Міжземнамор’е вітае беларускае слова

ТВОР беларускага пісьменніка “Сыны” стане першым з айчынных, які будзе выдадзены па-турэцку. Аб гэтым карэспандэнту “БН” паведаміў сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Міхась ПАЗНЯКОЎ.

Раман Мікалая Чаргінца надрукуюць у Турцыі.

ТВОР беларускага пісьменніка “Сыны” стане першым з айчынных, які будзе выдадзены па-турэцку. Аб гэтым карэспандэнту “БН” паведаміў сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Міхась ПАЗНЯКОЎ.

— На дадзены момант кніга знаходзіцца ў стадыі перакладу, — зазначае Міхась Пазнякоў. — Яе выданне плануецца ўжо ў гэтым годзе. Дзякуючы ўстаноўленым некалькі гадоў таму творчым і дзелавым кантактам з нашымі турэцкімі калегамі заключана двухбаковае пагадненне аб супрацоўніцтве.

Дарэчы,  Беларусь  ужо  зрабіла першыя  крокі.   Яшчэ  ў   мінулым годзе ў часопісе “Полымя” былі апублікаваны перакладзеныя творы трох выдатных літаратараў старажытнай і сучаснай Турцыі — Джалалэддзіна Румі, Архана Велі (Канык) і Мухамеда Фетхулаха Гюлена.

— Яшчэ мы плануем падрыхтаваць пераклад і надрукаваць у Беларусі творы турэцкіх аўтараў буйных формаў, — сказаў Міхась Пазнякоў. — З другога боку, сёння рыхтуецца да выдання і анталогія беларускай паэзіі па-турэцку. Там сабрана сорак аўтараў — ад класікаў да сучаснікаў. Кніга таксама выйдзе ў гэтым годзе.

Трэба адзначыць, што наладжваюцца творчыя стасункі паміж краінамі ў сферы культурнай адукацыі. Дасягнута папярэдняя дамоўленасць аб падрыхтоўцы спецыялістаў — турэцкіх грамадзян — у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.

Таццяна УСКОВА, “БН”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter