Магічныя лялькі

Як, гуляючы, наваражыць сабе шчасце і багацце, а таксама спыніць дождж і зварыць кашу?Лялька суправаджае чалавека з самага яго нараджэння і ў культуры ўсіх народаў свету надзелена містычным арэолам. Гэта сёння гульня ў лялькі — усяго толькі дзіцячая забава, а ў сярэдневяковай Еўропе за гэта можна было паплаціцца жыццём. “Лялечную” магію з глыбокай старажытнасці практыкавалі на ўсіх кантынентах Зямлі. На Беларусі яна мела свае асаблівасці.

Дапаможніцы з куфэрка
Славянскія магічныя лялькі, што дайшлі да нас з часоў язычніцтва, — іншыя. Часта яны не маюць рук, здараецца, нават і ног — проста адмысловым вобразам скручаная палоска тканіны. І ўжо дакладна ў магічных лялек няма твару. Лічылася, пішуць даследчыкі, што нават крыху намечаныя рысы твару дазваляюць ляльцы стаць самастойнай жывой істотай. На Беларусі рысаў твару ў лялек не было (нават у лялек, прызначаных проста для дзіцячай гульні). Затое ў магічнай лялькі мог быць... раскошны бюст, які сімвалізуе багацце: шмат дзяцей, а таксама пладавітасць гаспадарчай жывёлы, добры ўраджай. А на месцы вачэй і носа ў такіх жаночых фігурак у традыцыі беларускага Падняпроўя былі перакрыжаваныя чырвоныя ніці — сонечны сімвал: сонца дае жыццё.
Магічную ляльку трэба было зрабіць самой. Вырабляліся яны без дапамогі рэжучых (нажы, нажніцы), колючых (іголкі) або іншых траўматычных прадметаў. Тканіна рвалася рукамі, а пасля перамотвалася ніткамі.
Выдзяляецца некалькі прынцыпаў вырабу лялек: прынцып замены, прынцып падману, парнасці, траістасці, адпаведнасці лічбам і шэраг іншых.
Прынцып падману заснаваны на тым, што багі маглі і не пачуць непасрэднай просьбы чалавека, асабліва калі гэты чалавек мае на сумленні нейкія грахі — а хто ж бязгрэшны? Таму звяртацца да багоў лепш праз пасрэдніка — ляльку. Напрыклад, у кожнай дзяўчыны была створаная сваімі рукамі лялька-Жаданніца. Калі на жыццёвым шляху жанчыну не напаткала мноства бед і выпрабаванняў (а значыць, многа было ў яе і просьбаў да багоў), такая лялька была адна на ўсё жыццё. Выраблялася яна непасрэдна для выканання жаданняў, і адносілася да тайных: яе захоўвалі ў самым цёмным месцы скрыні і ніколі нікому не паказвалі. Жаданніцу дзяўчына рабіла з кавалачка тканіны ад свайго старога адзення, што насіла многія гады. Лічылася, што такі матэрыял досыць бяспечны, бо нясе толькі энергетыку роду дзяўчыны і самой дзяўчыны і ніякіх пабочных уплываў. Кожны раз, калі ў Жаданніцы нешта трэба было папрасіць, ёй рабіўся падарунак — яе сукенка ўпрыгожвалася новай лентачкай, бусінай, высушанай ягадай. Ляльку падносілі да вады, пазней — да люстэрка: глядзі, якая ты прыгожая, за гэта выканай маё жаданне.
Лялькі — магічныя і проста для гульні — займалі ў дзяўчыны каля трэці куфэрка з пасагам. Была там і лялька Уцешніца. Яе выраблялі з мацярынскага падолу. Народная казка пра тое, як дзяўчынка-сіротка залазіць у адно вушка каровы, а вылазіць праз другое, у іншае вымярэнне, а замест сябе на гэтым свеце пакідае ляльку, што за яе робіць усю работу — менавіта пра Уцешніцу.  Яшчэ адна тайная жаночая лялька — Дзесяціручка, яна дапамагае гаспадыні ўсё паспяваць. Вырабляючы яе, на кожную руку загадвалі адзін з відаў гаспадарчай дзейнасці.
Лялька ў дапамогу юнай гаспадыні падчас гатунку ежы — Першая каша. Размах ручак Першай кашы — гэта памер чыгунка. Галава лялькі — колькасць вады, тулава — колькі павінна быць круп. Такіх лялек, розных па памеры, у кожнай быў цэлы набор. Іх дачцэ рабіла маці.
Яшчэ адной лялькай з куфэрка з пасагам былі Неразлучнікі. На Віцебшчыне, калі дзяўчына, дасягнуўшы шлюбнага ўзросту ў мінулым годзе, не выходзіла замуж, наступнай вясной разам з такімі ж сяброўкамі яна ішла ў бліжэйшы гай. Там дзяўчаты раскладвалі спечаны разам вялізны каравай. У каравай кожная ўтыкала сваю ляльку-Неразлучнікаў. Лялька складалася з дзвюх фігурак, мужчынскай і жаночай, замацаваных на дзвюх галінках, што зрасліся ў адну. Калі потым у сямейным жыцці жанчыне было зусім цяжка і хацелася пакінуць мужа, лялька яе спыняла: разарваць галінкі проста, а зноў саставіць — немагчыма.
Пастка для хваробы
Прынцып замены заснаваны на тым, што нейкі негатыў адбываецца з лялькай замест чалавека. У Лепельскім раёне яшчэ напачатку XX стагоддзя многія маладыя маці рабілі тры лялькі-Начніцы з брудных ануч і выстаўлялі іх на акно, прыгаворваючы: “Гуляйцеся з лялькамі, а не чапайце майго дзіцяці”. Лічылася, што калі немаўля плача і не спіць ноччу, яго непакояць Начніцы — злосныя прывідныя жанчыны, што прылятаюць праз акно. Пабачыўшы лялек і пазнаўшы ў іх сябе, Начніцы нібы ўсяляюцца ў іх, а не ў дзіця.
Трынаццаць лялек — іх у розных рэгіёнах Беларусі называлі па-рознаму: Ліхаманкі, Трасавіцы, Ліхарадкі — заўсёды “жылі” на коміне. Па павер’і, вясной і восенню (калі хварэюць на грып і прастуду і сучасныя беларусы), з лесу ў хаты праз комін залятаюць 13 злых постацей — Ліхаманкі або Трасавіцы. У кожнай з іх было сваё імя — Жалцея, Хрыпея, Глухея і гэтак далей, а старэйшай была Кумоха. Але калі лялькі на варце, гэтыя постаці ўсяляюцца ў сваіх “двайнікоў”, а не ў людзей.
Грамадскія лялькі
Яны вырабляліся ўсёй вёскай. Напрыклад, Макрыда прысвячалася Макашы, славянскай багіні Лёсу і апякунцы ўраджайнасці. Ляльку рабілі, калі было мокрае лета, што шкодзіла ўраджаю.
Яшчэ адна грамадская магічная лялька рабілася з воску, калі гаспадары пачыналі даставаць з вулляў мёд. Ляльку-свечку насілі па ўсёй вёсцы і далівалі ў кожнай хаце, таму важыла яна некалькі пудоў (1 пуд — 16 кг). Не заносілі толькі ў хату лянівых гаспадароў, і гэта было вялікай абразай. Такі вось старажытны ганаровы вымпел пераможцу працоўнага спаборніцтва.

Выстава “Чароўныя лялькі” праходзіць у сталічным Доме-музеі I з’езда РСДРП да канца сакавіка і запрашае жадаючых на майстар-класы
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter