Мабільны падыход

У Любанскім лясгасе зрабілі стаўку на найноўшыя падыходы

Сучасныя машыны і абсталяванне дазваляюць хутка і якасна вырашаць шэраг практычных задач

У дзяржаўнай лесагаспадарчай установе «Любанскі лясгас» зроблена стаўка на выкарыстанне найноўшых падыходаў да арганізацыі работы па розных накірунках. Там першымі ў сталічнай вобласці прымянілі сістэму спадарожнікавай навігацыі, актыўна пайшлі шляхам павелічэння аб’ёмаў лесанарыхтовак механізаваным спосабам, змаглі забяспечыць прывабнасць сваёй прадукцыі і паслуг не толькі для айчыннага, але і для замежнага спажыўца.

Дакладны разлік

У Любанскім лясгасе з цікавасцю бяруцца за сучасныя і прагрэсіўныя тэхналогіі. Адзін з накірункаў — прымяненне спадарожнікавай навігацыі для адводу і таксацыі лесасек, а таксама ацэнкі меж лясных плошчаў. «Мы стварылі спецыяльную брыгаду, аснашчаную сучасным абсталяваннем. За ёй замацаваны аўтамабіль з вадзіцелем. На ўзбраенні добра падрыхтаваных спецыялістаў — два GPS-навігатары, электронная вымяральная вілка для замераў дыяметра дрэў, лазерныя дальнамер і вышынямер, ноўтбук і іншыя неабходныя рэчы. Усё мабільна запускаецца ў любым месцы лесу і дазваляе вельмі дакладна і хутка выконваць пастаўленыя задачы», — расказвае дырэктар лясгаса Сяргей ШУЛЯКОЎСКІ (на здымку).

У магчымасцях і перавагах GPS-навігацыі на практыцы пераканаліся інжынер па адводах лесасек Андрэй Дземідовіч і майстар Андрэй Іокша — гэта яны працуюць з новым абсталяваннем.

«Апаратура дазваляе больш хутка і якасна зрабіць адвод — простымі словамі кажучы, вызначыць межы дзялянкі, плошчу, кубамасу і гэтак далей. Даныя заносяцца ў камп’ютар, і спецыяльная праграма дакладна выдае здымку з каардынатамі, контурамі дзялянкі, нават разметкай на тэхналагічнай карце тралёвачных валокаў, месцаў размяшчэння складоў драўніны і іншай неабходнай інфармацыяй. Брыгада вельмі мабільная, яна пераважна працуе ў нашых лясніцтвах, але пры необходнасці можа выязджаць і ў іншыя ўстановы», — тлумачыць Андрэй Дземідовіч. GPS-навігацыя дазваляе рабіць не толькі адвод і таксацыю лесасек, але і кантраляваць іх правільнасць, вызначаць плошчу любога лесагаспадарчага аб’екта. Незаменная яна і тады, калі трэба вызначыць плошчу пашкоджаных масіваў у выніку стыхійных бедстваў.

Для таго каб рухацца далей у рэчышчы выкарыстання сучасных метадаў адводу, у лясгасе пачалі апрабаваць і спецыяльную геаінфармацыйную сістэму для мабільных тэлефонаў. «На сёння вопытную вытворчую эксплуатацыю такіх прылад праводзяць начальнік аддзела лясной гаспадаркі і ляснічы вопытнага лясніцтва. Сістэма дазваляе ў палявых умовах у любым пункце мець пад рукой у мабільным тэлефоне ўсю неабходную інфармацыю. І ўжо не трэба браць з сабой папяровыя носьбіты — карты-схемы, таксацыйныя апісанні, папяровыя планшэты і гэтак далей. Незаменныя такія прылады і ў выпадку надзвычайнай сітуацыі, напрыклад пажару, калі ва ўмовах задымленасці трэба вызначыць каардынаты і перадаць інфармацыю», — падкрэслівае дырэктар лясгаса. І дадае, што надалей мяркуецца запусціць такое абсталяванне ў шырокае карыстанне.

Разумныя машыны

У лясгасе працягваюць набываць шматфункцыянальную тэхніку, якая дазваляе павялічыць аб’ёмы лесанарыхтовак механізаваным спосабам. У мінулым годзе закуплены харвестар, форвардар, сёлета плануецца набыццё яшчэ аднаго форвардара, а таксама магутнага сартыментавоза. «Атрымліваецца, што амаль усе стадыі ў нас былі механізаваны: нарыхтоўка, тралёўка, вывазка, а вось стадыя ачысткі лесасекі пераважна была ручной. Зразумела, яна затрымлівала тыя фазы, якія ішлі за ёй, а гэта падрыхтоўка глебы пад пасадку лясных культур і ўласна сама пасадка. Для вырашэння праблемы куплены трактар для лесакультурнай вытворчасці і абсталяванне для ачысткі лесасек. У сувязі з набыццём сучаснай спецыяльнай тэхнікі шмат увагі надаём навучанню персаналу, бо даверыць дарагія машыны непадрыхтаваным людзям — гэта недапушчальна», — расказвае Сяргей Шулякоўскі.

Абнавіўся не так даўно і прамысловы ўчастак. Як падкрэслівае дырэктар, менавіта прамысловая дзейнасць дае сродкі для далейшай мадэрнізацыі, набыцця новай тэхнікі і абсталявання. А гэта неабходна для развіцця вытворчасці і паляпшэння якасці прадукцыі. Новыя магчымасці з’явіліся з устаноўкай лініі ацыліндроўкі, што дазволіла ўмацаваць экспартны патэнцыял установы. Зараз амаль 99 % гэтай прадукцыі пастаўляецца ў Францыю, Галандыю, Германію. Там ацыліндраваныя вырабы актыўна выкарыстоўваюць для стварэння малых архітэктурных форм. На ўнутраным жа рынку пакуль толькі адзінкавыя заказы. Зразумела, што такая прадукцыя і каштуе больш, бо для яе вырабу патрэбна вельмі якасная сыравіна. Але дырэктар упэўнены, што ацыліндраваныя матэрыялы больш шырока будуць запатрабаваны і айчынным спажыўцом: «Лінія ўжо набрала добры тэмп і зараз забяспечвае 130—150 метраў кубічных гатовай прадукцыі за змену».

Новая лінія лесапілення таксама дазволіла забяспечыць больш высокую якасць піламатэрыялу і рытмічнае выкананне планавых заданняў — а гэта амаль тысяча кубоў перапрацаванай сыравіны штомесяц. Нягледзячы на тое што кошт гэтай прадукцыі таксама вырас, пастаянныя заказчыкі не сталі шукаць іншых вытворцаў, бо якасць і надзейныя партнёрскія адносіны значаць на сёння нямала.

Расці, дрэва

У свой час беражліва адносіцца да лесу Сяргея Шулякоўскага навучыў яго дзед. Школьны настаўнік, ён сам з вялікім клопатам ставіўся да прыроды, і гэта перадавалася дзецям. Дзедаву навуку сёння ўжо дырэктар лесагаспадарчай установы засвоіў добра, у прафесію прыйшоў усвядомлена і, як прызнаецца сам, яму бліжэй да сэрца лесагаспадарчы накірунак дзейнасці. Шмат увагі любанскія лесаводы надаюць лесааднаўленню. Ужо ў гэтым годзе лесааднаўленчыя работы праведзены на плошчы больш за 200 гектараў.

Даўнія традыцыі мае гадавальніцкая гаспадарка, якая забяспечвае не толькі ўласныя патрэбы лясгаса. Ужо трэці год лясгас прадае пасадачны матэрыял для лесааднаўлення ў Расійскую Федэрацыю, сёлета пастаўлена каля 700 тысяч сеянцаў сасны і елкі. Прыемна, што атрымалі добрыя водгукі, матэрыял прыжыўся.

Пастаянны лясны базавы гадавальнік складаецца з некалькіх аб’ектаў і ў цэлым займае 23,5 га. Яго пляцоўкі размяшчаюцца ў Соснаўскім лясніцтве. Ёсць свая цяплічная гаспадарка з дыхтоўнымі цяпліцамі, абсталяванымі аўтаматычным палівам, іх рабілі самі, гаспадарчым спосабам. Начальнік гадавальніка, які мае статус высокай культуры, Валянціна Скрыган — чалавек не толькі вельмі падрыхтаваны і вопытны. Пра такіх кажуць: апантаны. «Апошнім часам вельмі актыўна мы пачалі вырошчваць дэкаратыўны пасадачны матэрыял. Сёлета зачаранкавалі 110 тысяч раслін каля 100 відаў і форм. 35 тысяч 75 відаў ужо гатовы да рэалізацыі. Немалаважна, што шмат пасадачнага матэрыялу вырошчваецца з закрытай карнявой сістэмай, і ім можна гандляваць увесь сезон», — расказвае яна. У мінулым годзе толькі продажам сеянцаў і дэкаратыўнага пасадачнага матэрыялу лясгас зарабіў больш мільярда рублёў. Больш за паўмільярда выручылі сёлета.

Прадукцыю Любанскага лясгаса добра ведаюць не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Сваёй якасцю і канкурэнтаздольнасцю яна заваявала спажывецкі попыт. А спрыяла гэтаму вельмі шырокая кірмашовая і выставачная дзейнасць: куды толькі не вазілі пасадачны матэрыял, а таксама мёд і іншую прадукцыю яе вытворцы! Дарэчы, у лясгасе адна з буйнейшых у вобласці пчальніковых гаспадарак, дзе ўтрымліваюцца 300 сем’яў. Якраз зараз вядзецца адкатка мёду, і ўжо нарыхтавана 2 тыс. 800 кг гэтай карыснай і спажыўнай прадукцыі.

З задавальненнем ласуюцца ёю і пастаяльцы гасцінічнага комплексу, які пабудаваны ў лясгасе. Дом паляўнічага на 19 койкамесцаў, навес для адпачынку, баня, барбекю-комплекс і іншыя аб’екты размясціліся на ўскрайку маляўнічага лесу — ціха і чыста, шмат грыбоў і ягад, недалёка невялікае зарыбленае возера. «Сённяшнім паляўнічым спартанскіх умоў ужо мала, яны едуць не толькі паляваць, але і з камфортам правесці час, адпачыць. Нярэдкія госці ў нас і паляўнічыя з-за мяжы. Толькі сёлета паляўнічая гаспадарка ў цэлым прынесла 280 млн. рублёў. Павялічваецца і яе акупнасць», — тлумачыць дырэктар лясгаса.

Віктар Міхалевіч — адміністратар дома паляўнічага, ён жа егер, — з задавальненнем паказвае свае ўладанні: «Комплекс толькі-толькі «раскручваецца», але адчувальна, што мы робімся ўсё больш папулярнымі, у ліпені загрузка склала 98 %. У перспектыве разглядаем магчымасць і пралічваем мэтазгоднасць дапаўнення яго некалькімі летнімі домікамі».

Зараз амаль ва ўсіх накірунках дзейнасці лясной гаспадаркі выкарыстоўваюцца новыя падыходы, метады і тэхналогіі. «Прагрэсіўным можна лічыць толькі тое, што не шкодзіць прыродзе — нашаму агульнаму здабытку. Лес надзвычай шчодра адорвае людзей, а ўзамен чакае толькі аднаго — беражлівых адносін. Давайце будзем рабіць гэта разам», — заклікае дырэктар Любанскага лясгаса Сяргей Шулякоўскі.

Фота: Юрый МАЗАЛЕЎСКІ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter