“Мінск — жыцця майго крыніца”

Пад такім дэвізам сёлета адзначаецца 940-гадовы юбілей сталіцы нашай краіныЯк адзначыў начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Віктар Кураш, штогадовае правядзенне свята горада ў Мінску — гэта не проста даніна модзе. “Словамі, якія сталі на гэты раз дэвізам свята, і сваёй штодзённай працай мы імкнёмся звярнуць увагу мінчукоў на горад, у якім яны жывуць, папрасіць іх не быць да яго абыякавымі, — сказаў ён. — Сёлета святочныя мерапрыемствы арганізаваны з улікам накірункаў стратэгічнага плана развіцця Мінска да 2020 года, зацверджанага рашэннем Мінгарвыканкама ў 2005 годзе. Адчуць юбілей горада змогуць усе, хто завітае на любую пляцоўку”.

А іх будзе сапраўды многа. І, як абяцаюць арганізатары, адна за другую цікавейшыя.
У Палацы культуры прафсаюзаў 7 верасня адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў у 31-й намінацыі агляду-конкурсу “Мінскі майстар-2007”. 8 верасня ў гарадской ратушы будуць вітаць людзей, якім прысвоена званне “Мінчук года”. Такую ўзнагароду ў сваіх галінах атрымаюць 15 чалавек, адзначыў начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама. Цікавай абяцае быць міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Мінск і мінчукі. 10 вякоў гісторыі” з удзелам вучоных з розных краін свету, якія займаліся даследаваннямі мінулага Мінска. Свята званоў збярэ лепшых званароў Беларусі ля гарадской ратушы, а вечарам тут у падарунак мінчукам і гасцям сталіцы будзе арганізавана свята опернага мастацтва.
Раніцай у Дзень горада па праспекце Незалежнасці прой-дзе парад тэхнікі розных гадоў. У калоне будуць як рэтра-аўтамабілі, так і навінкі беларускай тэхнікі. Ля Нацыянальнай біблі-ятэкі адбудзецца выстава  дасягненняў народнай гаспадаркі сталіцы, на якой сваю прадукцыю прадставяць больш за 80 прадпрыемстваў горада. Каля Нацыянальнай школы прыгажосці будуць працаваць чатыры канцэртныя пляцоўкі, на якіх пройдуць конкурс “Міс Мінск”, а таксама дэманстрацыі мадэляў адзення, вясельных убораў і прычосак розных часоў, а таксама выстава фотатэхнікі. Дзеля камфорту гараджан вуліца Мельнікайтэ будзе перакрыта для аўтамабільнага руху і стане пешаходнай.
Сюрпрызам для мінчукоў у дзень святкавання 940-годдзя сталіцы стане адкрыццё новага мабільнага катка ў мікрараёне Чыжоўка, новага дзіцячага сада ў мікрараёне Лошыца, рэстарана “Біблос” па вуліцы Карла Маркса.  Віктар Кураш адзначыў, што да Дня горада ў Мінску добраўпарадкавана 460 двароў і больш як 60 дваровых тэрыторый.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter