Маўчанне цялят...

Мiнчанiн выратаваў ад пажару ферму ў вёсцы Узнога Бабруйскага раёна

Мiнчанiн Вячаслаў Смалянок у вёсцы Узнога Бабруйскага раёна выратаваў ферму ад пажару

Вячаслаў родам з Узногi. Тут праходзiла яго маленства, юнацтва, тут далучыўся да нялёгкай сялянскай працы. Не дзiва, што пасля заканчэння Бабруйскага сельскагаспадарчага тэхнiкума атрымаў накiраванне ў родны СВК iмя Дзяржынскага, дзе працаваў прарабам. Неўзабаве прыйшоў час абзаводзiцца сям’ёй. Жонка — карэнная мiн­чанка. Яна i пацягнула хлопца ў сталiцу. Тут уладкаваўся працаваць вадзiцелем.

Вядома, клопатаў хапае, але, як выпадае зручны момант, iмчыцца Вячаслаў у родную Узногу. Вось i ў той трагiчны дзень выбраўся ён разам з жонкай, пяцiгадовым сынам у госцi. Мацi сустракала дарагiх гасцей з абдымкамi — i адразу за стол. Пад’елi. Слава пайшоў па ваду. Вяртаецца назад i гаворыць: «Нiбыта шыфер страляе, нешта гарыць... А што?» Накiнуў хуценька куртку i выскачыў на вулiцу. Мацi ўслед. Толькi за суседнi дом — бачыць, ферма гарыць, полымя па сценах узбiраецца на дах... Жанчына пабегла да суседзяў: «Хутчэй выклiкайце пажарных!»

А хлопец тым часам кiнуўся да палаючага памяшкання, а яно зачынена. Што рабiць? Схапiў аглоблiну, якая стаяла непадалёк, i давай бiць у дзверы, яны i паддалiся... Ён у хлеў, пачаў выганяць цялят на вулiцу. Адно цяля, другое, трэцяе: «Пай­шлi хутчэй адсюль, пайшлi!» Жывёла выскоквала з памяшкання, куды бегла, нiхто не глядзеў, абы далей адсюль... Недзе палову цялят выгнаў, але далей пайшло цяжэй, жывёла пачала баяцца агню. Аднак Слава зноў i зноў iшоў у дым i агонь, выганяў на вулiцу чарговую партыю цялят. Не ведаў, колькi такiх заходаў зрабiў, не думаў аб сабе, а пра тое, як выратаваць астатнюю жывёлу, бо вось-вось мог абвалiцца дах — усё памяшканне было пад па­грозай...

А тут падаспелi пажарныя. Аднак да гэтага часу намаганнямi Вячаслава i вяскоўцаў, якiя пры­беглi на дапамогу, усе 140 цялят былi выведзены на вулiцу з палаючага памяшкання. Толькi гэта сказаць лёгка, а колькi небяспечных iмгненняў давялося перажыць, запазнiся выратавальнiкi на некалькi хвiлiн, i маладняку маглi недалiчыцца...

— Ведаеце, — дадае загадчыца фермы Алена Мазурэнка, — не кожны б адважыўся на такi ўчынак. Вячаслаў — сапраўдны мужчына! Не ведаю, што iм рухала, напэўна, жаданне супрацьстаяць бядзе, дапамагчы землякам: калi не ты, то хто? Ён жа рызыкаваў жыццём, асаблiва калi частка даху абвалiлася...

— Калi Слава разам з мацi пабеглi на ферму, — адзначае жонка Таццяна, — я засталася ў доме з дзецьмi. Мужа няма i няма... Тэлефанавала яму на мабiльнiк — не адгукаўся. Што з iм? Усялякiя думкi лезлi ў галаву, гэта было самае цяжкае за час нашага сумеснага жыцця чаканне... Калi Слава з’явiўся, я яго не пазнала: вопратка абгарэлая, увесь закураны, але, дзякуй Богу, жывы!

Родныя i не ведалi, што Вячаслава дзве гадзiны адкачвала «хуткая», якая прыбыла да месца здарэння.

Трэба сказаць, у гаспадарцы даволi хутка лiквiдавалi вынiкi пажару. На ферме наладзiлi працу калектыву даглядчыкаў, i ўсё ўвайшло ў звычайны рытм.

Аднак вось незадача: не ацанiлi як след учынак Смалянка, нават слоў падзякi яму не выказалi. Спадзяёмся, гэты хiб неўзабаве будзе выпраўлены, Вячаслаў гэтага заслугоўвае!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter