Магчымасці дзяржавы і чалавечы патэнцыял

Пытанні развіцця айчыннай эканомікі ў нацыянальным маштабе і ў рэгіянальным яе вымярэнні непасрэдна звязаны з раўнамерным тэрытарыяльным размеркаваннем рабочай сілы, забеспячэннем работай у  нашай краіне кожнага працаздольнага чалавека не толькі ў сталіцы, а менавіта на раённым узроўні і ў сельскай мясцовасці. Аб гэтым апошнім часам неаднаразова гаварылася на самым высокім узроўні.

Падчас нядаўняга прадстаўлення кіруючага складу абнаўлённага беларускага Урада кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава нагадала аб галоўнай задачы, пастаўленай Прэзідэнтам, — развіцці ўсіх рэгіёнаў краіны. Наталля Іванаўна падкрэсліла: “Была зроблена вялікая праца па развіцці аграгарадкоў, абласных цэнтраў, цяпер ставіцца задача заняцца сярэднімі гарадамі, дзе жыве больш за 50—80 тысяч чалавек. Трэба паглядзець, як яны развіваюцца і працуюць, паколькі пераразмеркаванне працоўных рэсурсаў вельмі важна ў нашай краіне”.

У гэтым сэнсе дзяржава цалкам імкнецца выконваць сваю сацыяльную функцыю перад людзьмі: паўсюдна ствараюцца новыя высокапрадукцыйныя працоўныя месцы, развіваецца бізнес-асяроддзе і прадпрымальніцтва, вырашаецца праблема самазанятасці насельніцтва.

Так, згодна з Дэкрэтам № 1, пры выканаўчых органах улады ў рэгіёнах створаны і працуюць камісіі па садзейнічанні занятасці, што дапамагаюць любому жадаючаму знайсці на рынку працы рабочае месца.  

Пастановай Савета Міністраў № 520, у працяг гэтай найважнейшай сацыяльна-эканамічнай тэматыкі, вызначаны парадак размеркавання субвенцый на фінансаванне мерапрыемстваў па забеспячэнні занятасці грамадзян, якія прапарцыянальна перадаюцца з бюджэту і дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва ў кансалідаваныя бюджэты абласцей і бюджэт Мінска.

Гаворачы пра лічбы, трэба зазначыць: узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў краіне знізіўся да 0,4 працэнта, 1 чэрвеня 2018-га ён быў 0,5, а год таму 0,8 працэнта, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны. У Брэсцкай і Віцебскай абласцях гэты паказчык знаходзіўся на адзнацы 0,6 працэнта, у Гродзенскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях — 0,5, у Мінскай — 0,4, у Мінску — 0,1 працэнта. Паводле паведамлення Белстата, у чэрвені ў нацыянальнай эканоміцы было задзейнічана 4 мільёны 328,1 тысячы работнікаў.

У першым паўгоддзі па працаўладкаванне звярнулася 107,8 тысячы грамадзян, з якіх на ўлік у якасці беспрацоўных паставілі 63,1 тысячы чалавек.

Калі спасылацца на метадалогію Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), то ўзровень безпрацоўя ў Беларусі ў другім квартале бягучага года знізіўся да 4,7 працэнта ад колькасці рабочай сілы. У першым квартале 2018-га — да 5,1 працэнта. Для параўнання: у Германіі рэальны ўзровень беспрацоўя ў другім квартале быў 3,8 працэнта, у Вялікабрытаніі — 4,3, Злучаных Штатах — 4,4, Расіі — 4,8, Польшчы — 4,9, Аўстрыі — 5,5, ва Украіне — 9,5 працэнта.

Цікава, што саюзная Расія дасягнула гістарычнага мінімуму зарэгістраванага беспрацоўя, паведамляе сайт Міністэрства працы і сацыяльнай абароны РФ (падобныя даследаванні вядуцца з 1991 года). Сёлета з 8 па 15 жніўня колькасць беспрацоўных, зарэгістраваных у расійскіх службах занятасці, зменшылася на 2420 чалавек і склала 684 760 суіскальнікаў рабочага месца, альбо 0,9 працэнта ад эканамічна актыўнага насельніцтва (па нацыянальнай метадалогіі). Годам раней тут афіцыйна налічвалася 784 260 беспрацоўных.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

Ігар Савосценка, галоўны рэдактар

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter