтым гняздом. Птушкі пасябравалі з гаспадарамі. Сабака іх не ганяе. Грацыёзна крочаць па падворку. Невядомая прыцягальная сіла трымае іх тут. 

Айцец Аляксей ШЫШКО, дочкі Сафія, Варвара і матушка Юлія

УНІКАЛЬНАСЦІ куточку Прынямоння надае і цудатворная студня ля вёскі Язвіны, якая ў народзе стала святою. Лічыцца, што гаючая вада яе вылечвае язвавую хваробу. Уверх да вытокаў Нёмана аднаўляецца сядзіба вядомага вынаходніка, медыка, прафесара этнаграфіі і магнетызму Якава Наркевіча-Ёдкі. У ХIХ стагоддзі праславіўся ён навуковымі адкрыццямі ў фізіцы, медыцыне, сельскай гаспадарцы. На тэрыторыі Нёманскага сельсавета, цэнтр якога – аграгарадок Магільна, захаваліся фрагменты архітэктурна-рэлігійнага помніка абарончага тыпу сярэдзіны ХVI стагоддзя — сядзібы “Кухцічы” з пратэстанцкім храмам “Кальвінскі збор”. Мінулым летам тут паміналі Мікалая і Магдалену Радзівілаў, урну з прахам княгіні перад перазахаваннем у сталічным касцёле Святога Сымона і святой Алены прывёз прадстаўнік Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі Аляксандр Сапега. 

Пенсіянеркі Зоя БОНДАР і Зінаіда ЖАКОВІЧ

Былы старшыня сельвыканкама Мікалай Нічыпаровіч, які да выхаду на пенсію доўгі час кіраваў мясцовай уладай, стварыў аграсядзібу. Гасцям яму ёсць што расказаць пра вялікую бітву на беразе Нёмана каля Магільнага, дзе пераможцамі над татара-мангольскім войскам выйшлі ваяры князя Рынгольда. Менавіта на тэрыторыі Нёманскага сельвыканкама, у сваім маёнтку Кухцічы, асветнікі браты Кавячынскія ў канцы ХVI стагоддзя друкавалі апошнія раздзелы Бібліі, уступ да якой напісаў ва Уздзе Сымон Будны. 

Завітаць з турыстамі можна і да агромністага валуна каля вёскі Госьбішчы, які людзі назвалі “Святы камень”. На ім відавочны адбітак, які нагадвае чалавечы след. Згодна з паданнем, яго пакінуў Бог, калі спускаўся на зямлю. Новы кіраўнік Нёманскага сельвыканкама Наталля Крук упэўнена, што пралягуць турыстычныя маршруты да багатай на гісторыю калыскі талентаў Прынямоння.

Уздзенскі раён.

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter