Гэтымі днямі сталічная вобласць адзначае сваё 75-годдзе
На карце нашай краіны Міншчына сваімі абрысамі нагадвае сэрца. Тут жывуць цудоўныя людзі, адчуваецца рытмічны пульс жыцця, засяроджаны магутны навуковы і прамысловы патэнцыял, нараджаюцца буйныя культурныя ініцыятывы. Сёння вобласць з’яўляецца цэнтральным рэгіёнам не толькі па сваім геаграфічным статусе, але і па тым уплыве, які яна аказвае на развіццё Беларусі.
Гістарычны шлях Міншчыны надзвычай складаны, багаты на розныя падзеі — трагічныя, гераічныя і стваральныя. Яе жыхароў заўсёды вызначала самаадданая любоў да роднай зямлі. Гэта якасць з вялікай сілай праявілася ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. За мужнасць і гераізм больш за 80 ураджэнцаў Міншчыны былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, тысячы ўзнагароджаны ардэнамі і медалямі. Пасля вайны жыхары за кароткі гістарычны тэрмін аднавілі разбураную гаспадарку, і вобласць стала рэгіёнам з буйным прамысловым і сельскагаспадарчым патэнцыялам, з развітой інфраструктурай, арыентаванай на агульнасаюзныя маштабы вытворчасці.
Слаўнае гістарычнае мінулае знаходзіць свой годны працяг у сучаснасці Міншчыны. Самаадданая любоў многіх пакаленняў яе жыхароў да роднай зямлі, свядомасць і стваральная праца з’яўляюцца асновай цяперашніх дасягненняў.
На сучасным этапе сталічная вобласць — адзін з найбольш эканамічна развітых рэгіёнаў рэспублікі. На працягу апошніх гадоў займае лідзіруючыя пазіцыі па тэмпе росту валавога рэгіянальнага прадукту. Тут шмат буйных прамысловых аб’ектаў з вялікім экспартным патэнцыялам, сучасных сельскагаспадарчых вытворчасцей. Працуе шырокая сетка добра абсталяваных медыцынскіх, адукацыйных, спартыўных і культурных устаноў.
Вядучае месца ў эканоміцы займае прамысловасць. Прадпрыемствы працуюць над павышэннем якасці сваёй прадукцыі, асвойваюць усё новыя рынкі. Зараз іх тавары купляюць больш як у 130 краінах. А такія прамысловыя гіганты, як «Беларуськалій» і БелАЗ, ведаюць ва ўсім свеце.
«Прыярытэтным накірункам далейшага развіцця народнагаспадарчага комплексу застаецца рост дабрабыту людзей, павышэнне камфортнасці пражывання. Гэтаму будзе спрыяць годная аплата працы за кошт павышэння яе прадукцыйнасці, будаўніцтва новых і мадэрнізацыі дзеючых прадпрыемстваў, укаранення ў вытворчасць сучасных тэхналогій. У Мінскай вобласці шмат амбіцыйных планаў. Мы выканаем усе задачы і памножым тыя здабыткі, што ёсць зараз», — адзначае старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура.
Юбілей — гэта час падводзіць вынікі і рухацца далей. Міншчына ўпэўнена ўступае ў новы перыяд свайго развіцця. Зараз эканоміка арыентавана на мадэрнізацыю прадпрыемстваў, на стварэнне высокатэхналагічных вытворчасцей, якія будуць выпускаць прадукцыю з высокай дададзенай вартасцю. На Міншчыне ўжо заяўлена пра стварэнне ў 2013 годзе 110 новых прадпрыемстваў з высокай прадукцыйнасцю працы, колькасцю працуючых 50 і больш чалавек. Іх прадукцыя, перш за ўсё, будзе мець экспартна-арыентаваны накірунак. Агульны аб’ём інвестыцый на гэта перавысіць 1,5 трлн. рублёў.
Асаблівае значэнне ў Год беражлівасці набудзе і эканамічная мадэрнізацыя, якая ўключае аптымізацыю выдаткаў, рацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў, пашырэнне наменклатуры прадукцыі, правядзенне сертыфікацыі і ўкараненне сучасных стандартаў якасці.
У працэс комплекснай тэхнічнай і эканамічнай мадэрнізацыі актыўна ўключыўся і аграпрамысловы комплекс. Да 2015 года плануецца мадэрнізаваць усе сельскагаспадарчыя аб’екты, што павінна вывесці АПК Міншчыны на якасна новы ўзровень развіцця. Растуць і аграгарадкі, якія сталі асновай адноўленай вёскі з высокатэхналагічнай гаспадаркай і развітой сацыяльнай структурай. Відавочна, што гэтыя паселішчы новага тыпу ўсё больш прыцягваюць у сельскую мясцовасць кваліфікаваных спецыялістаў.
У вобласці намячаецца істотны рост інвестыцыйнай актыўнасці. Адным з найбольш значных праектаў не толькі для цэнтральнага рэгіёна, але і для краіны ў цэлым стане інвестпраект па будаўніцтве ЗТАА «Слаўкалій» горна-абагачальнага комплексу магутнасцю 1,1—2 млн. тон хларыду калія ў год на базе Нежынскага ўчастка Старобінскага радовішча калійных солей. Інвестыцыі складуць каля 1,7 млрд. долараў. Выхад на праектную магутнасць плануецца ў 2020 годзе.
На гэтым комплексе мяркуецца стварыць каля 2 тыс. працоўных месцаў. ААТ «Беларускі аўтамабільны завод» плануе ў гэтым годзе асвоіць 765 млрд. рублёў інвестыцый, якія накіруе на рэалізацыю інвестпраектаў па стварэнні новых магутнасцей для вытворчасці кар’ернай і дарожна-будаўнічай тэхнікі новага пакалення, павелічэння аб’ёмаў вытворчасці і рэалізацыі кар’ерных самазвалаў грузапад’ёмнасцю ад 90 да 450 тон.
Таксама сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю першы пускавы комплекс сумеснага беларуска-швейцарскага прадпрыемства па вытворчасці чыгуначнага транспарту ў Дзяржынскім раёне. Гэты праект ажыццяўляюць «Кіруючая кампанія холдынгу «Белкамунмаш» і кампанія «Stadler Rail Group». Рэалізацыя праекта па вытворчасці і зборцы легкавых аўтамабіляў з кітайскай кампаніяй «Zhejiang Jirun Automobile» ужо ідзе ў Барысаве, чакаецца аб’ём інвестыцый каля 20 млн. долараў. Сярод буйных праектаў і будаўніцтва ТАА «Трайпл-Велес» новых магутнасцей па вытворчасці мясапрадукцыі з аб’ёмам інвестыцый 220 млрд. рублёў. СТАА «Алюмінтэхна» ажыццяўляе праект па пашырэнні базы па вытворчасці алюмініевых профіляў з агульным аб’ёмам інвестыцый 149 млрд. рублёў, 85 млрд. будуць асвоены ў бягучым годзе.
На працягу апошніх гадоў на Міншчыне назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя павелічэння колькасці арганізацый малога бізнесу, шмат увагі ўдзяляецца развіццю інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва. На Міншчыне працуюць больш за 50 тысяч суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, яны забяспечылі 29,5 % агульных паступленняў плацяжоў у бюджэт. Спрыяльны мікраклімат дазваляе сцвярджаць, што прыватная ініцыятыва і надалей будзе развівацца актыўна і вынікова.
Без перабольшвання можна сказаць, што Міншчына сёння — гэта яшчэ і вялікая будаўнічая пляцоўка, а ўзровень жыллёвага будаўніцтва з’яўляецца адным з самых высокіх у краіне. Асноўны накірунак далейшага развіцця галіны — зніжэнне кошту і павышэнне якасці будаўніцтва камфортнага энергаэфектыўнага жылля. За перыяд 2011— 2015 гадоў плануецца ўзвесці 7275 тыс. м2 агульнай плошчы жылых дамоў.
Міншчына шырока вядома ў краіне і за яе межамі сваёй каштоўнай гісторыка-культурнай спадчынай. На працягу мінулага года горад Нясвіж з годнасцю трымаў званне культурнай сталіцы Беларусі. Там адбылося больш за 50 буйных мерапрыемстваў, якія адлюстравалі яркія праявы нацыянальнай культуры, творчыя дасягненні розных накірункаў мастацтва.
Далёка за межамі краіны вядомы непаўторнасць Нясвіжскага замка, веліч Кургана Славы, адметная прыгажосць краявідаў Міншчыны, яе лясоў і азёр. З кожным годам тут становіцца ўсё больш турыстаў. У маляўнічых мясцінах пабудаваны добрыя турыстычныя базы, курорты і санаторыі, якія апошнім часам атрымалі новы імпульс для развіцця.
«Галоўным багаццем нашага краю заўсёды былі і ёсць людзі. Тут нарадзіліся і працавалі вялікія майстры мастацкага слова Якуб Колас, Янка Купала, Максім Танк. Гэта зямля дала свету шмат іншых знакамітасцей, сярод якіх — героі вайны і працы, славутыя дзеячы культуры, вучоныя, канструктары, касманаўты. Адзін з іх, Алег Навіцкі, зараз знаходзіцца на арбіце як камандзір міжнароднай касмічнай станцыі. Я шчыра ўдзячны ўсім, хто сваімі справамі памножыў славу Міншчыны», — адзначыў Барыс Батура.
Увесь год пройдзе для вобласці пад знакам юбілею, яму будуць прысвечаны не толькі культурныя падзеі, навуковыя канферэнцыі і спартыўныя спаборніцтвы. Будзе ўведзены ў эксплуатацыю шэраг сацыяльных аб’ектаў. Гэта стадыён у Барысаве, фізкультурна-аздараўленчыя комплексы ў Стоўбцах, Чэрвені і Валожыне, плавальны басейн у Беразіно, дзіцячыя садкі ў Слуцку і Смалявічах, комплекс школа-сад у Салігорску, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу ў Валожыне і Слуцку. Пасля рэканструкцыі прымуць сваіх наведвальнікаў Дамы культуры ў пасёлках Мачулішчы і Калодзішчы Мінскага раёна.
Святочныя мерапрыемствы будуць мець асветніцкі і адукацыйны характар. Да перавыдання рыхтуецца фотаальбом «Мінская вобласць» на рускай і англійскай мовах.
На здымку: самазвал грузапад’ёмнасцю 360 тон.