Мадэрнізацыя мыслення

Новая тэхналагічная лінія «Антопальскага тэкстылю» адначасова выпускае розныя матэрыялы
Новая тэхналагічная лінія «Антопальскага тэкстылю» адначасова выпускае розныя матэрыялы

Толькі год мінуў з адкрыцця новай вытворчасці ў пасёлку Антопаль Драгічынскага раёна, а перавагі новага абсталявання ўжо відавочныя. Аб праведзенай мадэрнізацыі карэспандэнту «Р» расказаў дырэктар сумеснага прадпрыемства «Антопальскі тэкстыль» Уладзімір Байдук.




Новая вытворчая пляцоўка адкрылася ў Антопалі летась у снежні. Менавіта тады беларускія і кітайскія госці свята ўпершыню пабачылі новую тэхналагічную лінію.

— Шчыра кажучы, ініцыятыва мадэрнізацыі зыходзіла менавіта ад заснавальнікаў Антопальскай ватна-ткацкай фабрыкі, — гаворыць дырэктар прадпрыемства. — Мы зразумелі, што асартымент прадукцыі недастатковы, нягледзячы на разнастайнасць. У якасці інвестара выбралі кітайскую кампанію, разам з якой стварылі сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю. Сёння 74 % акцый вытворча-гандлёвай кампаніі «Антопальскі тэкстыль» належаць кітайскім інвестарам, астатнія 26 % — Антопальскай ватна-ткацкай фабрыцы.

Разам з кампаніяй «Цзянсу Вэйда» з Паднябеснай на прадпрыемстве вырашылі падысці да мадэрнізацыі з пэўным разлікам і мудрасцю.

— Калі працэс вытворчасці сінтэпону і флізеліну адрозніваецца толькі на фінальных стадыях, то чаму б не сумясціць іх у адной лініі? — гаворыць Уладзімір Байдук.

Так і зрабілі. Амаль 2 млн. долараў кітайскіх укладанняў значна пашырылі асартымент «Антопальскага тэкстылю». Калі раней пералік разнавіднасцей сінтэпону не вельмі ўражваў, то цяпер у Антопалі ёсць што выбраць нават самаму патрабавальнаму пакупніку.

Ужо цалкам адпрацавана тэхналогія атрымання тонкага нятканага матэрыялу флізеліну. Аднак, паколькі без нанясення клеявой паверхні ён не выкарыстоўваецца, сёння ідзе апрабацыя клею розных вытворцаў. Кітайская сыравіна, тлумачыць дырэктар, на жаль, тэст не прайшла — цяпер «Антопальскі тэкстыль» працуе са швейцарскім вытворцам клею. Як толькі пытанне паставак будзе вырашана, лінія выпуску флізеліну пачне працаваць на поўную магутнасць, а колькасць змен на прадпрыемстве павялічыцца да трох. Адпаведна пашыраць і штат супрацоўнікаў. Калі з кітайскімі інвестыцыямі ў Антопалі з’явілася 20 новых працоўных месцаў, то з запускам «флізелінавай» лініі да калектыву дадасца яшчэ некалькі чалавек.

— Што да сінтэпону, то на яго вытворчасці мы таксама выкарыстоўваем розную сыравіну — з «Магілёўхімвалакна», з Кітая, — гаворыць Уладзімір Сцяпанавіч. — Такім чынам мы спрабуем дасягнуць ідэальных суадносін складальных, у чым дапамагаюць і магчымасці новай печы з трыма зонамі прагрэву. Трэба сказаць, што поспехі ўжо ёсць. Шмат хто чуў пра так званы халафайбер, які цяпер вельмі актыўна рэкламуецца ў Расіі. Але мала хто ведае, што гэта толькі таварны знак, а не назва матэрыялу. Такі самы сінтэпон мы можам выпускаць у Антопалі. Дарэчы, як і бельгійскі мікрафайбер. Адным словам, справа ў маркетынгу.




Што да сістэмы продажу, то «Антопальскі тэкстыль» пакуль ведаюць толькі на беларускім рынку. Але актыўнасць досыць невялікага ў маштабах краіны прадпрыемства насамрэч здзіўляе. У спісах пакупнікоў завода нават славуты «Вегас», што выпускае артапедычныя матрацы.

— Гэтаму кліенту спадабалася, што наша лінія можа рабіць палатно з сінтэпону шырынёй ад 1 да 3,5 метра і шчыльнасцю ад 60 да 1000 грамаў на квадратны метр, — тлумачыць Уладзімір Байдук. — Старое ж абсталяванне можа дасягнуць толькі 1,5-метровай шырыні.

Прадукцыя «Антопальскага тэкстылю» выкарыстоўваецца таксама ў холдынгу «Пінскдрэў», мінскіх фірмах «Элема» і «Стэцкевіч Спецадзенне», салігорскай «Калінцы», кобрынскай «Лоне», а таксама на швейных фабрыках Жлобіна і Бабруйска. З пачаткам выпуску ўласнага мікрафайберу прадпрыемства плануе наладзіць пастаўкі ў Маскву.

Сёння магутнасць «Антопальскага тэкстылю» складае прыкладна 40 тон сінтэпону ў змену. Пры тым, што завод можа выпускаць да 75—80 тон матэрыялу.

— Але пакуль такія магутнасці не патрэбны, — тлумачыць Уладзімір Сцяпанавіч. — Мы арыентуемся на патрэбы рынку, а не складу. І павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці мае сэнс толькі з пашырэннем продажу.
Што рынкі збыту «Антопальскага тэкстылю» будуць пашырацца, сумненняў не выклікае. Разумны і ўзважаны падыход да працы — вось сапраўдная мадэрнізацыя. Не тэхнікі, вядома, а мыслення. Падмурак поспеху, вядома, скрыты менавіта ў ім.

Арцём КІР’ЯНАЎ, «Р»

На здымках: у працэсе вытворчасці.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter