Днямі ў Мінску завяршыўся X міжнародны медыяфорум

Мірны брокер

Днямі ў Мінску завяршыўся X міжнародны медыяфорум, які выклікаў цікавасць не толькі ў прадстаўнікоў медыясупольнасці, але і ўсяго беларускага грамадства. Чарговая сустрэча палітыкаў, экспертаў і журналістаў, а іх прыехала ў Мінск каля 400 з 20 краін, зноў пацвердзіла знакавасць гэтага міжнароднага праекта, які прайшоў сёлета пад эгідай 70-годдзя Вялікай Перамогі і асаблівай міратворчай ролі нашай краіны ва ўмовах складанай геапалітычнай сітуацыі.

Падчас панэльных сесій, круглых сталоў і “гарачых” дыскусій прагучала шмат актуальных меркаванняў і паведамленняў, прайшлі майстар-класы і абмен вопытам калег з краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў і далёкага замежжа. 

Аднак сутнасцю канцэптуальнай ідэі медыяфоруму, на маю думку, можна лічыць пункт гледжання маскоўскага палітолага беларускага паходжання Кірыла Коктыша: “Беларусь заўсёды шукае канструктыў, а не імкнецца з кімсьці пасварыцца. Дапамога ў рэгуляванні крызісу ва Украіне дазволіла Мінску з’яўляцца брокерам мірнага працэсу ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне”. Паводле меркавання вучонага, пашырэнне мірнага працэсу можа стаць адмысловай “спецыялізацыяй” нашай краіны, якую падтрымала б не толькі Усходняя Еўропа, але і астатні свет. 

Нагадаю, што стасункі Беларусі і Захаду значна палепшыліся пасля ініцыятывы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі зрабіць Мінск пляцоўкай для перамоў па сітуацыі ва Украіне ў чатырохбаковым фармаце. З удзелам Расіі, Германіі, Францыі і Украіны. 

З гэтай нагоды эксперты тады каментавалі: саміт ключавых еўрапейскіх палітычных ігракоў у нашай краіне азначаў яшчэ і прарыў дыпламатычнай блакады, у якой Мінск знаходзіўся апошнія гады.

Прыкметнай падзеяй тыдня быў і саміт “Вялікай сямёркі” ў Германіі. 

За ім сачыла ўся планета. Вынікі баварскай сустрэчы кіраўнікоў найбагацейшых дзяржаў свету журналістам агучыла канцлер Ангела Меркель: G7 можа зрабіць “больш жорсткімі санкцыі, калі сітуацыя патрабуе гэтага”. 

Яе падтрымаў амерыканскі лідар Барак Абама: “Нашы еўрапейскія партнёры пацвердзілі, што будуць захоўваць санкцыі ў адносінах да Расіі да поўнага выканання Мінскіх дамоўленасцяў”. На тое ж “сямёрка” настройвае і Кіеў.

Лідары G7 таксама далі зразумець Маскве, што не супраць вяртання Расіі ў “клуб элітных дзяржаў”, але толькі ў абмен на істотную змену яе палітыкі. Карацей кажучы, для аднаўлення фармату “васьмёркі” яны патрабавалі вяртання да ранейшай сістэмы падпарадкавання расійскіх стасункаў з Захадам. Аднак Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, захоўваючы нацыянальныя інтарэсы краіны, неаднаразова падкрэсліваў: такога кшталту ўзаемаадносін ужо ніколі не будзе...

Усё гэта адбывалася на мінулым тыдні. А вас, шаноўныя чытачы, цікавіць, што будзе далей? Мяне таксама. 

Пажывём — пабачым! Сустрэнемся...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter