Мадэрн i класiка

Што хаваецца за сценамі рэканструяванага Купалаўскага тэатра?

Што хаваецца за сценамі рэканструяванага Купалаўскага тэатра?

Выходзіш са станцыі метро “Купалаўская” – а перад вачамі ўжо не недакучлівая будоўля ды плакаты, якія закрывалі тэатр і цудоўны від на Аляксандраўскі сквер. А адноўлены, папрыгажэлы, быццам пасля прыёму ў касметолага з візажыстам, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Спатрэбілася больш як два гады, каб па ініцыятыве Прэзідэнта краіны вярнуць будынку гістарычнае аблічча. Цяпер ён выглядае так, якім яго пабудавалі ў 1890 годзе па праекце польскага архітэктара Караля Казлоўскага. Паводле плана, першых гледачоў тэатр павінен прыняць у сакавіку гэтага года. Нецярплівыя журналісты “НГ” вырашылі ўжо цяпер зазірнуць у нацыянальны храм Мельпамены і даведацца, што ў ім змянілася пасля рэканструкцыі.

Тэатр у стадыі “паліравання”

У вокнах тэатра мітусіліся людзі ў сініх камбінезонах — відаць, хоць і перадалі тэатр артыстам-купалаўцам, работы ў ім яшчэ будуць весціся да самай прэм’еры. Галоўны ўваход аказаўся зачынены. Паспрабавалі знайсці службовы. Там, дзе ён быў раней, насупраць фантана Аляксандраўскага сквера, з’явіліся тэраса і навес — тут плануецца летняя кавярня для артыстаў і гледачоў. А службовыя ўваходы размяшчаюцца цяпер збоку. Пакуль абыходзілі будынак, заўважылі яшчэ адну навінку — асобны ўваход з ліфтам для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Шчыра кажучы, увайшоўшы ў будынак, крыху разгубіліся. Думалі, бляск і чысціня рэканструяванага тэатра адразу аслепяць вочы. Аднак у калідорах яшчэ шмат пылу, кардонных каробак і рабочых з вёдрамі і пэндзлямі. Да прэм’еры тэатр давядзецца яшчэ добра “папаліраваць”. А яна ўжо не за гарамі.

— Па планах — у сакавіку. А ці будзе яна ў сакавіку, я сказаць не магу, — прызнаўся мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін. — Нам павінны яшчэ святло паставіць, гук адладзіць. А некаторага абсталявання яшчэ нават у Беларусі няма. Толькі кабелю трэба правесці семдзесят шэсць кіламетраў. Уяўляеце, семдзесят шэсць кіламетраў! Шэраг недахопаў трэба яшчэ выправіць: дах крыху працякае, батарэі не ўсе грэюць... Паспеюць рабочыя ці не — ад нас тут мала што залежыць. Сваю працу мы выконваем, рэпеціруем.

Менш крэслаў — больш утульнасці

Аднак, нягледзячы на работы, якія яшчэ вядуцца ў тэатры, яго “ператварэнне” з замучанага часам качаняці ў прыгожага лебедзя заўважыць кожны, ужо нават у фае. Новыя каваныя лесвіцы, шыкоўныя дарагія жырандолі, патаўсцелыя калоны, мэбля з духам даўніны... Злева і справа ад галоўнага ўваходу — касы, якія займелі ўласныя асобныя ўваходы. Па лесвіцы ўніз, на цокальным паверсе, — гардэроб і прыбіральні са стылізаванымі кранамі і масіўнымі рамамі люстэрак. Раней гардэроб размяшчаўся на першым паверсе.

Накіроўваемся ў глядзельную залу. За кошт новых блакітна-белых фарбаў, прасторы, якой стала ў зале больш, падалося, быццам трапілі на неба. Вельмі цёплае і ўтульнае. Толькі вось месцаў у гэтым “небе” стала відавочна менш.

— Глядзельная зала моцна не змянілася. Яе не чапалі ні па канфігурацыі, ні, спадзяюся, па акустыцы. А вось колькасць месцаў зменшылася, — пацвердзіў Мікалай Мікалаевіч. — Згодна з нормамі пажарнай бяспекі мы пашырылі праходы між радамі. І цяпер замест пяцісот пяцідзесяці ў зале трыста шэсцьдзесят крэслаў, праўда, нашмат шырэйшых і зручнейшых. Шмат гэта ці мала? Сённяшні тэатр імкнецца да невялікіх памяшканняў, дзе добра відаць і чуваць артыстаў і энергія акцёра далятае да кожнага гледача. У Маскве, да прыкладу, усе новыя тэатры такога ж памеру.

Пасля рэканструкцыі тэатра кожны рад у глядзельнай зале размяшчаецца на асобнай прыступцы, пад якой схавана вентыляцыя. Прыемна ўразілі ложы тэатра. Кожная разлічана на чатыры асобы і мае асобны ўваход. Уяўляеце, як здорава размясціцца тут сваёй сям’ёй ці кампаніяй сяброў-тэатралаў! Дарэчы, у кіраўніцтва тэатра ёсць ідэя прадаваць у такія ложы абанементы — як гэта было папулярна, да прыкладу, у ХІХ стагоддзі. Зала стала сапраўды вельмі ўтульнай і... камернай. Дарэмна некаторыя абураліся падчас рэканструкцыі, што тэатр страціць сваю аўтэнтычнасць і самабытнасць.

Артыст, як спартсмен

Утульна стала не толькі гледачам, але і акцёрам.

— Змянілася сцэна. Бачыце, яна стала глыбейшая на чатыры метры, — паказвае Мікалай Пінігін. — І шырэйшая. З’явіліся два тэхналагічныя карманы (быў толькі адзін), складаная механіка, зробленая чэшскай фірмай. Усё гэта дае больш магчымасцяў для рэалізацыі творчых ідэй. Праўда, патрэбны будзе час, каб усе спектаклі нашага рэпертуару адаптаваць пад новую сцэну.

Нельга не пагадзіцца з Пінігіным у тым, што тэатр стаў іншым. Да прыкладу, раней тут не было ніводнага ліфта — цяпер пяць, адна душавая на ўсіх артыстаў, цяпер — у кожнай грымёрцы.

— Артыст, як спартсмен, — упэўнены Мікалай Мікалаевіч. — Уявіце — тры гадзіны на сцэне! А калі яшчэ летам?.. Душ — вельмі зручная рэч. Дарэчы, як і свая кухня, якая ў нас з’явілася пры закулісным буфеце.

— Цікава, а што будзе ў “доміку” для патрэб ля будынка Купалаўскага тэатра? — заўважаю яго праз акно ў адной з грымёрак.

— Там, дзе быў туалет, будуць прадаваць кветкі і сувенірную прадукцыю: календары, фатаграфіі, лялек са спектакляў, кубкі з лагатыпам тэатра. Будынак будзе рэканструяваны пад мінскую краму ХІХ стагоддзя. У перспектыве, магчыма, можна будзе пасядзець за столікам, паглядзець відэаролік спектакля, выпіць кубачак кавы, — падзяліўся ідэямі Пінігін.

 Італьянскія шпалеры і лідскія жырандолі

У тэатры можна лёгка заблукаць. Шэсць паверхаў, мора калідораў, лесвіц, дзвярэй... Паспрабуй здагадайся, дзе што. Адзінае што — з рэпетыцыйнай залай не памылішся. Па гуку знойдзеш. “Выбачайце, што трохі прыпазніўся. Але гэта вінаваты мой жарабец. Як панёс з гары...” — ага, “Паўлінку” рэпеціруюць. Менавіта яе плануюць паставіць на абноўленай сцэне першай. Дарэчы, абноўленай будзе і сама “Паўлінка”. Зазіраем у дзверы — ого, якое вялікае памяшканне!

— Усяго ў тэатры тры рэпетыцыйныя памяшканні, — расказаў Пінігін. — Дзве малыя залы і адна вялікая. Гэта цудоўна. Прафесіяналы зразумеюць мяне, што такое рэпетыцыйная зала, роўная, з галоўнай сцэнай. Тут можна нават выпускаць спектаклі — з дэкарацыямі, выстаўленым святлом і гэтак далей.

А вось раней артыстам даводзілася рэпеціраваць у музеі тэатра на другім паверсе. Цяпер там глядзельнае арт-фае, напэўна, самая прыгожая частка тэатра: аўтэнтычныя арка, каміны з люстэркамі беласнежнага колеру, шпалеры з тканіны, па заказу выкананыя ў Італіі, мяккая тэатральная мэбля, грандыёзныя жырандолі, зробленыя, дарэчы, у Лідзе. Мы ўпэўненыя, што гледачы з задавальненнем будуць бавіць тут час антракту. Дарэчы, як і ў абноўленным буфеце, які набыў арыстакратычны выгляд.

Мастацкі кіраўнік тэатра жартуе: па першым часе людзі будуць прыходзіць паглядзець не столькі на спектаклі, колькі на новы тэатр.

— Нацыя пабудавала нацыянальны тэатр. Няхай людзі прыходзяць і глядзяць, на што ідуць іх падаткі. Тэатр сапраўды прыгожы атрымаўся, — гаворыць Мікалай Пінігін. — І за рэпертуар мне не сорамна. Як ні цяжка было падчас рэканструкцыі — перавозкі, чужыя сцэны, складаныя ўмовы — тэатр не разваліўся. Мы шмат паездзілі, былі ў Парыжы, Барселоне, Мадрыдзе, Лондане, іншых гарадах, выпусцілі новыя спектаклі, якія цікавяць гледача і, упэўнены, будуць не менш цікавымі ў новым тэатры.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter