Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Творчасцю беларускага кампазітара ХІХ стагоддзя Гедыміна Радкевіча зацікавіліся сучасныя музыказнаўцы

Маэстра з Юрацішак

У Мінскім дзяржаўным музычным каледжы імя М. І. Глінкі прайшоў канцэрт-прэзентацыя музычных твораў кампазітара ХІХ стагоддзя Гедыміна Радкевіча. На жаль, звестак пра аўтара той прыгожай музыкі, якую прадставіў слухачам вядомы піяніст з Варшавы, ураджэнец Гродна Уладзімір Лябецкі, вельмі мала. Вядома, што нарадзіўся ён у 1834 годзе ў вёсцы Васілішкі, сёння гэта аграгарадок у Шчучынскім раёне Гродзеншчыны (вёска ж згадваецца з пачатку XV ст. як мястэчка гістарычнай Лідчыны). З жонкай Тэрэзай, якая паходзіла са знакамітага роду Козел-Паклеўскіх, валодалі яны маёнткам у мястэчку Юрацішкі Ашмянскага павета Віленскай губерні (цяпер — гарадскі пасёлак у Іўеўскім раёне Гродзеншчыны) і шэрагам іншых вёсак, было ў сям’і таксама два дамы ў Вільні. Аднак, нягледзячы на неабходнасць даглядаць такую вялікую гаспадарку, Гедымін Радкевіч знаходзіў час займацца творчасцю. 

Падчас перадачы копій нот сачыненняў Гедыміна Радкевіча

Адкрыццё асобы кампазітара адбылося выпадкова. Летась па рэкамендацыі прафесара Варшаўскай акадэміі музыкі Ярослава Джавецкага нашчадкі Гедыміна Радкевіча, якія жывуць сёння ў Польшчы, перадалі ў Пасольства Беларусі ў Варшаве копіі нот сачыненняў свайго прапрадзядулі. Тагачасны саветнік па культуры пасольства Міхаіл Рыбакоў для далейшай работы з нотамі звязаўся з музыкантам, кандыдатам мастацтвазнаўства, дактарантам Хрысціянскай багаслоўскай акадэміі ў Варшаве Уладзімірам Лябецкім. Той, пазнаёміўшыся з музыкай, ацаніў яе дастаткова высока. “Творчасць Радкевіча заслугоўвае глыбокага вывучэння, — упэўнены музыкант. — Адсутнасць біяграфічных звестак пра кампазітара кампенсуе ў нейкай ступені наяўнасць вялікай колькасці сачыненняў, якія напісаны выключна для фартэпіяна. Лагічна зрабіць выснову: Гедымін Радкевіч быў піяністам. А вучыўся, хутчэй за ўсё, у Парыжскай кансерваторыі. Вельмі ж зручная фактура выканання яго твораў. Ён меў уяўленне і аб формаўтварэнні, і аб гармоніі. Цікава спалучае часткі, робіць плаўныя пераходы, хоць, бывае, і рэзка разрывае: парушае шаблоны”. 

На своеасаблівым канцэрце-лекцыі Уладзімір Лябецкі расказваў студэнтам музычнага каледжа і пра жанравую разнастайнасць творчай спадчыны Гедыміна Радкевіча. Кампазітар пісаў і вальсы, і галопы, і мазуркі, і разгорнутыя сачыненні ў стылі рапсодый. Ён аддаваў даніну модзе: ствараў арыентальныя опусы. Так, засталіся тры яго кітайскія, арабскі ды афрыканскі танцы. А 26 невялікіх эцюдаў-практыкаванняў, упэўнены Уладзімір Лябецкі, могуць стаць выдатным трэніровачным матэрыялам для сённяшніх вучняў музычных школ. 

“Часта на міжнародных конкурсах, выступленнях музыкантаў просяць сыграць сачыненні айчынных кампазітараў, — гаварыў Уладзімір Лябецкі. — Беларусы ў асноўным прадстаўляюць творы Напалеона Орды, Фларыяна Міладоўскага, Антона Абрамовіча, Яўгена Глебава, Уладзіміра Алоўнікава… Думаю, можна развучыць і некаторыя кампазіцыі Гедыміна Радкевіча. Яны таго вартыя”. 

Дарэчы, копіі нот сачыненняў кампазітара Уладзімір Лябецкі перадаў дырэктару Мінскага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі Уладзіміру Чэрнікаву. Той жа ў адказ паабяцаў: творы будуць вывучацца.

“Цяжка сказаць, якое месца можа заняць Гедымін Радкевіч у гісторыі беларускай музыкі. Усё залежыць ад таго, наколькі сучасныя музыканты зацікавяцца яго творчасцю, — разважае Уладзімір Лябецкі. — У маіх жа планах выпусціць манаграфію пра Радкевіча на дзвюх мовах: польскай і беларускай”.

Задача даследчыка якраз у тым, каб сабраць факты жыцця з тых крупінак, што вядомыя. Як з пазлаў скласці карціну, якая б дапамагла раскрыць творчасць кампазітара ва ўсім яе маштабе і прыгажосці. Музыканту з тых нешматлікіх звестак, што захаваліся ў архівах, удалося высветліць: Гедымін Радкевіч быў багатым самадастатковым чалавекам. Яго творы выконваліся ў салонах тагачаснай Вільні. З дакументаў жа захавалася толькі пасведчанне аб смерці, з якога вядома: ён быў калежскім саветнікам. Кампазітар рана страціў жонку: Тэрэза Радкевіч памерла ў 42 гады. Усе іх пяцёра дзяцей атрымалі вышэйшую адукацыю. Адзін з сыноў закончыў нават кадэцкі корпус у Санкт-Пецярбургу.

Дарэчы, Уладзімір Лябецкі ведае пра музычную культуру Гродзеншчыны амаль усё: у свой час ён абараніў дысертацыю “Музычная культура Гродзеншчыны другой паловы XVIII — XIX ст.” Даследчык упэўнены: “Гродна і ўся Гродзенская губерня таго перыяду нагадвалі яскравы аазіс культуры. Толькі ў 1900 годзе, напрыклад, там прайшло больш за 360 музычных і тэатральных пастановак. З канцэртамі прыязджалі музыканты: Іосіф Гофман, Сяргей Рахманінаў, іншыя. Распаўсюджанымі ў той час былі й дабрачынныя канцэрты, сродкі з якіх ішлі на аплату навучання студэнтаў з небагатых сем’яў у гродзенскіх каледжах і нават ва ўніверсітэтах Санкт-Пецярбурга. Такі прыклад не лішне было б узяць пад увагу сёння. А можна было б і паўтарыць!”

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 22 (3574), чацвер, 14 чэрвеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter