
Прыдуманы амерыканскай пісьменніцай эпітэт са “Знесеных ветрам” як мага лепш падыходзіць да таго, каб прымяніць яго ў дачыненні да нашых землякоў, якія жылі, кахалі, радаваліся і пакутавалі ў апошнія дзесяцігоддзі перад Кастрычніцкай рэвалюцыяй. Сярод такіх асоб, што жылі на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў, вялікая фундатарка і асветніца Беларусі княгіня Марыя Магдалена Радзівіл.
Біяграфічныя артыкулы прынята распачынаць з даты нараджэння чалавека. Але мы ведаем, што сапраўдная гісторыя жыцця вялікай асветніцы Магдалены Радзівіл пачалася ў 1906 годзе.
Лондан. Каралеўская капліца. Двое выбітных беларусаў, якія без помпы і вясельнага тлуму бяруць шлюб. Статнаму і прывабнаму мужчыну 26 гадоў, жанчыне 45. І яе дачка ад першага шлюбу больш падыходзіць у нарачоныя, чым яна сама...
Удава графа Людвіка Красінскага, вядомага ў Беларусі прадпрымальніка, які славіўся сваімі конезаводамі, Магдалена з роду Завішаў-Кежгайлаў, выклікала неверагоднае пачуццё кахання ў маладога арыстакрата-авантурыста Мікалая Радзівіла.
Зрэшты, яны былі роўныя ва ўсім, калі не лічыць розніцу ва ўзросце. Абодва неардынарныя асобы, якія не баяліся ісці наперакор грамадскім меркаванням. Яна — заклапочаная пытаннямі дабрадзейства і міласэрнасці пані, фундатарка шпіталя і прытулку ў Мінску. Ён — князь, які прыняў удзел амаль ва ўсіх войнах свайго часу: змагаўся на Балканах, удзельнічаў у англа-бурскай вайне на баку англічан, у якасці добраахвотніка прымаў удзел у руска-японскай вайне. Шлюб гэтых дваіх шакіраваў грамадства. Варшава, куды прыехалі з Англіі сужэнцы, абвясціла ім байкот. І не толькі з-за розніцы ва ўзросце, але і з-за эксцэнтрычнасці, “хлапаманства” і “русафільства” Радзівіла. Прычым “русафільства” зусім не было менавіта захапленнем імперскім. Гэта быў, хутчэй, пратэст супраць засілля “польскасці” на беларускіх, альбо, інакш кажучы, літоўскіх землях.
Марыя Магдалена парвала з польскім велікасвецкім грамадствам. Дэманстратыўна пакінуўшы Варшаву, новаспечаныя сужэнцы пасяліліся ў радавым маёнтку Магдалены Кухцічах. Менавіта тады і распачалася, уласна кажучы, асветніцкая дзейнасць Магдалены Радзівіл на ніве беларускасці. Яна прыкладала шмат намаганняў для падрыхтоўкі нацыянальных кадраў. У сваіх маёнтках адкрыла сем пачатковых беларускамоўных школ, якія сталі самымі першымі ў Беларусі агульнаадукацыйнымі навучальнымі ўстановамі, дзе выкладанне вялося на мове народа. Справай яе волі стала таксама заснаванне ў мястэчку Узда рамеснага вучылішча для сялянскіх дзяцей, дзе таксама панавала беларуская мова. Марыя Магдалена аказвала грашовую дапамогу студэнтам Віленскага і іншых універсітэтаў, для якіх устанавіла некалькі стыпендый. Яе грошы пайшлі і на будаўніцтва трох аднапавярховых будынкаў інтэрната семінарыстаў у Вільні.

Акрамя гэтага, княгіня Радзівіл утварыла ва ўласных маёнтках таварыствы цвярозасці, дапамагала бібліятэцы беларускага гуртка пры Духоўнай акадэміі ў Пецярбургу і ўрэшце пачала ўсебаковую пад-трымку першых перыядычных беларускіх выданняў. Яна апякала выдавецтва “Загляне сонца і ў наша ваконца” ў Пецярбургу, Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні, “Нашу ніву”, каталіцкі часопіс “Беларусь”, які выходзіў на лацініцы, аказвала ўсебаковую дапамогу творчай моладзі. За яе грошы былі надрукаваны першыя кнігі Максіма Багдановіча і Канстанцыі Буйло.
Між сабой князі Радзівілы гаварылі толькі па-беларуску. Гэта быў своеасаблівы выклік тым, хто даказваў “плябейства” беларускай мовы, культуры і несамастойнасць беларускай нацыі.
Читайте также
Марыя Магдалена глыбока смуткавала, жыла то ў сваіх беларускіх маёнтках, то ў Мінску, дзе на вуліцы Захар’еўскай мела дом.
Тым не менш княгіня ніколі не заставалася сам-насам са сваімі горкімі думкамі. Вакол яе заўжды былі ўдзячныя ёй прагрэсіўныя дзеячы беларускай палітыкі, навукі, культуры. З 1915 па 1918 год яе дом у Мінску і сядзіба ў Кухцічах былі месцамі сустрэч Рамана Скірмунта, Вацлава Іваноўскага, Аляксандра Уласава, Івана і Антона Луцкевічаў, справы якіх княгіня падтрымлівала і маральна, і матэрыяльна. У 1915 годзе яна стала ганаровым членам Цэнтральнага камітэта Літвы па справе дапамогі інвалідам вайны.
У 1917-м Марыя Магдалена Радзівіл выехала ў Маскву, аднак праз некалькі месяцаў вярнулася ў Мінск.
Яна лічыла, што шлях Беларусі — стаць вольнай і незалежнай дзяржавай, накшталт Фінляндыі і Польшчы, якія тэрытарыяльна адасобіліся ад Расіі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Аднак гісторыя пайшла па іншым шляху, і таму ў канцы 1918 года княгіня выехала ў Варшаву.
Там яна працягвала некаторы час актыўна займацца палітычнай дзейнасцю. Марыя Магдалена прыйшла да думкі аб магчымасці і неабходнасці ўтварэння уніі паміж Беларуссю і Польшчай. Аднак палякі скептычна паставіліся да гэтага праекта. У 1922 годзе старая княгіня пераехала ў Літву, пасяліўшыся ў Коўне і прадаўшы ўсе свае польскія маёнткі. Літоўскі ўрад у знак удзячнасці за дабрачынную і фундатарскую дзейнасць узнагародзіў яе ордэнам “Вялікі крыж Гедыміна”.

У Коўне Марыя Магдалена зблізілася з шэрагам дзеячаў былой БНР. Аднак разыходзілася з імі ў пытанні, з кім беларусам трэба аб’ядноўвацца. Цяпер яна стаяла за еднасць з Расіяй — нават савецкай. І рэзка выступала супраць збліжэння з Польшчай. На жаль, у савецкай Расіі ніхто не ведаў і нават не мог меркаваць, які шчыры саюзнік і прыхільнік ёсць у іх за мяжой.
Читайте также
У пачатку 1930-х гадоў нямецкую Баварыю ахапіў фашысцкі рух. Марыя Магдалена адчула, што за плячыма гэтых малойчыкаў стаяць магутныя сілы, якія імкнуцца прывесці іх да ўлады. Таму ў 1932 годзе пакінула Германію дзеля пераезду ў Швейцарыю. У гэтай нейтральнай, палітычна спакойнай краіне састарэлая княгіня пастрыглася ў манахіні ў кляштары дамініканак у горадзе Фрыбургу. Аднак і за мурамі кляштара Марыя Магдалена не спыняла сваю дабрачыннасць, працягвала фінансаваць беларускія арганізацыі, якія знаходзіліся ў Польшчы. У 1935 годзе здзейсніла акцыю, якая выклікала выбух незадавальнення і крытычных заўваг як сярод польскай арыстакратыі, так і на старонках газет, — на свае грошы пабудавала ў Варшаве дзве школы для яўрэйскіх дзяцей.
Другая сусветная вайна абмінула нейтральную Швейцарыю. Аднак Марыя Магдалена вельмі балюча пераносіла звесткі аб перамогах нямецка-фашысцкіх войскаў на ўсходзе.
Але яна заўжды верыла, што, ў рэшце рэшт, Германія пацерпіць паражэнне, да якога прыкладзе руку і яе народ. На вялікі жаль, беларуская патрыётка ўсяго некалькі месяцаў не дажыла да дня, калі ўвесь свет святкаваў Вялікую Перамогу над фашызмам. Яе сэрца перастала біцца 6 студзеня 1945 года.
Марыя Магдалена памерла, аднак засталіся кнігі, што былі выдадзены на яе грошы, касцёлы, заснаваныя ёю, нашы землякі, якія з яе дапамогай змаглі атрымаць адукацыю і прысвяціць сябе справе служэння роднай зямлі. Засталася памяць.
Ірына Масляніцына, Мікалай Багадзяж
infong@sb.by
Фота БЕЛТА