У Рэспубліканскай выставачнай галерэі прайшла мастацкая выстава “Лабірынт-2”

Магія са скрынкі

У Рэспубліканскай выставачнай галерэі, што ў Палацы мастацтваў, прайшла мастацкая выстава “Лабірынт-2”. Дзякуючы секцыі жывапісу Беларускага саюза мастакоў, якая арганізавала праект “Лабірынт”, што стартаваў яшчэ летась, нашы мастакі-сцэнографы, а таксама мастакі-мультыплікатары атрымалі магчымасць прадставіць шырокай аўдыторыі свае лепшыя работы, а госці — пазнаёміцца з закулісным этапам стварэння дэкарацый да спектакляў і кінастужак.


 Выставу мастакоў-сцэнографаў цалкам можна назваць эксклюзіўнай: падобны вернісаж праходзіў у Мінску толькі дванаццаць гадоў назад. Чаму так? На гэтае пытанне адказалі самі арганізатары выставы, спасылаючыся на тое, што сабраць вялікую калекцыю макетаў да розных спектакляў, кіно і тэлевізійных праграм — справа няпростая: патрабуе вялікіх арганізацыйных і часавых затрат. Зразумела, што з вольным часам, які можна прысвяціць творчаму піяру ў форме выставы, і ў мастакоў, і ў сцэнографаў, як гаворыцца, напружана, паколькі яны штодзённа заняты ў сваіх цэхах, дзе працуюць над чарговымі тварэннямі. Вядома ж, і сабраць да выставы экспанаты, потым іх транспартаваць, ды так, каб нічога не зламалася, а потым разабраць, таксама патрабуе пэўных намаганняў. Напэўна існуюць і іншыя прычыны. Таму падобныя праекты арганізоўваюцца нячаста. Але, тым не менш, сёлета ў рэспубліканскай выставе ўдзельнічала дваццаць дзевяць чалавек. Паводле слоў Алы Сарокінай, галоўнага мастака Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, яна ж і куратар вернісажу, гэтая лічба значная.

Адкрыццё пачалося з афіцыйных прамоў, у якіх прагучалі імёны “віноўнікаў” урачыстасці. Сярод іх называлі Ірыну Дзёміну, аўтара экспазіцыі пад назвай “Iншы Я”. Потым я ўважліва разгледзела гэтую работу. Ірына стварыла драўляныя пудзілы і апранула іх у скураныя плашчы. Гэтыя знешне ўмоўныя лялькі, сшытыя, як быццам наспех, шматколернымі ніткамі з розных кавалкаў скуры, прымушалі задумацца пра тое, кім з’яўляецца чалавек ва ўспрыманні самога сябе асабіста, а таксама ў вачах навакольных людзей. І хоць вялікай нашай патрэбнасцю з’яўляецца жаданне даведацца пра сябе праз меркаванне іншых, асабістая самаацэнка таксама важная. Але як гэта і адбываецца, яна часам, калі не часта, не супадае з меркаваннем навакольных. Таму мастачка і прыдумала касцюмы для пудзілаў “палярныя”: спераду іх вопратка прэзентабельная, акуратная і ўрачыстая, ззаду — падраная, у змрочных тонах. Прызнаюся, мяне сімволіка ўразіла. Так і ў жыцці здараецца: пад маскай знешняга дабрабыту хаваецца бязрадасная, спустошаная або гняўлівая душа чалавека. На пытанне, чаму Ірына звярнулася да вобраза агароднага пудзіла, мастачка адказала так: “Не важна, які ў цябе статус у грамадстве. Можна нават, адпужваючы варон, заставацца ўнутрана шчаслівым чалавекам”. Што ж, з гэтым не паспрачаешся.


З такім “швейным дэбютам” сваю выхаванку павіншаваў яе настаўнік, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі і член Саюза мастакоў Беларусі Тарас Паражняк. Больш як трыццаць гадоў ён загадваў кафедрай керамікі і шкла ў тагачасным Мінскім тэатральна-мастацкім інстытуце. Нягледзячы на свой паважны ўзрост — дзевяноста пяць гадоў! — Тарас Мікалаевіч стварае ўражанне вельмі бойкага чалавека з неўтаймоўнай творчай энергіяй. Сваю прамову  ён скончыў словамі: “Маладыя людзі, я вас люблю!”. Прычым прагучала гэта так катэгарычна, нават з выклікам, маўляў, ну і што, а чаму я не магу прызнацца моладзі ў любові і парушыць “пратакол” афіцыйнасці, выказаўшы свае пачуцці. Здавалася, нават сама прырода падтрымала Тараса Мікалаевіча. Зала раптам асвяцілася яркім промнем сонечнага святла, які прабіўся скрозь зацягнутае хмарамі неба і праз акно высветліў усіх прысутных. Гэты нечаканы момант уразіў: усе госці гучна заапладзіравалі…

У другім павільёне, дзе размясцілася экспазіцыя тэатральных макетаў пад назвай “Маштаб 1:25”, Леанід Хобатаў, намеснік старшыні Саюза мастакоў па выставачнай дзейнасці, нагадаў нам, наколькі ўмоўная мяжа паміж манументальным мастацтвам і жывапісам, паміж тэатрам і кіно. А калі да таго, сказаў ён, дадаць яшчэ сучасныя тэхналогіі, то атрымліваецца нешта цалкам унікальнае. Так, мультыплікацыйныя работы на выставе былі прадстаўлены на сучасных відэаўстройствах, пра што дзесяцігоддзе назад немагчыма было нават падумаць.

Тут жа Ала Сарокіна расказала пра тое, што нашы мастакі-сцэнографы дастойна праяўляюць сябе на міжнародных падмостках, праслаўляюць айчынную мастацкую школу за мяжой. І ў якасці прыкладу назвала мастака Людмілу Скітовіч, якая афармляла спектакль “Снежная каралева” ў Магдэбургскім тэатры лялек (Германія). Ён і па гэты дзень у рэпертуары тэатра. Выступоўца гаварыла і пра спецыфіку работы сцэнографа: яна такая, што асоба аўтара, які стварае дэкарацыі да спектакля, як правіла, знаходзіцца за “кадрам”, за кулісамі. Таму мы і не ведаем імёны тых сцэнографаў, якімі можам ганарыцца. І мала хто мае ўяўленне пра ўзровень сцэнаграфіі ў тэатрах краіны. Вось чаму высокая каштоўнасць такіх выстаў, як “Лабірынт — 2”: яна дае магчымасць падрабязна пазнаёміцца з макетамі спектакляў, якія на сённяшні дзень ідуць на сцэнах тэатраў Беларусі.


Кацярына Шымановіч, студэнтка трэцяга курса факультэта дэкаратыўна-тэатральнага жывапісу Акадэміі мастацтваў — будучы сцэнограф

Мне ўдалося пагутарыць з Кацярынай Шымановіч, адным з аўтараў выстаўленых макетаў. Цяпер яна студэнтка трэцяга курса факультэта дэкарацыйна-тэатральнага жывапісу ў Акадэміі мастацтваў. Тры гады назад Каця перамагла на VII адкрытых маладзёжных Дэльфійскіх гульнях дзяржаў — удзельніц СНД “Энергія маладых”, якія праходзілі ў Астане. Яна з задавальненнем успамінае пра залаты медаль, якім яе тады ўзнагародзілі, і адначасова паказвае мне свае макеты. Разглядаю іх і разумею, што для іх стварэння ў ход ідуць любыя прадметы. Пытаю ў мастачкі, як ёй удалося зрабіць металічных прусакоў для работы пад назвай “Госці”. Аказваецца, Каця самастойна іх паяла і гнула вусікі. Раней я ніколі не задумвалася над тым, колькі трэба ўменняў і навыкаў, акрамя мастацкіх, для таго, каб стварыць нешта падобнае. Каця — вучаніца Барыса Герлавана, вядомага мастака-сцэнографа, які даўно працуе ў Нацыянальным акадэмічным  тэатры імя Янкі Купалы. Ён — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, прафесар і педагог, якія выхаваў пяць пакаленняў мастакоў. Калі ўдумацца, за гэтай лічбай стаіць цэлая плеяда прафесіяналаў. Сярод іх масцітыя мастакі-сцэнографы, чые імёны на слыху ў краіне і за мяжой, а таксама і “пакаленне нэкст”. Каця з апошніх. З захапленнем адзываецца пра свайго настаўніка і лічыць яго галоўным аўтарытэтам у сваім жыцці. У будучыні яна, вядома ж, хоча працаваць у тэатры або кіно. Я ўпэўнена, што творчыя планы Каці ажыццявяцца, і, спадзяюся, у хуткім часе мы пачуем яе імя ужо як дыпламаванага спецыяліста. 

Нарэшце, пасля ўсіх віншаванняў і знаёмстваў з аўтарамі экспазіцый госці ў рытме няспешнага сузірання разышліся, каб паглыбшцца ў змест выставы. У залах панавала прыемная творчая атмасфера. Часам чуліся захапленні падчас абмеркаванняў нечых работ. Было вельмі цікава назіраць за наведвальнікамі: некаторыя з іх ціха радаваліся, другія праяўлялі свае эмоцыі, кідаючы гучныя рэплікі, накшталт: класна! выдатна! супер! І задавалі пытанні аўтарам.


Патрэбныя ці непатрэбныя дэкарацыі?

Роля сцэнографа ў стварэнні спектакля ў сумесным дуэце з рэжысёрам-пастаноўшчыкам апрыёры вялікая. Нават за першае ўражанне ад спектакля, які вось-вось пачнецца, “бяруць” на сябе адказнасць дэкарацыі. 

Яшчэ не выйшлі на сцэну акцёры, не загучала музыка, святло ў зале не пагасла, але аформленая сцэна, калі яна не закрыта заслонай, ужо прыцягвае нашу ўвагу, уводзіць у атмасферу п’есы. Але калі дэкарацый няма? Што ж тады?

І такое рашэнне пастаноўшчыкаў таго ці іншага спектакля мае месца  ў тэатры. Здаецца, у Кіеве нават ёсць такі тэатральны калектыў пад назвай “Тэатр без дэкарацый”.

Ведаю таксама, што не выходзіць з моды і так званы “чорны квадрат”, калі глядач сузірае пустую сцэну. Здавалася б, столькі цяпер магчымасцяў для яе афармлення: і новыя тэхналогіі, якія развіваюцца хуткімі тэмпамі, і разнастайныя матэрыялы з пластыку, якія паспяхова замяняюць і грувасткае дрэва, і метал. Бяры ды выкарыстоўвай! Да прыкладу, дэкарацыі вядомага майстра Аляксандра Касцючэнкі да оперы “Царская нявеста” М. Рымскага-Корсакава ў Вялікім тэатры, якія прадстаўляюць церамы эпохі цара Івана Грознага, падаюцца выкананымі з цяжкага дрэва. А на самай справе, гэта — лёгкі суперсучасны пластык.


І жанры, і стылі, у тым ліку і ў мастацтве сцэнаграфіі, смела змешваюцца. У тэатры папулярныя і трукі з агнём, вадою і святлом…Ніхто не забараняе. Але, тым не менш, цяга да лаканізму ў афармленні сцэны не знікае. Самі акцёры ў такім тэатры адзетыя ў паўсядзённую вопратку, як быццам забеглі на сцэну на гадзінку “пайграць у жыццё”. Так, некалькі гадоў назад Расійскі акадэмічны маладзёжны тэатр уразіў гледачоў сваёй эксперыментальнай пастаноўкай для дзяцей пра ката, які “гуляў сам па сабе”, паводле п’есы Рэдзьярда Кіплінга. Малады нарвежскі рэжысёр Сігрыд Стрэм Рэйбу прапанавала маленькаму гледачу прыняць удзел у пастаноўцы. Дзеянне пачалося з таго, што акцёры, размясціўшыся на дыване, сталі абмяркоўваць, як і каму іграць ролі. Каб расказаць гісторыю пра дзікіх жывёл, якія прыйшлі жыць да чалавека, паплаціўшыся за гэта свабодай, спатрэбілася ўсяго нічога: пяць ліхтарыкаў і адна коўдра. Дарэчы, гэтую пастаноўку намінавалі на прэмію “Залатая маска” ў 2011 годзе. Так, сучасны тэатр знаходзіць розныя спосабы, каб наблізіцца да гледача і ўцягнуць яго ў вір выдуманых падзей.
Сцэнаграфія бывае і ўмоўнай, як, напрыклад, у спектаклі беларускага драматурга Дзмітрыя Багаслоўскага “Ціхі шоргат сыходзячых крокаў” у Тэатры беларускай драматургіі. Мастак-пастаноўшчык Алёна Ігруша, дарэчы, лаўрэат Першай Нацыянальнай тэатральнай прэміі, абышлася мінімумам мастацкіх сродкаў: люстраным акном і лаўкай з некалькімі крэсламі. Такі аскетычны падыход да дэкарацый ніяк не прымяншае сэнсу таго, што адбываецца на сцэне. І нават раскрывае  глыбіню задумаў.

Прывяду і іншы прыклад, калі багацце дэкарацый таксама “працуе” на звышзадачу спектакля. Гэта датычыцца пастаноўкі “Утаймаванне свавольнай”, якая працягвае радаваць паклоннікаў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага — яго мы па звычцы называем Рускім тэатрам. Тут шэкспіраўская камедыя ператварылася ў мюзікл з мноствам дэкарацый, створаных Аляксандрам Касцючэнкам. Дастаткова ўспомніць адну толькі шматметровую сукенку Катарыны (Вераніка Пляшкевіч), якая ператварае сцэну ў акіян пунсовага колеру... І такі падыход Касцючэнкі ды мастакоў па касцюмах Таццяны Лісавенкі і Ніны Гурло ў тэатры таксама ўдалы. Ён цудоўна ілюструе ідэю пастаноўшчыкаў — пра ўладу страсцей чалавечых.

Ці малымі мастацкімі сродкамі абыходзіцца той або іншы тэатр, ці напаўняе сцэну мноствам прадметаў, ствараючы на ёй віртуальнае жыццё, набліжанае да рэальнасці, важна, па-мойму, толькі адно: каб пастаноўка, закранаючы нас за жывое, была цікавай. І тут да месца паўтарыць агульнавядомае, што прымяніма і да дэкарацый у тэатры: усе стылі добрыя, акрамя сумнага.


У мастацтве малых формаў шмат сэнсу

Некаторыя наведвальнікі, заўважыла, падоўгу прастойвалі ля аднаго ці другога макета, скульптуры або карціны, а потым зноў да іх вярталіся. У тым ліку і я затрымлівалася ля экспанатаў, задумваючыся над іх сэнсам. Вось перада мною яблык, той самы яблык, з якога пачалася гісторыя чалавецтва. Звычайны на першы погляд фрукт, але па ім “бегаюць” непрыемныя на выгляд насякомыя. Навошта аўтар іх там размясціў? Чаму? Адыходзіць ад экспаната не хочацца. Аўтарская ідэя пра грэхападзенне паступова пранікае ў свядомасць, хочацца думаць пра вечнае: пра дабро і зло, пра памылкі і іх выпраўленне. А вось карціна, на якой адлюстраваны чалавек, што бя­жыць па чырвоным крузе — паміж небам і зямлёй. Куды б ён так моцна ні імкнуўся, усё роўна аднойчы вернецца на тое месца, з якога пачаўся яго бег. Бо так і ў жыцці: усё вяртаецца на “кругі свая”.

Гляджу на макеты з нікчэмна маленькімі чалавечкамі, якія замерлі ў руху. Там, у скрынках памерам метр на метр — сваё жыццё. Я — госця з іншага свету — адчуваю сябе ў гэты момант амаль усемагутнай. Бо мне наглядна бачны маштаб іх праблем: ён да смешнага малы, хоць і нагадвае аб тым, з якой лёгкасцю і мы самі ў сваім жыцці ўмеем ствараць падобныя сітуацыі. Можа быць, гэтак жа і Усявышні паціху пасмейваецца, гледзячы на нашы маленькія трагедыі, у якіх мы часам бачым катастрофу? 

Мне падаецца, у такой неназойлівай, сказала б, маўклівай форме, выяўленчае мастацтва здольна ўплываць на чалавека так, што ён абавязкова адчуе сябе крышачку мудрэйшым. І нават больш шчаслівым. Ва ўсякім разе, я гэта адчула. Таму што сутыкнулася з рознымі бакамі чалавечага жыцця, адлюстраванага ў мастацтве малых формаў. І пакідала выставу з пачуццём душэўнага насычэння і адчуваннем ціхай радасці быцця. З надзеяй, што гэты стан душы мяне ніколі не пакіне.

Аліса Красоўская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter