Маўчанне куранят

Гродзенскія птушкафабрыкі неэфектыўна патрацілі Br 10 млрд

На Гродзеншчыне пры рэалізацыі праграмы развіцця птушкагадоўлі неэфектыўна выкарыстана амаль 10 мільярдаў рублёў

Камітэт дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці праверыў, як развіваецца птушкагадоўля на фабрыках рэгіёна. Вынік кантрольных мерапрыемстваў несуцяшальны: не выконваецца частка праграмы па вытворчасці курыных яек, не забяспечваецца прыбытковае вядзенне птушкагадоўлі. Апрача таго, рэнтабельнасць прадукцыі ў яечнай прамысловасці і ў вытворчасці мяса куранят-бройлераў значна падае. Адной з прычын нізкай рэнтабельнасці ў птушкагадоўлі з’яўляецца высокі кошт кармоў. Пры гэтым на птушкафабрыках, якія маюць збожжа ўласнай вытворчасці, кошт камбікорму ў сярэднім на 30 % меншы, чым у птушкафабрык, якія набываюць збожжавую групу.

На зніжэнне ўзроўню рэнтабельнасці ад рэалізацыі прадукцыі аказвае ўплыў сезонны спад попыту на курыныя яйкі ў летні перыяд. Каб пазбегнуць псавання прадукцыі, ААТ «Бераставіцкая птушкафабрыка» ў маі—жніўні мiнулага года рэалізавала 2116 тысяч штук яек на экспарт з сярэдняй цаной рэалізацыі 497 000 рублёў за 1000 штук. Страта ад гэтага склала 218 млн. рублёў, рэнтабельнасць рэалізацыі — мінус 18,9 %, а рэнтабельнасць продажу — мінус 20,7 %. Аналагічная сітуацыя адзначана ў ДП «Шчучынская ППРФ».

Пры гэтым у вобласці ёсць магутнасці па перапрацоўцы яек у міжсезонны перыяд. Так, у ААТ «Птушкафабрыка «Слонімская» ў верасні 2011 года рэалізаваны інвестыцыйны праект «Будаўніцтва цэха глыбокай перапрацоўкі яек», які прадугледжваў перапрацоўку 150 000 штук курыных яек за смену ў выглядзе вадкіх пастэрызаваных сепарыраваных яйцапрадуктаў (меланж, жаўток і бялок), на выкананне якога выдаткавана 617 тыс. еўра. Аднак адсутнасць дакладнай каардынацыі дзеянняў птушкафабрык па пастаўцы яек, непрадуманая маркетынгавая і цэнавая палітыка прывялі да таго, што ў 2012 годзе цэх быў загружаны толькі на 12 %, а большасць птушкафабрык рэалізавалі прадукцыю за межы краіны, губляючы грошы.

Сітуацыя істотна не змянілася за 11 месяцаў мiнулага года. Акрамя таго, у ААТ «Птушкафабрыка «Слонімская» Слонімскага раёна дагэтуль у незавершаным будаўніцтве лічыцца аб’ект «Кацельня-цэх па вытворчасці яечнага парашку», узвядзенне якога пачалося яшчэ ў 2006 годзе. Затраты па незавершанай рэканструкцыі з улікам пераацэнкі склалі 1 млрд. 785 млн. рублёў.

Некаторыя птушкафабрыкі рэгіёна парушаюць тэхналогію вытворчасці яек і мяса птушкі. Прычына ў тым, што своечасова не набываецца ў дастатковай колькасці рамонтны маладняк, дапускаецца ператрымка пагалоўя курэй у сувязі з адсутнасцю уласных забойных цэхаў альбо з-за недастатковасці існуючых магутнасцей. Так, у філіяле «Дзітва» ААТ «Лідахлебапрадукт» Лідскага раёна загінула 14 595 галоў птушкі (у асноўным у перыяд з лістапада 2012-га па сакавік 2013 года), што было выклікана затрымкай з пастаўкай маладняку, адсутнасцю паўнавартаснай выбракоўкі слабай птушкі. Маюць месца факты эксплуатацыі аб’ектаў без іх уводу ва ўстаноўленым парадку, што таксама прыводзіць да гібелі птушкі.

У ходзе праверкі выяўлены і іншыя парушэнні. Усяго ўстаноўлена неэфектыўнае выкарыстанне грашовых сродкаў на суму 9 млрд. 425 млн. рублёў, у тым ліку 5 млрд. 497 млн. рублёў бю¬джэтных сродкаў. Накладзена штрафных санкцый больш за 122 млн. рублёў. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 11 чалавек, распачаты 3 крымінальныя справы.

Калегія КДК рэкамендавала вывучыць пытанне мэтазгоднасці рэарганізацыі птушкафабрык шляхам іх аб’яднання з сельгасарганізацыямі з тым, каб стварыць уласную кармавую базу. Неабходна таксама прапрацаваць пытанне аб стварэнні ўласнай тавараправоднай сеткі за мяжой для правя¬дзення скаардынаванай цэнавай і маркетынгавай палітыкі пры рэалізацыі прадукцыі на экспарт.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter