Мінус адзін

Аляксей Грос адмовіўся ад далейшага ўдзелу ў конкурсе

Фіналіст беларускага адбору на «Еўрабачанне» Аляксей Грос адмовіўся ад далейшага ўдзелу ў конкурсе.

У складзе фіналістаў Нацыянальнага адборачнага тура Міжнароднага конкурсу песні «Еўрабачанне-2014» — перамены. Замест 15 выканаўцаў, якіх усяго тыдзень таму вызначыла журы, далейшую барацьбу за пуцёўку на чарговае еўрашоу працягнуць 14 удзельнікаў.

На днях у адрас Белтэлерадыёкампаніі, якая з’яўляецца арганізатарам нацыянальнага адборачнага тура і падрыхтоўкі беларускага ўдзельніка да «Еўрабачання-2014», паступіў зварот прадзюсарскага цэнтра «Спамаш» з просьбай адклікаць заяўку на ўдзел у конкурсе аднаго са сваіх артыстаў — фіналіста Аляксея Гроса. Як высветлілася, прадстаўленая ім на конкурс песня бельгійскага кампазітара Марка Паэлінка «If I could do it all again», правы на якую аўтар уступіў прадзюсарскаму цэнтру «Спамаш» у 2012 годзе, ужо была публічна выкарыстаная іншым выканаўцам.

Каменціруючы сітуацыю, Аляксей Грос заявіў, што для яго і ўсёй каманды прадзюсарскага цэнтра «Спамаш» гэта акалічнасць стала непрыемнай нечаканасцю. А каб такая прыкрая падзея не была падставай для размоў і плётак, заяўку вырашана адклікаць.

Прапанова на конкурс песні, якая ўжо выконвалася раней, сапраўды, з’яўляецца парушэннем Палажэння аб правядзенні нацыянальнага адборачнага тура, і зварот прадзюсарскага цэнтра «Спамаш» Белтэлерадыёкампанія задаволіла.

Між тым Інтэрнэт шуміць пра наспяваючы скандал, звязаны з беларускім адборам. З’явілася інфармацыя аб тым, што прадзюсары вядомай расійска-ўкраінскай спявачкі, удзельніцы шматлікіх гучных праектаў Сары Окс, якая па выніках ацэнкі беларускага журы не ўвайшла ў лік пятнаццаці фіналістаў, не згодныя з такім рашэннем і маюць намер дамагацца ўключэння яе ў запаветны спіс.

Але ці магчыма гэта, нават калі адно месца ў ім цяпер вызвалілася?..

Так ці інакш, пакуль спіс фіналістаў выглядае наступным чынам: Мацвей Бандарэнка, Юрый Вашчук, Дарыя, Жанет, Макс Лорэнс & Дзідзюля, Анастасія Малашэўская, Арцём Міхаленка, Аліна Мошчанка, група «Napoli», група «Nuteki», Наталля Адзінцова, Алена Сіняўская, Наталля Тамела, група «Switter boys».

Фінал беларускага адбору на «Еўрабачанне-2014» пройдзе ў студзені 2014 года. Выканаўца, які набраў найбольшую колькасць балаў па выніках галасавання прафесійнага журы і галасавання гледачоў, прадставіць Беларусь на міжнародным конкурсе песні «Еўрабачанне-2014» у Капенгагене (Данія).

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter