Адкуль гэтая шчырасць, дружалюбнасць, сардэчнасць, якую мы адчувалі ў туркменістанскім Ашхабадзе на кожным кроку? Ці не з савецкага мінулага?

Мінулае вызначае будучыню

Адкуль гэтая шчырасць, дружалюбнасць, сардэчнасць, якую мы адчувалі ў туркменістанскім Ашхабадзе на кожным кроку? Ці не з савецкага мінулага?


Магчыма, людзі, якія перажылі там у ноч з 5 на 6 кастрычніка 1948-га года, у хуткім часе пасля вайны, адзін з самых разбуральных землятрусаў у гісторыі чалавецтва, востра ўсвядомілі, які кволы наш свет. І як важна таму цёпла і беражліва ставіцца адзін да аднаго — пакуль мы яшчэ тут... І спяшацца рабіць дабро.


Аксакал. На аўтобусным прыпынку ў Ашхабадзе


У сваё заўтра над крапаснымі валамі старажытный Нісы (III ст. да н.э.) ляціць у бегу мясцовы туркменскі хлопчык. Снежань 2015 г.

Менавіта добрым словам, часам і проста пачцівым жэстам, маўчаннем людзі, якія перажылі трагедыю, залечвалі агульныя раны і жудасныя страты. Пра тое памятаюць ашхабадцы. Бо загінулі ў трагічную ноч дзясяткі тысяч людзей і тысячы былі пакалечаны... Гэтая ж душэўнасць, узгадаваная на вычышчаным глыбокім болем эга, як вядома, уласцівая і старым піцерцам, былым блакаднікам Ленінграда. І ў Беларусі, краіне-партызанцы, якая страціла ў вайну кожнага трэцяга, таксама добра ведаюць і памятаюць: ад вялікага болю душа наша, калі ёсць у ёй моцны стрыжань, становіцца большай...

Вольга і Аланур


Самае цікавае ў любой краіне — гэта ўсё ж не будынкі, не помнікі і манументы, а людзі. Пра некаторыя сустрэчы і ўспамінаем, гартаючы нататнікі, праслухоўваючы дыктафонныя запісы. І пачнём, мабыць, з сям’і ашхабадцаў. Гэтыя двое падарылі нам проста так, што называецца, ад дабрыні душэўнай, выдатную экскурсію па старым горадзе. І нават звазілі нас — увогуле-то чужых, незнаёмых людзей — на сваім аўто ў Нісу, гістарычна-культурны запаведнік паблізу Ашхабада. Гэта, дарэчы, адзін з трох аб’ектаў у спісе Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў Туркменістане.

Яго завуць Шыхдурдыеў Аланур (у перакладзе імя азначае: Боскае святло), яго жонка — Салаўёва Вольга. Іх дачка была да абеду ў школе. А гэтыя дружалюбныя, адкрытыя ашхабадцы, якім крыху за трыццаць, прыйшлі сонечнай снежаньскай раніцай на выставу-кірмаш: відаць, графік работы дазваляў. З цікавасцю разглядалі кнігі, часопісы, буклеты на стэндзе Мінінфармацыі, мелі зносіны з намі. Было відаць: ім цікава больш даведацца пра Беларусь. Магчыма, таму, што Вольга — руска-туркменскіх крывей, з сям’і афіцэра, жывучы на Усходзе, усё ж цягнецца да славян. Дарэчы, у інтэрнэце мы прачыталі: сёння з 340 тысяч рускіх (за пункт адліку, напэўна, бярэцца савецкі час) у Туркменістане “засталося ў 8 разоў менш”. Яны, як і беларусы, ад’язджаюць або дзяцей, унукаў пасылаюць вучыцца ў рускамоўныя ўніверсітэты, таму што далёка не ўсе добра ведаюць туркменскую мову. А толькі на ёй у краіне і можна атрымаць вышэйшую адукацыю. Зрэшты, гаварылі нам, і на вышэйшых кіруючых пасадах у краіне — пераважна туркмены. Вольга цяпер па інтэрнэце мае зносіны з расійскімі сваякамі. А яе сяброўка-аднакласніца вучылася ў свой час у Мінску: гаварыла, бацькі яе туды адправілі, прычым у Беларусі ёй жыць спадабалася.


Вольга і Аланур на фоне будынка Ашхабадскага цырка

Што датычыцца Аланура, то ён таксама — “дзіця розных народаў”: ёсць у ім і ўзбекская кроў, і яўрэйская — ад інтэлігентнай бабулі-адэсіткі, якая ­ўцякла ў цёплы край ад вайны. І па лініі дзеда род яго быў высокакультурным, адукаваным. Дзед, з павагай гаварыў унук, вучыўся ў адным з медрэсэ ў Харэзме. Дарэчы, Харэзм — гэта не горад, а найстаражытны культурны аазіс на паўночным захадзе Узбекістана. Стаўшы святаром, дзед пражыў жыццё цікавае і вялікае: памёр у сто гадоў… Аланур, які воляю лёсу нарадзіўся ў Ашхабадзе, вывучыўся на педагога-філолага, папрацаваў у школе ды пайшоў у газаздабытчыкі: там, вядома, плацяць больш. Колькі — не пыталі, а інтэрнэт падказаў: “узровень мінімальнай зарплаты ў Туркменістане сёння на 10 працэнтаў перавышае гэты паказчык у Расіі”. Гэта яшчэ да таго, як даходы расіян рэзка праселі пад крызісам. Лёгкі гумар, тонкія і глыбокія думкі ды правільны лад рускай мовы, з якой Аланур імгненна пераходзіў, мы чулі, на туркменскую, гаварылі самі за сябе: парода...

Ад іх мы пачулі ёмістае слова: Нахалстрой. Рускае — ды з мясцовым каларытам. Гэта месца ў горадзе (раён Гажа), дзе дамы, быў час, будавалі без усякіх дакументаў. У Аланура і Вольгі — у новым доме 3-пакаёвая кватэра, у якой яны нядаўна зрабілі рамонт. Старанна запрашалі, дарэчы, пася­дзець там пасля экскурсіі, чаю папіць з усходнімі прысмакамі, але — у нас не атрымалася. А наогул, гаварылі, у туркменаў моцныя родавыя традыцыі праяўляюцца нават і ў тым, што яны любяць жыць, сяліцца не проста па суседстве — часам кланамі і займаюць цэлыя пад’езды вышынных дамоў. Прычым у дварах некаторых новабудоўляў ёсць спецблокі з вялікімі заламі, кухнямі: зручна там рабіць з нагоды важных падзей вялікія застоллі. Так і прыжываюцца даўнія традыцыі народа ў сучасным горадзе.


Такія экзатычныя дамы яшчэ сустракаюцца ў старых раёнах Ашхабада

Мы папрасілі правезці нас па старым Ашхабадзе. Гэта быў, падаецца, 30-ы мікрараён. Бачылі з вокнаў “непарадныя” дамы, у тым ліку і ў прыватным сектары, пад кронамі высокіх цяністых дрэў. Экзатычна, незвычайна. Дарэчы, рыхтуючы тэкст, знайшлі ў інтэрнэце фотарэпартажы з пазнавальнымі каментарыямі аднаго беларуса: гэткае смакаванне ўсходняй экзотыкі. Ён тыя двары абхадзіў і многае адлюстраваў якасна, у дэталях. Сапраўды, як піша блогер, “ва ўяўленні большасці турыстаў, якія мімалётам наведваюць туркменскую сталіцу, Ашхабад — гэта новы ўльтрасучасны горад, з раскошнымі шырокімі праспектамі, высокімі беламармуровымі дамамі, шыкоўнымі будынкамі дзяржустаноў, а таксама з незлічонай колькасцю фантанаў, помнікаў і манументаў...”  А вось наш зямляк звяртае ўвагу: ёсць і Ашхабад стары, і гэта, паводле яго слоў, Ашхабад асноўны: там жыве 80 працэнтаў насельніцтва горада. Каму цікава — аўтара лёгка знайсці ў сетцы блогераў па слове TomkaD. Малады хлопец з жыццёвым дэвізам “розумам і малатком”, скончыўшы геафак БДУ ў 2011-м (відаць-такі геолаг…), працуе ў Туркменістане (а спецыялістаў нашых там цяпер нямала) і надта любіць падарожнічаць. Так, усяго ў яго блогу каля 10 тысяч здымкаў, у тым ліку шмат і добрых беларускіх.

Едзем далей. Нам гавораць: глядзіце, запамінайце — адыходзячая натура. Па ўсім горадзе цяпер — абнаўленні, капрамонты: горад рыхтуецца прыняць у 2017-м V Азіяцкія гульні ў закрытых памяшканнях і па баявых мастацтвах  прама з алімпійскім размахам. Расшыраюць старыя вуліцы за кошт зялёных зон, беламармуровымі робяць старыя фасады дамоў. І вось тая самая экзотыка знікае: узоры-мазаікі на сценах, надбудовы пры пад’ездах, нават печы-тандыры ў дварах, дзясяткі касмічных антэн на дахах дамоў-хрушчовак... Што паробіш: прагрэс патрабуе ахвяр.


Вежа, якая выстаяла


Аланур і Вольга паказалі нам Ашхабадскі цырк — мы і сфатаграфавалі новых знаёмых на яго фоне. Будынак, гаварылі, адна са славутасцяў горада. А раней, знайшлі ў інтэрнэце, на яго месцы была Ашхабадская ГЭС. Калі ў ноч на 6 кастрычніка ад наймацнейшага штуршка ў горадзе ўмомант пагасла святло, будынак электрастанцыі не разбурыўся. І працягвалі працаваць чатыры магутныя рухавікі, якія ад перагрузкі маглі хутка выйсці са строю. У апраметнай цемры, рызыкуючы жыццём, першыя агрэгаты спыніў начальнік змены Нургельды Мерэдаў, неўзабаве падаспелі і іншыя рабочыя. Аварыі ўдалося пазбегнуць, і работа электрастанцыі ў горадзе, ператвораным у руіны, у хуткім часе была адноўлена.

Другі прыпынак у нас быў каля прамавугольнай вежы з гадзіннікам. Гэта, гаварылі нам, адзін з нямногіх будынкаў, ацалелых падчас землятрусу 1948 года. У інтэрнэце мы знайшлі: яна ўваходзіць у комплекс будынкаў Ашхабадскага тэкстыльнага камбіната. “Камбінат хоць і пацярпеў, але не быў разбураны і таксама вылучаўся на фоне гарадскіх руін, — успамінае відавочца трагедыі Міхаіл Гальдштэйн. — Асабліва была відаць здалёк высокая вежа з гадзіннікам. Яна на працягу многіх гадоў з’яўлялася сімвалам, характэрнай візітнай карткай Ашхабада. Я добра памятаю серыю паштовых марак па тэме: “Сталіцы Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік”. Туркменская ССР і яе сталіца горад Ашхабад былі прадстаўлены ў гэтай серыі якраз вежай з гадзіннікам”.

Вежа з гадзіннікам пры ўваходзе на тэрыторыю Ашхабадскага тэкстыльнага камбіната — адзін з нямногіх будынкаў, што ацалеў падчас землятрусу1948 года. Доўгі час вежа і была сімвалам Ашхабада

Чаму, аднак, такі высокі будынак не абваліўся? Адказ знаходзім цікавы, павучальны. Пабудаваны камбінат быў незадоўга да землятрусу, а кіраваў будоўляй малады інжынер-будаўнік па прозвішчы Гольдзін. “З яго дачкой я вучыўся ў адной школе пасля таго, як мужчынскія і жаночыя школы аб’ядналі, — успамінае Міхаіл Гальдштэйн. — Дык вось Гольдзіна абвінавацілі ў перарасходзе цэменту і завялі на яго крымінальную справу. А пасля землятрусу стала зразумела, што абвінавачаны ён незаслужана, бо яго аб’ект вытрымаў самыя цяжкія выпрабаванні. Справу спынілі. Неўзабаве ён стаў адным з самых вядомых будаўнікоў, якія аднаўлялі Ашхабад”. Атрымліваецца, сама стыхія заступілася за сумленнага чалавека! Відаць, якасць у рабоце — гэта і ёсць найлепшая абарона ад любых нападаў, з любых, як гаворыцца, франтоў.

І яшчэ Аланур і Вольга нам расказалі, што гэта Сталін пасля землятрусу прыняў рашэнне аднавіць горад на старым месцы і сталіцу Туркменіі пакінуць у Ашхабадзе. Колькі людзей, дарэчы, загінула? У некаторых крыніцах, апублікаваных праз паўстагоддзя пасля катастрофы, ёсць лічбы, высновы: “Нават па выбарачнай афіцыйнай статыстыцы колькасць смярцей сярод гарадскіх жыхароў павінна вылічацца ў 40-60 тысяч”. І яшчэ: “Лічба 25-30 тысяч параненых не можа лічыцца перабольшанай”. Што датычыцца разбурэнняў, то горад практычна быў сцёрты з твару зямлі: “Было знішчана, выведзена са строю 90-98 працэнтаў будынкаў жылога, гаспадарчага, вытворчага, культурнага і камунальнага прызначэння”. А ацалелыя былі ў такім стане, што пазней іх давялося ўзрываць… І паколькі будаваць трэба было хутка, то танную рабсілу везлі з сібірскіх зон, і многія аб’екты будавалі зняволеныя. Пацверджанне словам Аланура і Вольгі — у Міхаіла Гальдштэйна: “Чыгуначны вакзал, калонія для вязняў, гарбальніца, комплекс будынкаў Акадэміі навук, а таксама медыцынскага і сельскагаспадарчага інстытутаў, дзяржуніверсітэт, Савет Міністраў, ЦК партыі, тэатр Оперы і балета, драмтэатры рускі (цяпер гэта Дзяржаўны рускі драмтэатр імя А. С. Пушкіна — яго сябры нам таксама з гонарам паказалі. — Аўт.) і нацыянальны, гасцініцы, школы, жыллё — гэта далёка не поўны пералік аб’ектаў, пабудаваных зэкамі”. Прычым, улічваючы горкі досвед, чыста цагляныя, а тым больш саманныя дамы ў Ашхабадзе больш не будавалі: выкарыстоўвалі жалезабетон або, для невялікіх будынкаў, драўляныя каркасы.


Упрыгажэнне на сцяне старога дома

І там, у мінулым, падаецца, можна намацаць адказ на пытанне: адкуль у ашхабадцаў адметная шчырасць і душэўнасць? Пасля катастрофы хоць і будавалі шмат і хутка, але жылля ў горадзе востра не хапала. “У гарачыя летнія дні знаходзіцца ў цесных маленькіх часовых збудаваннях было немагчыма, таму многія ашхабадцы ў той час года ўладкоўвалі сваё жыццё прама пад адкрытым небам, — гэта зноў у нарысе   Гальдштэйна. — У цяні дрэў выстаўлялі сталы, лаўкі, ложкі. Там жа гатавалі ежу на газніцах і керагазах, там жа елі і там жа спалі. Па вечарах свабодная пляцоўка дворыка палівалася, начыста вымяталася, і ў насталай вячэрняй прахалодзе збіраліся суседзі пагаварыць і проста адвесці душу. Сам собою ўзнік нейкі асаблівы ашхабадскі стыль жыцця: даверны, спачувальны, чалавечны, які вельмі збліжаў людзей, і яны станавіліся адзін аднаму добрымі знаёмымі і сябрамі. Калі я з маці ішоў у магазін альбо на кірмаш, я дзівіўся вялікай колькасці людзей, якія віталіся з ёю”.

Як не ўспомніць тут знакамітыя радкі Уладзіміра Маякоўскага: “Землю, где воздух, как сладкий морс,/ бросишь и мчишь, колеся, —/ но землю, с которою вместе мерз,/ вовек разлюбить нельзя”.  Відаць, гэтую асаблівую атмасферу шматпакутнага горада і памятаюць усе, хто ў ім пабываў. А сталіца, зразумела, выпраменьвае “стандарт жыцця” на ўсю краіну, ды і госці яго адчуваюць. У тым ліку і нашы землякі-беларусы, сярод якіх журналіст і пісьменнік Алесь Карлюкевіч — ён палюбіў Туркменію яшчэ ў 80-я, калі там служыў, а цяпер гэта летапісец гісторыі беларуска-туркменістанскіх культурных сувязяў. Прыкіпеў, як гаворыцца, да гарачай ашхабадскай зямлі і Віктар Савельевіч Юдзянок, ураджэнец вёскі Савічы Брагінскага раёна Гомельшчыны. Ён — фармацэўт, пасля заканчэння Віцебскага медінстытута (1972) у Туркменію паехаў па размеркаванні, там і застаўся. Жыве ў Ашхабадзе, займае салідную пасаду ў Міністэрстве аховы здароўя. І бацьку, Савелія Аляксандравіча Крывульку, наведвае: у вёсцы Шарыбаўка Буда-Кашалёўскага раёна.


Від на стары Ашхабад з акна гасцініцы

Бізнес не цацка, але цацкі — гэта бізнес


Пра тое, што з Беларуссю ў гэтай сярэднеазіяцкай краіны сяброўскія, а таксама дзелавыя, партнёрскія адносіны, мы ведаем. Але, аказваецца, дзякуючы таму, што Туркменістан да пачатку XXI стагоддзя выйшаў з катэгорыі бедных краін спіса ААН, з ім многія хочуць сябраваць. У прыватнасці, расказваў нам Аланур, буйныя кантракты па здабычы і перапрацоўцы газу рэалізуюць у краіне паўднёвакарэйскія кампаніі. А яшчэ “Турцыя вядзе шырокае будаўніцтва, французы ўзводзяць элітныя аб’екты, японцы перааснашчаюць газахімічныя заводы, немцы развіваюць сярэдні бізнес і захоўваюць туркменскую валюту, англічане яе друкуюць, італьянцы скупляюць бавоўну…” І пры тым рэсурс для развіцця ў Туркменістана: па даказаных запасах прыроднага газу краіна — на чацвёртым месцы ў свеце. Цяпер ужо будуецца грандыёзны газаправод Туркменія — Афганістан — Пакістан — Індыя (ТАПІ).

Невыпадкова і нашы прамысловыя прадпрыемствы праяўляюць немалы інтарэс да туркменістанскай экномікі. Зрэшты, мы пра гэта пісалі ў папярэдніх нарысах. Нам жа было цікава пагаварыць з тымі, хто садзейнічае пашырэнню беларускіх тавараў на туркменскі рынак.

На выставе-кірмашы ўбачылі: з Беларусі прыехалі ў Ашхабад прыго­жыя пластмасавыя, мяккія дзіцячыя цацкі. Якім чынам? Цяпер пастаўкамі займаецца прыватны прадпрымальнік Маргарыта Аксёнава. Бацькі яе ў савецкі час засталіся жыць у Ашхабадзе, і яна ад нараджэння там, як гаворыцца, свая. А як выйшла на беларусаў? Дзякуючы дачцэ, якая сёлета пойдзе ў школу. “Гады тры назад удзельнічалі мы ў выставе-кірмашы краін СНД, — расказала Маргарыта Міхайлаўна. — У нас быў іншы тавар, іншыя вытворцы. А паколькі ў мяне дачка расце, то мы з ёй і звярнулі ўвагу на якасныя цацкі з Беларусі. Мне, ды і ёй, вельмі спадабаліся мяккія цацкі. Былі, напрыклад, сабакі-аўчаркі сімпатычныя ад фірмы “Мальвіна” — ну проста адзін у адзін. У мяне была маленькая фірма, мы знайшлі ўзаемаразуменне з беларусамі — цяпер разам працуем”.


Прадпрымальніца Маргарыта Аксёнава гандлюе ў Ашхабадзе беларускімі дзіцячымі цацкамі

Цяпер яе фірма вырасла. А шырэй зірнула на беларускі асартымент — і яшчэ цацкі кобрынскай фірмы “Палессе” спадабаліся. Калі была ў Брэсце па справах іншай часткі бізнесу (яна яшчэ і дылер вядомай фірмы “Гефест”), то заехала і ў Кобрын: гэта недалёка ад абласнога цэнтра. “Там такія цудоўныя хлопцы ўсё гэта арганізавалі! — не хавае захаплення Маргарыта. — У іх спачатку было ўсяго 4 чалавекі, у гаражы пачыналі ўсё рабіць. А я ўжо ўбачыла сучасную вытворчасць, прыгожыя зборачныя цэхі. Выдатна ўсё. Проста фантастыка. Мне яшчэ асабліва кінулася ў вочы: кантроль якасці ў іх на вышыні і людзі — добрыя. З такімі прыемна мець справу, весці бізнес”.

Бадай тры гады назад, у маі прыйшоў з Беларусі ў Ашхабад першы кантэйнер. Цацкі добра прадаюцца ў магазінах па горадзе. Дарэчы, ведаючы асаблівую любоў туркменаў да сабакі пароды алабай, мы пацікавіліся, ці не робяць іх па спецзаказе для Туркменістана. Пакуль не, але ў “Мальвіны” ёсць сабака сенбернар, візуальна падобны.

Што датычыцца “Гефеста”, то з ім Маргарыта Аксёнава працуе ўжо 5 гадоў. Гаворыць: вельмі добры тавар, пакупнікі задаволеныя. А вось на выставе-2015 прадпрымальніца новых партнёраў для бізнесу не нагледзела: новых прадпрыемстваў, гаварыла, прыехала мала, а старыя — ведаю. Зрэшты, цікавыя ідэі ёсць. У прыватнасці, калі вядомы палітык Міхаіл Мясніковіч наведваў у Ашхабадзе адзін магазін Маргарыты Аксёнавай, то прапанаваў ёй звярнуць увагу на вырабы з дрэва.


Гарадзішчу старой Нісы больш за дваццаць стагоддзяў


У Маргарыты, як і ў многіх у Ашхабадзе, “інтэрнацыянал у крыві”: карані па бацьку рускія, а маці — туркменка, тэкінка. За чыстую рускую мову ­ўдзячная сваёй цудоўнай бабулі, яна ж прывіла цікавасць да рускай культуры. Ну а праз маці — і туркменскую мову, родную ёй культуру. Што датычыцца Беларусі, то Маргарыта цэніць высокія стандарты якасці тавараў, а таксама ў рабоце з кліентамі. Усе фірмы, гаварыла, зладжана вырашаюць любыя пытанні: арганізацыйныя, лагістычныя, спецыяльныя… Уважлівыя да патрабаванняў заказчыка. Зрабіць нешта па-іншаму, з улікам спецыфікі пакупніка? Няма  праблем! І адкры­тасць у зносінах з заказчыкам — таксама важны плюс беларусаў.

Што для сябе, ведучы бізнес, адкрыла Маргарыта ў Беларусі? Прыгожыя мясціны! “Месяц мы правялі з дачкой (яе завуць Арына) на адпачынку ў Беларусі: на Нарачанскіх азёрах і ў Брэсце, — гаворыць Маргарыта Міхайлаўна. — Мне спадабалася і дачцэ таксама, асабліва страусы ў Белавежскай пушчы. Зубры, вядома, уразілі і ваўчаняты. З Нараччу трошкі не пашанцавала: было холадна. Дачка яшчэ ягады чарніцы вельмі палюбіла, мы іх збіралі. Так што, як гаворыцца, збліжаецца з Беларуссю. Дарэчы, у маіх знаёмыя ёсць дзеці, якія паехалі вучыцца ў Беларусь. У нас ведаюць, што ў вас — якасная адукацыя. І краіна спакойная. А ў адным самалёце з намі ляцелі вядомыя артысты Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч. Так, я яшчэ ансамбль “Песняры” люблю! Мае знаёмыя ў турбізнесе працуюць, гавораць: паволі цікавасць да Беларусі ў нас прачынаецца. Візавы рэжым, праўда, пакуль няпросты — з дачкой былі складанасці. Але з часам, думаю, усё ўладзіцца”.

Фота: Іван Ждановіч, Валянціна Ждановіч, tomkad.livejournal.com
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter