Мае той, хто дбае

У няпростых перапляценнях жыццёвых праблем грамадзян разбіраўся старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура...

У няпростых перапляценнях жыццёвых праблем грамадзян разбіраўся старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура

Выязны фармат прыёмаў па асабістых пытаннях, які традыцыйна практыкуецца кіраўніком сталічнага рэгіёна, дазваляе на месцы дэталёва разабрацца ў кожнай канкрэтнай сітуацыі на аснове аператыўнай інфармацыі з першых вуснаў.

У час чарговай сустрэчы з жыхарамі горада Жодзіна досыць эмацыянальна абмяркоўвалася пытанне цеплазабеспячэння прыватных дамоў жыхароў мікрараёна жылой забудовы Энергетык. Працяглы час дамы ацяпляліся ад мясцовай ЦЭЦ, зношаныя цеплатрасы, адсутнасць магчымасці ўладальнікаў рэгуляваць тэмпературу цепланосьбітаў, што не дазваляе эканоміць энергію, і шмат іншых праблем. Таму было прынята рашэнне правесці ў пасёлак газ, дарэчы, за бюджэтныя сродкі. Спажыўцам трэба забяспечыць урэзку і паставіць катлы. Але не ўсе былі згодны з такім вырашэннем пытання, выказваючы аргументы, што зараз энергія ЦЭЦ таннейшая, ды і траса, магчыма, яшчэ патрымаецца. Барыс Батура пераканаўча даказваў заяўнікам: «Прыватныя жылыя дамы трэба пераводзіць на індывідуальнае ацяпленне. Мае рацыю той, хто дбае не толькі пра сённяшнюю выгоду, але і глядзіць крыху наперад. У 2014—2015 гадах перакрыжаванае субсідзіраванне будзе скасавана, а тарыфы будуць устаноўлены па затратах. Тыя, хто пяройдзе на індывідуальнае ацяпленне дамоў, акажуцца ў больш выгадных умовах». Разам з тым кіраўніцтву газавай службы даручана забяспечыць і строга кантраляваць стабільную падачу газу спажыўцам.

З цэлым наборам фотаздымкаў прыйшлі на прыём жыхары дома № 24 па вуліцы Савецкай і дома № 14а па завулку Леніна. Усё апісанне сітуацыі можна звесці да некалькіх слоў: у кватэрах холад і цвіль. Ім ужо нямала давялося пахадзіць па розных інстанцыях, а ўся перапіска спускалася і асядала ў ЖКГ. Па тлумачэнні старшыні Жодзінскага гарвыканкама Міхаіла Амельянчука, жыхары горада штогод адлічваюць на капітальны рамонт каля 3 млрд. рублёў, а рамонту патрабуюць 235 дамоў. Зразумела, што зрабіць адразу ўсё немагчыма. У такой сітуацыі,  перакананы кіраўнік сталічнага рэгіёна, першапачаткова трэба рэагаваць на найбольш «балючыя» кропкі, якраз такая сітуацыя і была ў заяўнікаў. У пратаколе даручэнняў раённым службам вызначаны трохмесячны тэрмін для правядзення рамонту ў гэтых дамах.

У час выязнога прыёму Барыс Батура разгледзеў 16 зваротаў. Ён разбіраўся ў тым, ці варта мяняць статус будынка, ці трэба працягваць дагаворныя арэндныя адносіны з тымі, хто па аб’ектыўных ці суб’ектыўных прычынах не выконвае ўзятыя на сябе абавязкі, хто павінен даглядаць прыбярэжную тэрыторыю ракі, як трэба ўтрымліваць дарогу да садовых таварыстваў і гэтак далей. Не абышлося і, як кажуць, без класікі жанру — спрэчак паміж суседзямі за метр зямлі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter