Икона Матери Божьей Королевы Озер празднует 10-летие коронации

Мадонна з вострава

Дзесяць гадоў таму, 22 жніўня 2009 года, на абраз Маці Божай Валадаркі Азёраў з Браслава былі ўскладзены папскія кароны. Гэта была першая каранаваная ікона ў Віцебскай епархіі і дзясятая, апошняя на сёння, — у Беларусі. Каранацыя прайшла на палявым алтары, пабудаваным у форме карабля каля браслаўскага касцёла Нараджэння Маці Божай, а сам абраз, упрыгожаны вянком з белых лілій, быў усталяваны на невялікай яхце з ветразямі і высокай мачтай у выглядзе крыжа. Веліч таго моманту і сёння адгукаецца ў сэрцах вернікаў. Ікона, якой мясцовыя людзі маліліся і давяралі свае турботы сотні гадоў, не проста атрымала дадатковую аздобу — яе цудадзейнасць была афіцыйна прызнана і пацверджана Сусветным касцёлам.

molamola.by

Як даўно абраз Маці Божай Вала­даркі Азёраў знаходзіцца на Бра­слаўшчыне, дакладна не ­скажа ніхто. Вядома, што на адным з астравоў возера Неспіш яшчэ ў XVI стагоддзі існаваў праваслаўны манастыр, які пазней стаў грэка-ката­ліц­кім, а ў 1744 годзе быў уключа­ны ў спіс манастыроў, у якіх шануюцца цудадзейныя абразы. Гэта значыць, ­піша сайт Санктуарыя Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе waladarka.by, што ўжо ў тыя часы абраз знаходзіўся на браслаўскай зямлі і моцна шанаваўся людзьмі. Кожны раз, калі ікону выносілі з храма, а гэта адбывалася толькі ў пэўныя дні, на беразе збіраўся вялізны натоўп вернікаў. 


Бяда прыйшла ў манастыр 21 жніўня 1832 года. Моцны пажар знішчыў усе манастырскія будынкі. І вернікі ўжо думалі, што страцілі цудадзейны абраз назаўсёды. Але на наступны дзень ікону, моцна абгарэлую, знайшлі на суседнім востраве. Абразу быў неабходны новы дом. Было вырашана змясціць святыню ў браслаўскі касцёл. Вось толькі калі верыць паданням, зрабіць гэта атрымалася не адразу — перанесены абраз нейкім цудоўным чынам зноў і зноў вяртаўся на востраў, дзе яму маліліся на працягу некалькіх стагоддзяў.

І тады святар прысніў, што перанос святыні трэба даручыць былым злачынцам, якія пакаяліся ў грахах і сталі шчырымі вернікамі. Такіх знайшлі — і Маці Божая, прыняўшы іх ахвяру, засталася ў браслаўскім касцёле.  

У гісторыі абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў, якую называюць таксама Браслаўскай, або Манастырскай, нямала недакладнасцей. Да сёння невядома, што стала прычынай пажару ў манастыры, куды дзеліся званы са званіцы, дзе і пры якіх абставінах сапраўды быў знойдзены абраз пасля трагедыі. Гэтым летам энтузіясты з Цэнтра рэгіянальнага развіцця «Браслаў» ініцыявалі раскоп­кі на востраве Манастыр, што на возеры Неспіш, каб з дапамогай прафесійных археолагаў, спецыялістаў з дайвінг-цэнтра і валанцёраў скласці страчаныя пазлы гістарычнай карціны. Падчас даследаванняў, напрыклад, былі знойдзены часткі старажытнага маста пад вадой, які вёў на востраў з манастыром. Работы будуць працягнуты. 

А вось у чым дакладна ўпэўнены вернікі, дык гэта ў тым, што менавіта дзякуючы заступніцтву Маці Божай Валадаркі Азёраў браслаўскі касцёл быў выратаваны ад рабавання і знішчэння ў часы савецкага атэізму. Нейкі перыяд у храме знаходзіўся склад зерня, але хутка яго вярнулі парафіянам. Прычым адбылося гэта пасля досыць таямнічых падзей. Па ўспамінах мясцовых старажылаў, аднойчы ноччу міліцыянеры, якія ахоўвалі касцёл, адкрылі стральбу па храме. Пазней яны прызналіся, што кожную ноч бачылі каля касцёла нейкіх зданей і ў іх не было сіл цярпець такое далей. Што гэта былі за здані, невядома. Але ўлады вырашылі закрыць тэму і дазволілі вернікам маліцца ў храме.

Кароны на абраз Маці Божай Валадаркі Азёраў благаславіў у лютым 2009 года Святы Айцец Бенядзікт XVI.
waladarka.by

Сёння абраз Маці Божай Валадаркі Азёраў захоўваецца ў алтары касцёла. Абпаленыя часткі іконы хаваюцца за шатамі. Пад іконай — вялікая колькасць ахвяр. Крыжыкі, ланцужкі, ­сардэчкі з каштоўнага металу вернікі ­прыносяць да Марыі ў знак пашаны і падзякі за атры­маныя ласкі. Кажуць, браслаў­ская святыня дапамагае справіцца з хваробамі, сямейнымі праблемамі і г. д. Галоў­нае — верыць. Маці нікога на пакіне без увагі.

На свята да Маці

На мінулым тыдні ў Браславе ўрачыста адзначылі не толькі 10-годдзе каранацыі абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў, але і 20-годдзе заснавання Віцебскай дыяцэзіі. Свята сабрала больш за пяць тысяч удзельнікаў з розных куткоў Беларусі і з-за мяжы. У сваім слове да ўдзельнікаў урачыстасцей мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што прынятае дваццаць гадоў таму святым Янам Паўлам ІІ рашэнне аб стварэнні Віцебскай дыяцэзіі было знакам боскай волі:
belhot.by


— Заснаванне дыяцэзіі як бачнай структуры Каталіцкага касцёла і прызначэнне яе першым ардынарыем біскупа Уладзіслава Бліна дало новы імпульс для далейшага адраджэння і дынамічнага развіцця Каталіцкага касцёла ў паўночна-ўсходняй частцы Беларусі. Сёння мы бачым захапляльныя вынікі. Віцебскі касцёл за апошнія два дзесяцігоддзі заснаваў і развіў адпаведныя адміністрацыйныя і пастырскія структуры са сваімі святынямі, дабрачыннымі арганізацыямі і сродкамі інфармацыі. Значна павялічылася колькасць святароў і кансэкраваных асоб, паглыбляецца духоўнасць свецкіх вернікаў. Трэба з задавальненнем сказаць, што Віцебскі касцёл цвёрда стаіць на нагах. Выдатным знакам і плёнам яго развіцця з’яўляецца каранацыя цудадзейнага абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў папскімі каронамі ў 2009 годзе. Гэта быў трыумф адраджэння веры на Віцебшчыне пад апекай Божай Маці. 

Феномен «браслаўскай мазаікі»

Цікава, што мураваны касцёл у Браславе з’явіўся яшчэ ў 1824 годзе. Але ён быў такі маленькі, што неўзабаве вырашылі пабудаваць новы — на аснове нядаўна ўзведзенага храма. Будаўніцтва святыні, якая захавалася да нашага часу, скончылася ў 1897 годзе. Храм з’яўляецца помнікам неараманскага стылю, а найбольшую цікавасць у яго архітэктуры выклікае тэхніка кладкі сцен, асабліва той часткі, якая захавалася ад першага каменнага касцёла. Гэтую тэхніку называюць «браслаўская мазаіка». Пры ўзвядзенні сцен у шырокія швы паміж асноўнымі камянямі былі ўмураваны маленькія рознакаляровыя каменьчыкі, якія месцамі складаюцца ва ўзоры. Калі прыгледзецца, то можна ўбачыць выявы сонейка, літары, лічбы і гэтак далей. Каменная муроўка спалучаецца з элементамі дэкору, выкананымі з чырвонай цэглы. 

mila@sb.by 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter