Магілёў толькi маладзее

Жыхары Магілёва гэтымі днямі адзначаюць 747-годдзе горада

У рытме свята жывуць у гэтыя дні магіляўчане. Канцэрты і выставы, танцавальныя пляцоўкі, вулічныя тэатралізаваныя пастаноўкі — магчымасцi павіншаваць горад з 747-годдзем рады і дзеці, і дарослыя.

У першую чаргу, зразумела, даніну павагі ўдзячныя патомкі аддалі вызваліцелям горада, якія 70 год таму прагналі ворага: вянкі і кветкі ўчора ляглі да мемарыяльных пліт ва ўсіх месцах пахавання герояў Вялікай Айчыннай, да помнікаў і абеліскаў.

Значнай з’явай у жыцці горада стала адкрыццё аддзялення гемадыялізу ў магілёўскай бальніцы № 1, абсталяванага самай сучаснай тэхнікай. Ізноў адчыніла свае дзверы пасля рэканструкцыі гарадская выставачная зала. Вядома, гэтыя і іншыя праекты былі б немагчымыя без добрасумленнай творчай працы магіляўчан. Самым лепшым з іх гарадскія ўлады традыцыйна ўручылі прэміі «Дасягненне». У гэтым спісе — васямнаццаць чалавек, сярод іх — кіраўнікі прадпрыемстваў, прадстаўнікі культуры, работнікі сацыяльнай сферы, спартсмены.

Шмат добрых сюрпрызаў чакае жыхароў Магілёва і гасцей горада сёння. Адным з іх стане з’яўленне на гарадской Ратушы механічнага трубача, які будзе выконваць старадаўнія мелодыі. Як заўсёды, па галоўнай Першамайскай вуліцы пройдзе святочнае шэсце, а на пешаходнай Ленінскай разгорнуцца падвор’і нацыянальных дыяспар і кірмаш народных майстроў. Расквеціць фарбамі неба над Дняпром феерверк, які пачнецца ў адзінаццаць гадзін вечара.

Адной з самых яркіх падзей свята стане адкрыццё новай імянной зоркі на Алеі Зорак. У гэтым го-дзе такога гонару ўдастоены трэнер-выкладчык аддзялення цяжкай атлетыкі Магілёўскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву Анатоль Лабачоў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter