Мінск прыняў эстафету ў Сочы

Намеснік Старшыні Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі Анатоль Русецкі расказаў, як ішла падрыхтоўка да правядзення трэцяга Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі  

Ужо вядома, што  Форум збярэ кіраўнікоў рэгіёнаў, ведамстваў і прадпрыемстваў, парламентарыяў. Будуць у ім удзельнічаць і прэзідэнты Беларусі і Расіі. 




— Час паказаў, што гэта вельмі ўдалая пляцоўка ўзаемадзеяння. Я нават сказаў бы, што гэта новы эфектыўны інструмент інтэграцыйнага супрацоўніцтва. Удзел у Форуме кіраўнікоў нашых дзяржаў пашырае кола пытанняў для абмеркавання і ўзровень адказнасці. У рэгіянальным супрацоўніцтве па-ранейшаму застаюцца бар’еры, якія трэба здымаць.

— Што стане цэнтральнай падзеяй?

— Пленарнае пасяджэнне з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, прысвечанае сацыяльна-эканамічнай палітыцы, дасягненням Саюзнай дзяржавы, перспектывам і нявырашаным пытанням. Плануецца, што на пася­джэнні выступяць кіраўнікі Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі, галін і ведамстваў, рэгіёнаў дзвюх краін.

— Анатоль Максімавіч, чаму на трэцім Форуме рэгіёнаў нададуць асаблівую ўвагу?

— У Сочы мы разглядалі пытанні прамысловай палітыкі. Мінскі форум будзе прысвечаны сацыяльнай палітыцы Саюзнай дзяржавы і пытанням гуманітарнага супрацоўніцтва. У аснове любога з іх ёсць эканамічны складнік. Таму праблемам базісу  таксама будзе дастаткова ўвагі.

Мы робім усё, каб удзельнікі маглі не толькі абмеркаваць пытанні сацыяльна-гуманітарнага супрацоўніцтва, але і рэалізаваць канкрэтныя камерцыйныя ініцыятывы, сумесныя праекты, падпісаць пагадненні і кантракты на пастаўку прадукцыі.

Так, на другім Форуме рэгіёнаў у Сочы беларускія і расійскія прадстаўнікі дзяржаўнага і прыватнага сектараў эканомікі падпісалі кантракты больш як на 230 мільёнаў долараў.

Пры падрыхтоўцы трэцяга Форуму кіруемся рашэннем кіраўнікоў дзяржаў аб тым, каб падчас яго правядзення акцэнт быў зроблены на ўзаемадзеянні галін эканомікі Беларусі і Расіі. Таму ў гэтыя ж дні ў Мінску адкрыецца традыцыйная міжнародная выстава “Белагра-2016”, дзе будзе шырока прадстаўлена айчынная прамысловасць. Плануецца таксама ўдзел расійскіх прадпрыемстваў.  Адначасова ў Мінску пройдуць Дні Масквы.

— Ужо вядомы спіс удзельнікаў?

— Чакаецца ўдзел больш як 30 расійскіх рэгіёнаў, Мінска, усіх шасці абласцей Беларусі. Але гэта дадзеныя папярэднія. 

— Якой будзе роля парламентарыяў?

— Форум узнік як сумеснае мерапрыемства верхніх палат парламентаў дзвюх краін. Усю падрыхтоўчую работу каардынуюць Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савет Федэрацыі Федэральнага Сходу Расіі.

Работа першага дня Форуму пачнецца з пасяджэння міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве, дзе прааналізуюць вынікі другога Форуму, абмяркуюць перспектывы саюзнага будаўніцтва. Мы свядома пашырылі спектр праблем для абмеркавання. Высокае прадстаўніцтва заканадаўчай і выканаўчай улады дапаможа эфектыўней прапрацаваць уразлівыя месцы.

Затым плануецца работа ў секцыях, дзе разгледзяць беларуска-расійскае супрацоўніцтва ў працоўнай сферы, пытанні сацыяльнай абароны насельніцтва, узаемадзеянне ў навуковай, культурнай і адукацыйнай галінах, маладзёжную палітыку, арганізацыю медыцынскай дапамогі грамадзянам Саюзнай дзяржавы. Збяруцца за агульным сталом аграрыі, прамыслоўцы. Асобна абмяркуем работу СМІ.

Усе мерапрыемствы пройдуць на лепшых пляцоўках беларускай сталіцы і ў Нясвіжы. У нашых гасцей будзе магчымасць наведаць прадпрыемствы краіны.

— Акрамя кантрактаў і дагавораў, якіх яшчэ значных вынікаў чакаць?

— Дасягненні Саюзнай дзяржавы ў галіне правоў і свабод асобнага грамадзяніна вядомыя: гэта адсутнасць межаў, магчымасць свабодна выбіраць, дзе жыць, працаваць, атрымліваць адукацыю ў любым месцы ад Брэста да Сахаліна. Але нам трэба яшчэ многае зрабіць у галіне ўніфікацыі, гарманізацыі нашых заканадаўстваў, каб пашыраць правы і магчымасці.

Для гэтага трэба па максімуме скарыстацца пляцоўкамі Форуму, у якім будуць удзельнічаць губернатары, міністры, кіраўнікі і эксперты высокага ўзроўню. Важны новы погляд на вузкія месцы ў саюзным праекце і нестандартныя рашэнні, як дапамогуць пашыраць супрацоўніцтва.

Традыцыйныя шляхі вырашэння многіх міждзяржаўных пытанняў — працэдура, расцягнутая па часе. Форум сканцэнтруе ўвагу на болевых кропках і дапаможа паскорыць пра­цэс прыняцця патрэбных рашэнняў.

— Па-за полем зроку ўдзельнікаў напэўна не застануцца і пытанні, звязаныя з крызіснымі з’явамі ў эканоміцы.

— Актуальныя і для беларускіх, і для расійскіх вытворцаў пытанні абыходзіць, само сабою, не будзем. Праблема з праблем — канкурэнта­здольнасць нашых прадпрыемстваў і галін, выкананне імі праграм імпартазамяшчэння і выхад на новыя замежныя рынкі.

Тут будзе вельмі карысны абмен досведам. Упэўнены, выстава дасягненняў прамысловасці дапаможа знайсці новыя варыянты для нашай кааперацыі. Гэта не толькі павысіць канкурэнтаздольнасць, але і дасць магчымасць пазбегнуць непатрэбнага дублявання.

Возьмем, да прыкладу, кар’ерны самазвал “БелАЗ”. Гэта своеасаблівая электрастанцыя на колах. Але навошта Беларусі з нуля пачынаць вытворчасць электрарухавікоў і генератараў вялікай магутнасці, калі гэта з поспехам робяць у Расіі? Такіх прыкладаў шмат.

Вядома, бізнес не падпарадкоўваецца дырэктывам: Беларусь вырабляе адно, Расія — другое. Але мы можам планаваць тое, што нам трэба, і ствараць на конкурснай аснове новыя вытворчасці.

***

Расія і Беларусь правялі ўжо два такія форумы на тэрыторыі абе­дзвюх дзяржаў. Адзін з іх быў прысвечаны аграрнай палітыцы, другі — прамысловай. Трэці мінскі форум прысвечаны сацыяльным і гуманітарным пытанням.

На думку Анатоля Русецкага, вельмі важна, што ў гэтых мерапрыемствах удзельнічаюць менавіта рэгіянальныя палаты парламентаў Беларусі і Расіі. “Узаемадзеянне рэгіёнаў напаўняе наша парламенцкае ўзаемадзеянне дадатковымі пытаннямі: нараўне з заканатворчай дзейнасцю і эканамічнымі пытаннямі”, — адзна­чыў віцэ-спікер Савета  Рэспублікі.

Уладзімір Піменаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter