Міжнародны паэт

Падарожжа па дарогах жыцця Адама МіцкевічаШто аб’ядноўвае Навагрудак, Вільню, Маскву, Санкт-Пецярбург і Стамбул? Можна правесці мноства гістарычных паралеляў паміж гэтымі гарадамі, прасачыць іх сённяшнія эканамічныя і культурныя сувязі. Але дакладнага адказу з ходу не даў бы нават наш славуты ўсявед Алесь Мухін. У “Што? Дзе? Калі” выйграў бы адназначна тэлеглядач. А аўтарам каверзнага пытання аказаўся б мінчанін Уладзімір Ліхадзедаў. Ён злучыў пералічаныя гарады ў адзін ланцуг моцным звяном. Гэтае звяно — Адам Міцкевіч.

Словазлучэнне “вялікі польскі паэт” стала пэўнага кшталту “шлейфам” Міцкевіча, творамі якога зачытваюцца ва ўсім свеце вось ужо амаль два стагоддзі. Але яшчэ не ўсюды вядома, што літаратурны класік паходзіць з Беларусі. Давесці гэта на словах цяжка. А паказаць, у якіх кутках нашай краіны пакінуў свой след (у літаральным сэнсе!) пісьменнік, здолеў усё той жа Ліхадзедаў. Нездарма ж Уладзімір Аляксеевіч збіраў паштоўкі, звязаныя з месцам нараджэння Міцкевіча, яго навучання, творчасці. Па іх, як па карце, лёгка прасачыць, як дарога генія пачыналася пад Навагрудкам, а завяршылася... у Стамбуле.
Рэдкія паштоўкі Уладзімір Ліхадзедаў, лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне”, прэзентаваў на выставе ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Мабыць, ацалелі рарытэты збольшага ў прыватным зборы мінскага калекцыянера. Цяпер жа даступныя ўсім — у экспазіцыі і апублікаваныя ў шыкоўным альбоме.
Углядаешся ў краявіды, адлюстраваныя на паштоўках, чытаеш подпісы пад імі — і адкрываеш невядомыя далягляды: вось месца, дзе нарадзіўся Міцкевіч (хутар Завоссе пад Навагрудкам, дзесяць год таму адноўлены і прыстасаваны пад мемарыяльны музей), тут хрысціўся, вучыўся (Навагрудак), а вось — Туганавічы, дзе жыла каханая паэта — вечная муза Марыля Верашчака. Або возера Свіцязь. Ёсць на яго берагах выдатны дом адпачынку. Але не столькі рэкрэацыйным і прыродным патэнцыялам славіцца вадаём. Уздоўж яго некалі прагульваўся наш Адам, тут “жывуць” героі многіх яго паэм...
Лёс спрыяў Міцкевічу. Яго чыталі, шанавалі, ім захапляліся. Сам Пушкін ганарыўся дружбай з нашым земляком. Аднак на радзіме Адаму давялося пажыць мала. А радзіма была даволі вялікая. Я лічу паэта беларусам, але сам ён мог сябе называць і інакш — палякам, ліцвінам. У Вільні, Каўнасе, Паланзе яго прымалі за свайго. Два стагоддзі таму лічылася, што Беларусь — гэта краіна на ўсход ад Мінска, а Навагрудак і ўсё, што на поўнач, да самай Балтыкі, — Літва. Такая вось гісторыя з геаграфіяй — напамін пра тое, што калісьці на акрэсленых абшарах існавала Вялікае княства Літоўскае. Ведаючы пра гэта, вы не здзівіцеся, прачытаўшы на адной з паштовак, прысвечаных Міцкевічу: “Нарадзіўся 24 снежня 1798 года ў Завоссі пад Навагрудкам, у Літве”.
З тае Літвы Міцкевіч перабраўся ў Маскву, а потым знайшоў прытулак у Санкт-Пецярбургу. Наўрад ці нехта, апрача вучоных, сёння згадае, што менавіта ў расійскіх сталіцах да нашага паэта прыйшла міжнародная слава. У Расіі яго ўпершыню сталі шмат перакладаць, а рускія інтэлектуалы, нягледзячы на вечныя спрэчкі з палякамі, прынялі “чужаземца” са шчырай славянскай гасціннасцю. Аднак, бываючы ў Маскве, вы не знойдзеце ўказальнікаў да месцаў, дзе жыў, працаваў наш зямляк. Хаця такіх месцаў нямала — ад вуліцы Цвярской да Патрыярхавых ставоў.
Няма ў Маскве і помніка Міцкевічу. На жаль... На старых паштоўках між тым адлюстраваны манументы ў гонар паэта ў такіх мясцінах, дзе, здаецца, той ніколі сам не бываў. Хаця дзе толькі не жыў Адам — і ў швейцарскай Лазане, і ў Парыжы. Там выкладаў літаратуру, тужыў па радзіме і пісаў, пісаў, пісаў... Прыхільнікі тым часам друкавалі паштоўкі. На іх — курган Міцкевіча ў Навагрудку, даліна Міцкевіча ў Каўнасе, дом у Веймары, у якім паэт сустракаўся з Гётэ, помнік у Карлсбадзе, цяперашніх Карлавых Варах...
Асобная гісторыя — манументы ва Украіне. Тут Міцкевіч не жыў, не тварыў (не лічачы Крыма), але адзін з першых помнікаў паэту з’явіўся ў Львове — калона ў старажытнарымскім стылі з фігурай Адама ля п’едэстала. Паштоўка з выявай манумента расказвае, што яго стваралі пры ўдзеле Уладзіслава — сына класіка, тады ўжо бясспрэчнай зоркі сусветнай літаратуры.
А ці чулі вы такія ўкраінскія назвы — Рава-Руская, Перамышляны, Самбар, Стрый, Церабоўля, Таўмач? Ну пра Трускавец, Івана-Франкоўск (колішні Станіславаў), Цярнопаль пэўна ж ведаеце. Дык вось, у кожным з гэтых паселішчаў на пачатку ХХ стагоддзя былі (а недзе, мабыць, і засталіся) помнікі, вуліцы, алеі, названыя ў гонар польскага пісьменніка, народжанага ў Беларусі. Зрэшты, хто пасля гэтага скажа, што Адам — толькі наш або польскі? Ён — міжнародны паэт!
Аднак у Мінску бронзавая фігура Міцкевіча з’явілася толькі ў 2003 годзе. Са спазненнем, але, як кажуць, лепш позна... Таму Мінска на старых паштоўках, прысвечаных паэту, няма. Затое няма і такой карткі, якая з’явілася ў Польшчы ў гады Другой сусветнай вайны: нямецкія захопнікі знішчаюць помнік паэту ў Кракаве. Бронзавы Міцкевіч на вачах збянтэжанай публікі валіцца галавою ўніз, на брук... За што? За тое, што сябраваў з Гётэ?..
Разглядаючы старыя фотаздымкі, ёсць над чым паразважаць. Збор паштовых картак з відамі многіх краін, з’яднаных беларускім прозвішчам Міцкевіч, хочаш не хочаш, наводзіць яшчэ на адну думку. Узяць бы такую калекцыю ды выправіцца ў вандроўку па дарогах жыцця класіка. Чаму не! Мо ідэю возьмуць на ўвагу прадстаўнікі турыстычных фірм, і мроя стане рэчаіснасцю?

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter