«Мінчане скупляюць у вёсках жыллё і пераязджаюць да нас»

Размова пачалася ў кабінеце кіраўніка, а завяршылася... на самай высокай кропцы Петрыкаўшчыны — на Каўпак-Гары. Што не дзіўна, старшыня — вялікі патрыёт сваёй маленькай радзімы.

Старшыня Петрыкаўскага райвыканкама Аляксандр ПІНЧУК — пра традыцыі, мясцовую аседласць, «курортную Балгарыю» і інвестыцыйныя рэаліі Дзяржпраграмы Прыпяцкага Палесся

Размова пачалася ў кабінеце кіраўніка, а завяршылася... на самай высокай кропцы Петрыкаўшчыны — на Каўпак-Гары. Што не дзіўна, старшыня — вялікі патрыёт сваёй маленькай радзімы.

— Аляксандр Васільевіч, які перыяд часу можна назваць «залатым часам» Петрыкаўшчыны?

— Сам я родам з вёскі Чалюшчавічы Петрыкаўскага раёна. А лепшымі гадамі, мусіць, трэба назваць 1985—1990-я. Па колькасці насельніцтва, аб’ёмах прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, фінансавай стабільнасці раёна. У той час прадпрыемствы, у асноўным сельскагаспадарчыя, былі не толькі ў стане забяспечваць сябе, але і займаліся будаўніцтвам сацыяльных і культурных аб’ектаў. Тады ж былі дасягнуты і максімальныя паказчыкі па аб’ёмах збожжа. Ну а пасля развалу Саюза, зразумела, пачаліся цяжкасці. Добра, што ненадоўга — апошнія дзесяць гадоў раён дынамічна развіваецца. Узводзіцца шмат жылля і аб’ектаў сельскагаспадарчага прызначэння. Сёння амаль у кожным сельгаспрадпрыемстве або пабудаваны, або будуюцца новыя жывёлагадоўчыя комплексы. А ў некаторых нават па некалькі, напрыклад, у СГП «Ляскавічы» і ПСУП «Палессе-Аграінвест». Дзякуючы дзяржпраграмам у раёне з’явілася шмат новай тэхнікі. Больш паловы земляў у раёне — меліяраваныя, і за апошні час удалося на восемдзесят працэнтаў узнавіць сетку меліярацыйных каналаў, пабудаваных яшчэ ў савецкі час. За апошнія тры гады мы нанова запусцілі ў севазварот каля дваццаці тысяч гектараў — крыху менш паловы ад усіх земляў, што апрацоўваюцца.

— Зямля — тое, што людзям на Палессі адвек даводзілася здабываць. Адсюль і імя: «паляшук» — поле шукае. А вось прыродная прыгажосць — тое, як мне здаецца, што на Палессі і шукаць не трэба. Калі ўсё ж раён пачаў здабываць сабе славу турыстычнага цэнтра?

— Мы пачалі размову з таго, што я — мясцовы жыхар... З дзяцінства памятаю, што на берагах нашых рэк — я вырас на Пцічы і Прыпяці — было вельмі шмат адпачываючых з брацкіх рэспублік. Але, калі выбухнуў Чарнобыль, усё перамянілася. І толькі з цягам часу, калі стала зразумела, што радыяцыя нас не закранула, зноў на берагах рэчак з’явіліся турысты. Пару гадоў таму, у канцы жніўня, калі выдаліся больш-менш вольныя дні, я на лодцы паплыў па Прыпяці, а на наступныя выхадныя — па Пцічы. І быў прыемна здзіўлены: амаль кожнае месца, да якога можна пад’ехаць ці падысці, — занята. І аўтамабільныя нумары на нашых дарогах у летні час — амаль усе расійскія ды з блізкага замежжа...

— Я бачыла і еўрапейскія…

— Ну, еўрапейцы едуць адпачываць у Ляскавічы. Гэта наш больш раскручаны брэнд. А ўжо астатнія рачулкі і невялічкія азёры проста «акупавалі» расіяне ды беларусы. Летам — не здзіўляйцеся! — Петрыкаў — сапраўдны курортны горад.

— Цікава, а турыстычны бізнес прыносіць грошы ў раённы бюджэт?

— Адлічэнні ад турыстычнай дзейнасці строга рэгламентаваны нарматыўнымі дакументамі. Фінансавая дзейнасць прыватных аграсядзіб у бюджэт вялікіх грошай не прыносіць. Прадпрымальнік — уласнік аграсядзібы — напрыканцы года плаціць толькі адну базавую велічыню і на ўвесь наступны год атрымоўвае права займацца гэтай паслугай. Ніякіх дадатковых выплат, незалежна ад аб’ёму выручкі. Прыбытак застаецца на развіццё. Але выгада раёна ў іншым: занятасць людзей. І таксама дадатковы заробак — госці-турысты, якія прыехалі ў вёску на аграсядзібу, і ў сельмаг зойдуць, і да вясковай бабулі па яйкі, малако, сальца наведаюцца. Здавалася б, адзін чалавек займаецца аграсядзібай, а і суседзі выйграюць! Што ж датычыцца юрыдычных асоб, то ад іх дзейнасці паступленні ў бюджэт значныя. Вось, напрыклад, аграрна-турыстычная гаспадарка «Тарака» ў мінулым годзе аказала паслуг на дзве тысячы долараў, а ўжо за першае паўгоддзе 2012-га — на трыццать тысяч. Упэўнены, што такія сядзібы і ўлетку, і зімой будуць запаўняцца гасцямі.

— Як вы лічыце, з’яўленне ў вёсках аграсядзіб спрыяе развіццю сельскай мясцовасці?

— Казаць, што сёння аграсядзібы вырашылі праблему міграцыі з вёскі ў горад, нельга. Але ўсё ідзе да гэтага. Турыстычны бізнес — дадатковая крыніца даходу. І тыя, хто ўжо гэтым заняўся, будуць замацоўвацца на сяле. Такі прыклад: гадоў сем таму ў вёсцы Галубіца — як ехаць з Ляскавіч на Петрыкаў — не маглі знайсці сродкі, каб знесці і пахаваць пустуючыя хаты. А за апошнія некалькі гадоў усе будынкі скупілі. Такая нягеглая хатка каштуе сама менш 5—7 тысяч долароў, больш «жывая» — дзесяць. Скупляюць жыллё ў большасці мінчане. І не проста пад дачы, а для пераезду на пастаянае месца жыхарства ці пад аграсядзібы. Яскравы прыклад — нядаўна створаная аграсядзіба «Солнечный берег». Вось вам і петрыкаўская «Балгарыя».

— Ці шмат у вас «турыстычных» бізнесменаў на такі попыт?

— Прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў больш за трыццаць. Галоўнае — Нацыянальны парк «Прыпяцкі», які аказвае турыстычныя паслугі на вельмі высокім еўрапейскім узроўні. Такі адпачынак — элітны, госці з-за мяжы — італьянцы, немцы, французы і другія. А ўжо ў аграсядзібах і лясгасах адпачынак прасцей і танней. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы таксама ўдзельнічаюць. КСУП «Капаткевічы», напрыклад, стварыла цэлы агракомплекс з назвай «Матчына хата». У вёсцы Івашкавічы выкупілі і аднавілі пустыя дамы, старыя будынкі. Акрамя месца для якаснага адпачынку, выдзелілі будынак для стварэння этнічнага музея, прысвечанага быту палешукоў — сваю спадчыну мы павінны зберагаць!

— Дарэчы, захаванню фальклорных, этнічных, прыродных і іншых паляшуцкіх скарбаў прысвечаны і фестываль «Зов Полесья». Упершыню ён прайшоў два гады таму. Аляксандр Васільевіч, гатовыя яшчэ раз сустракаць гасцей?

— Так, «Зов Полесья» — незвычайны фестываль. Ён дае нам, палешукам, шмат магчымасцей. Два гады таму, калі арганізоўвалася свята, былі розныя меркаванні на яго конт — і станоўчыя, і адмоўныя. Але пасля таго як фестываль скончыўся, а людзі не пераставалі дапытвацца, калі новы «Зов», упэўніліся, што ён патрэбны. Адкрыўся вялізны пласт магчымасцей нашай культуры. Яна ёсць, а мы дзесьці не заўважаем, губляем… Змагаемся як можам. Вось у нас заключаны дагавор з Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Францыска Скарыны. Яго студэнты і выкладчыкі падрыхтавалі ўжо не першы зборнік песень, легенд і паданняў мясцовага петрыкаўскага фальклору. Таму лічу, што пакуль ёсць час і магчымасць, спадчыну трэба абавязкова захоўваць! І я вельмі рады, што «Зов» ужо стаў традыцыйным. Мы азначылі ўсе недахопы першага фэсту. Напрыклад, у 2010-м раёны Палесся імкнуліся паказаць ўсё-ўсё, і падвор’і чымсьці нагадвалі адно аднаго. Таму ў гэтым годзе рэгіёны «падзялілі» паміж сабой традыцыйныя промыслы і рамёствы. Кожны паспрабуе адлюстраваць свае асаблівасці ды запазычыць лепшае ў суседзяў. Выглядаць усё будзе як розныя залы аднаго музея. Будзе цікава і, упэўнены, — больш запамінальна.

— А калі б вам асабіста выдалася магчымасць вусна прадставіць свой раён, што б сказалі, чым бы пахваліліся?

— Проста сказаць, што гэта своеасаблівы раён, якому няма падобных, — гэта нічога не сказаць. Наша багацце — прырода і людзі. Асаблівасць жыхароў Петрыкаўшчыны — аседласць. Зразумела, моладзь ад’язджае, але не так актыўна і масава, як у іншых рэгіёнах. Да таго ж Петрыкаўшчыне пашчасціла — чарнобыльскае «воблака» нас амаль не закранула. На Гомельшчыне, дарэчы, толькі два районы, якія амаль не пацярпелі ад радыяцыі, — гэта Акцябрскі і Петрыкаўскі. У нас толькі ў адным населеным пункце радыяцыя — каля пяці кюры. У Старых Кацурах, што на мяжы з Мазырскім раёнам, дзе жыве чалавек пятнаццаць. Усе астатнія — 124 населеныя пункты раёна, на шчасце, чыстыя. І вось гэта таксама наша вялікае багацце.

— Якія існуюць планы па развіцці раёна ў будучым?

— За апошнія пяць гадоў столькі ўсяго запланавана, што, дай Бог, нам гэта выканаць. Напрыклад, толькі паводле Дзяржпраграмы Прыпяцкага Палесся, прынятай у 2010 годзе, — шмат мерапрыемстваў, вялікія інвестыцыі ва ўвесь Палескі рэгіён — 377 мільярдаў рублёў. Наша асноўная задача сёння — рэалізаваць тое, што ўжо пачата. А пачата нямала добрых мерапрыемстваў. Каб толькі іх пералічыць, спатрэбіцца асобны артыкул. Калі казаць пра найноўшыя этапы развіцця ў раёне, то гэта будаўніцтва калійнага камбіната. Як следства — велізарныя інвестыцыі ў рэгіён, прычым на працягу бліжэйшых пяці-дзесяці гадоў. Я ўпэўнены, што рэалізацыя гэтага праекта паслужыць штуршком для літаральна новага нараджэння Петрыкаўшчыны. Па-першае, павялічыцца колькасць насельніцтва. Па-другое, у раёне вырастуць сярэдні заробак і ўзровень жыцця, будуць развівацца ўсе галіны эканомікі і накірункі жыцця.

— Аляксандр Васільевіч, а што новага з’явілася за тыя два гады, што дзейнічае праграма?

— У эксплуатацыю ўведзены новыя малочна-таварныя фермы. Гэта дазволіла не толькі павялічыць аб’ёмы вытворчасці малака і мяса, але і стварыць камфортныя ўмовы для работы. Працягваецца рэканструкцыя камбікормавага завода. Значна палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база нашых бюджэтных арганізацый: закуплены аўтатранспарт для ўстаноў адукацыі і культуры, новае абсталяванне, адноўлены бібліятэчны фонд. Завершаны капітальны рамонт Курыціцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы, працягваецца рэканструкцыя сярэдней школы № 1 у Петрыкаве. У аграгарадку Ляскавічы пабудавана 17 жылых дамоў. На капітальным рамонце — Петрыкаўскі раённы і Кашэвіцкі сельскі дамы культуры. У цэлым за 2010—2011 гады рэлізавана больш чым палова запланаваных мерапрыемстваў — 49 з 86. І ўсё гэта — дзякуючы дзяржпраграме развіцця Прыпяцкага Палесся. Ну а «Зов Полесья», лічу, павінен зрабіць наш раён знакамітым. Стаць сапраўдным палескім брэндам.

Надзея БУТОВІЧ, «БН»

Фота  аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter